Да Дня маці

Общество

12 кастрычніка, напярэдадні Дня маці ў Мінскім аблвыканкаме адбылося ўрачыстае ўручэнне 28 жанчынам з Мінскай вобласці, якія нарадзілі і годна выхоўваюць пяць і больш дзяцей, ордэна Маці.

Сярод удастоеных гэтай узнагароды прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва – жыхарка а. г. Ракаў Наталля Мікалаеўна ГУРЫНА. У яе сям’і шасцёра дзяцей: 5 дачок і сын. Трох дзяўчынак бацькі ўдачарылі, ніколі не праводзілі мяжу паміж роднымі і прыёмнымі, да ўсіх адносіліся з любоўю і разуменнем. Гадавалася тут яшчэ і дзяўчынка Валя. Яна даўно ўжо дарослая, але пастаянна наведвае сям’ю, якая стала для яе роднай.

Эльвіра, Піліп, Дзіна, Наташа, Кацюша і Насценька вельмі ўзрадаваліся, калі даведаліся, якой высокай узнагароды ўдастоілася іх маці. Яны ўдзячны ёй за любоў, клопат і пяшчоту і ўпэўнены, што тая вартая асаблівай павагі.

На цырымоніі Наталлю Мікалаеўну суправаджалі тры дачушкі. Яны разам падрыхтавалі песню і выканалі яе на канцэрце, які адбыўся пасля ўрачыстай часткі. Для ўзнагароджаных жанчын крыху пазней была арганізавана экскурсія ў Нацыянальную бібліятэку. Акрыленая ўвагай, стомленая і шчаслівая Н. М. Гурына вярнулася дамоў. Не перадаць хвалявання, якое перапаўняла дзяцей, калі тыя глядзелі на любімую матулю і самі на сябе па тэлевізары.

На здымку: Наталля Мікалаеўна са сваёй старэйшай дачкой Эльвірай, якая вучыцца на 4-м курсе медуніверсітэта.

Анжэла РАДЫНА



Добавить комментарий