Тры дні на спартыўна-аздараўленчай базе “Галактыка” доўжыліся спаборніцтвы ў рамках 4-й спартакіяды сярод работнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму райгарвыканкамаў Міншчыны. Паспрачацца за званне лепшых сюды прыбылі больш за 200 чалавек. Апошняе слова і пераканаўчая перамога засталіся за “гаспадарамі поля” – камандай нашага раёна.
Спаборніцтвы ладзіліся па 10-і дысцыплінах – дартсе, настольным тэнісе, паркавым валейболе, кідках у баскетбольнае кальцо, скачках праз скакалку і з месца, набіванні футбольнага мяча, фігурным кіраванні веласіпедам, перацягванні каната і кіданні каменя.
У настольным тэнісе нашым спартсменам Дзмітрыю Ажарэльеву і Наталлі Міхнавец было прысуджана 2-е месца. “Золата” дасталося камандзе ў складзе Аляксея Міхнаўца, Паўла Хількевіча, Настассі Паталей і Наталлі Міхнавец – яны выступалі ў спаборніцтвах па паркавым валейболе. У скачках праз скакалку лепшымі сталі зноў-такі Аляксей Міхнавец і Настасся Паталей. Бронзавымі прызёрамі прадстаўнікі раённай каманды сталі ў кіданні каменя і скачках з месца.
Акрамя таго, што кожны з пераможцаў быў узнагароджаны медалямі, Ганаровымі граматамі і каштоўнымі прызамі, прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама святкавалі абсалютную перамогу і ў агульнакамандным заліку. Віншуем нашых спартсменаў!
Сяргей САДОЎСКІ
Фота прадастаўлена аддзелам адукацыі, спорту і
турызму райвыканкама