Самая родная на свеце

Культура

…Стомленае за дзень сонца, не бліскучае, але ўсё яшчэ гарачае і чырвонае, вісіць па-над садам. У Адамове, на шырокім нагрэтым ганку сядзім мы з братам і мама. Яна чытае нам “Бандароўну” Янкі Купалы: “Хараства такога ў свеце не было й не будзе, аб ёй людзі гаварылі, як аб нейкім цудзе…”

“Мама, яна была такой як ты?” – пытаемся мы. Бо мама ў нас самая прыгожая. Мама ўсміхаецца і кажа, што кожнаму дзіцяці яго маці найхарашэйшая. Мы смяёмся і не пагаджаемся, бо ніхто з вясковых жанчын не апрануты так, як наша мама, ні ў каго няма такіх лагодных чорных вачэй, ніхто не ўмее іграць на піяніна і спяваць так, што заслухаешся. З гадамі ўпэўненасць у тым, што мама ў нас выключная ва ўсіх адносінах, толькі пацвярджалася.

Наша мама, Марыя Іосіфаўна, нарадзілася ў сялянскай сям’і Гаўрысаў з вёскі Навасёлкі Вішнеўскага сельсавета. Людзі гэта былі простыя, неадукаваныя, але да канца сваіх дзён заставаліся для нас узорам выхаванасці і мудрасці. Дзядуля, Іосіф Іванавіч, – вядомы на ўсю акругу жартаўнік. Афарызмы дзеда Юзюка і сёння “гуляюць” па Валожыншчыне. Яго гаворка, мілагучная і заўсёды трохі іранічная, лілася лёгка і вельмі пявуча. Ужо будучы амаль дарослай, я даведалася, што дзед не ўмеў вымаўляць літару “Р”, саромеўся гэтага і навучыўся абыходзіцца без слоў з цяжкім для яго гукам. Колькі разоў мы з братам спрабавалі паўтарыць дзедаву манеру гаворкі! Але пратрымацца доўга не маглі. Помнім, што дзядуля не казаў “раніцай кароў пасвіць”, а “ўстаўшы скаціну ў поле гнаць”, замест “пайду па грыбы” – “схаджу ў лес, можа які чашчавік ці лісічку падыму”. І такім чынам дзедаву “загану” ні адзін субяседнік распазнаць не мог.

Бабуля, Браніслава Антонаўна, родам з вёскі Бомбалы, была маладзейшай за дзеда на дзевяць гадоў. Яна рана засталася сіратой, з малых гадоў навучылася цярпенню і разважнасці. Спявала вельмі хораша. Асабліва любіла пець у касцёле. Яе голас і стыль выканання не зусім адпавядалі народным спевам. Яна не ўхваляла гучную, крыклівую манеру ні ў песні, ні ў гаворцы, ні падчас смеху. Эталонам для яе былі людзі сціплыя, нетаропкія, прыветлівыя і нязлосныя. Менавіта яна найбольш дбала, каб дзеці і ўнукі верылі ў Бога, умелі маліцца. Рабіла гэта без насілля і прымусу. Дзякуючы ёй, рэлігія для нас, унукаў, назаўсёды стала нечым светлым, добрым, запатрабаваным. Бабуля, не могучы наведаць касцёл па прычыне нашай наяўнасці, у нядзельную раніцу старалася адгаварыць ружанец. Яна спачатку кленчыла перад абразамі, потым малілася, абапіраючыся локцямі на стол. Мы залазілі з братам “конна” ёй на спіну, бо ведалі, што бабуля ў час гутаркі з Богам не будзе на нас сварыцца…

Праўду кажуць, што да ўнукаў адносіны іншыя, чым да дзяцей. Маме і яе брату Баляславу такія выхадкі ў дзяцінстве наўрад ці сышлі б з рук. Іх выхоўвалі строга, без патакання і досыць кансерватыўна. Радыё Болясь хоча? Абыдзецца. І Болясь сам змайстраваў яго. Потым яшчэ і струнныя музычныя інструменты прылаўчыўся вырабляць. Мама на слых вучылася на іх іграць, і вельмі ёй хацелася ўзяць у рукі сапраўдную скрыпку ці гармонік. Але бацькі лічылі, што дзяўчыне трэба не пра музыку думаць, а як нітку на кроснах выводзіць.

Калі да сямнаццацігадовай Мані пасватаўся хлопец з суседняй  вёскі, то вырашылі аддаць, бо жаніх трапіўся заможны, сур’ёзны. Тое, што маладая нявеста пра шлюб і думаць не хоча, да ўвагі не бралася. Насупленая, раўнадушная да таго, пасуе ёй вясельная сукенка ці не, Маня слупам стаяла і ні на што не рэагавала. На парозе да сельсавета яна ўстрапянулася ды так ірванула прэч ад усіх, што толькі яе і бачылі…

Пасля гэтага факта непадпарадкавання бацькоўскай волі наша мама пачала сама дбаць пра сваю будучыню. Спачатку паступіла ў вячэрнюю школу, каб атрымаць сярэднюю адукацыю, паралельна хадзіла на курсы баяністаў. Матэрыяльнай дапамогі з дому амаль не атрымлівала, галадала так, што, калі здаралася нешта з’есці, пакутавала ад болю ў страўніку. Музычная грамата давалася ёй лёгка. Неяк прыехала дадому з баянам і зайграла… Тут нават суровыя бацькі коратка пагадзіліся: “Файна!”

Марыю Гаўрыс паставілі загадваць Навасёлкаўскім клубам. Іх агітбрыгаду горача сустракалі і на вясковых палетках, і ў іншых сельскіх клубах, і на галоўнай сцэне раёна. Значна пазней любы хор, якім кіравала Марыя Іосіфаўна, абавязкова станавіўся пераможцам розных конкурсаў. Ужо выйшаўшы замуж за нашага тату, маладога агранома Вячаслава Трапашку, мама завочна закончыла дырыжорска-вакальнае аддзяленне Маладзечанскага музычнага вучылішча. Аднакурснікам яна запомнілася тым, што з ёй вельмі лёгка было спяваць шматгалоссе – яна на хаду падбірала падгалоскі ў тэрцыю, кварту ці квінту. Пазней, калі асвоіла фартэпіяна і іншыя інструменты, на слых падстройвалася пад танальнасць спевакоў. Гэта ўменне аказалася вельмі запатрабаваным менавіта ў касцёле, дзе арганісту часам патрэбна зайграць не па нотах, а “ісці” ўслед за выканаўцамі.

У 1970 годзе я пайшла ў першы клас, а мама паступіла на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. І хоць з музыкай яна не развіталася, але адчувалася, што ў яе жыцці з’явілася новае захапленне – мова і літаратура. Трэба сказаць, што беларуская гаворка заўсёды гучала ў нашай сям’і, а тут, калі мама раскрыла для сябе ўсю прыгажосць і моц роднага слова, яна стала яго верным абаронцам і прыхільнікам. Пакрысе і сама пачала пісаць. Спачатку артыкулы ў мясцовую газету, потым вершы “для душы”.

Дыплом абараняла па творчасці Ніла Гілевіча. Яны сябравалі. Апошні раз мама бачыла паэта за пару месяцаў да яго зыходу. Разам з Галінай Дземідовіч, вернай паплечніцай па касцельных спевах, яны гасцілі ў Ніла Сямёнавіча. Чыталі яго вершы, якіх і мама, і Галіна ведаюць бясконца многа, што мяне заўсёды здзіўляла і ўражвала: без прымусу, калі не кожны тыдзень, то штомесяц пэўна яны вучаць на памяць цэлыя старонкі…

Тут варта сказаць некалькі слоў і пра Галіну Дземідовіч. Аб гэтай жанчыне яскрава гаворыць такі факт: яна, працуючы жывёлаводам сельгаспрадпрыемства “Адамова-агра”, чытае (ды як!) на памяць усю прадмову Францішка Багушэвіча да зборніка “Дудка беларуская”. Ці шмат хто з настаўнікаў беларускай мовы можа пахваліцца падобным веданнем?

Цікавым у лёсе мамы магу назваць і такі факт: у гады атэізму ў яе, настаўніцы музыкі і беларускай мовы ў школе-інтэрнаце, была мянушка “Святая”. Чаму? Яна не магла растлумачыць, бо прыходзілася, і не раз, павышаць голас, караць неслухаў дрэннай адзнакай, “прапясочваць” на класнай гадзіне і выклікаць бацькоў у школу. Той, хто вучыўся ў Марыі Іосіфаўны, пагодзіцца, што яе ўрокі спеваў былі такім жа сур’ёзным прадметам, як матэматыка ці гісторыя, патрабавалі падрыхтоўкі і дысцыпліны. Мама першая ў Беларусі асвоіла праграму Д. Б. Кабалеўскага па выкладанні музыкі дзецям.

Калі ў адносінах да рэлігіі ўлады змянілі гнеў на міласць, мама пачала вучыць дзяцей-сірот касцельным песням, наведваць Імшу. Са сваімі выхаванцамі выступала на песенным хрысціянскім фестывалі “Магутны Божа”, потым – у Германіі. З-за мяжы прывезла невялічкі электрычны арган. На ім пачалі нараджацца адна за другой песні, музыку і словы да якіх яна пісала сама. Песні атрымліваліся сапраўдныя. Падчас тэлевізійных святочных службаў з Мінска на Каляды вось ужо каторы год гучыць яе “Не спі, абудзіся!..”, а ў Лондане гадоў пятнаццаць назад, дзякуючы старанням Гая дэ Пікарды (прах якога, дарэчы, пакоіцца ў сцяне Чырвонага касцёла ў Мінску), выйшаў цэлы зборнік з песнямі М. І. Трапашкі.

Памятаю, як яна ночы напралёт на старэнькай машынцы “Зінгер”, падоранай ксяндзом Уладзіславам Чарняўскім, друкавала песні, каб раздаваць людзям, каб яны маглі спяваць на Імшы. Хтосьці паважна ставіўся да тых лісткоў, хапала і такіх, хто не мог ацаніць чужой працы і выкідаў лісткі на сметнік. Але з часам у Вішнеўскім касцёле склалася добрае ядро аматараў новых песень і гімнаў.

Калі мама пайшла на пенсію, то ў касцёле знайшла магчымасць праявіць сябе як арганіст, выканаўца і змагар за беларускае слова ў размове з Богам. Ноша гэта нялёгкая. Ёй, адукаванаму філолагу і музыканту, памылкі ў тэкстах ці спевах дастаўляюць вялікія пакуты, нярэдка даводзіцца даказваць сваю правату. Хтосьці прыслухоўваецца, іншыя адмахваюцца. Маўляў, як ёсць, хай так і будзе…

Магчыма, дзякуючы Найвышэйшай апецы, мама на восьмым дзясятку гадоў ажыццявіла сваю мару – выпусціла да 100-годдзя з дня нараджэння ксяндза Уладзіслава Чарняўскага зборнік парафіяльных песень. Купіла камп’ютар, пачала асвойваць яго самастойна. Нават мы, дзеці і ўнукі, не верылі, што нешта з гэтай задумкі атрымаецца. На некаторыя маміны пытанні адказвалі, а часам і адмахваліся ад просьбаў дапамагчы… А яна навучылася ўсяму: набіраць тэксты, устаўляць у іх ноты і фатаграфіі, вярстаць старонкі, каб былі цалкам гатовыя да друку. Першы тыраж кнігі разышоўся за месяц, а жадаючых яе набыць усё яшчэ хапала. Тэрмінова патрабаваўся другі тыраж, які і выйшаў праз тры месяцы пасля першага.

Потым свет пабачыў зборнік хрысціянскіх песень на словы Віталя Кунашкі “Дакраніся да неба”. Гэты цікавы аўтар – ураджэнец Вішнеўшчыны – піша па-беларуску, у асноўным на рэлігійныя тэмы і з’яўляецца прыхільнікам пратэстанцкага веравызнання. Песні на словы Ніла Гілевіча і Мар’яна Дуксы, Эдзі Агняцвет і Ларысы Геніюш, а таксама колішняй настаўніцы няроўскай васьмігодкі Фаіны Драгун, ураджэнкі Аўгустова Лідзіі Гардынец, Галіны Дземідовіч з Савічоў, Валянціны Гіруць-Русакевіч увайшлі ў кнігу “Надзеі прамень”.

…Ну, хіба мы з братам у дзяцінстве памыляліся, калі лічылі маму выключнай?

Алена ЗБІРЭНКА

На фатаграфіі: Марыя Іосіфаўна ТРАПАШКА ў той час, калі чытала сваім дзецям «Бандароўну»



Добавить комментарий