Урок з кiтайскiм акцэнтам

Официально

Навучыць школьнікаў кітайскай мове – такую амбіцыйную задачу рэалізуюць у валожынскай гімназіі № 1.

Выкладаць мову Усходняй Азіі, пераадолеўшы амаль 7 тысяч кіламетраў, у Валожын з Кітайскай Народнай Рэспублікі прыехаў настаўнік-валанцёр Янь Лю. Ён скончыў Інстытут Хуэйхуа Хэбэйскага педагагічнага ўніверсітэта са спецыяльнасцю “Руская мова”. За права паўдзельнічаць у міжнароднай адукацыйнай праграме малады выкладчык вытрымаў строгі конкурсны адбор у Галоўным упраўленні Інстытутаў Канфуцыя ў Пекіне.

Нягледзячы на тое, што кітайская мова занесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса як адна з самых складаных у свеце, Янь Лю запэўнівае – вывучыць яе зможа кожны. Была б толькі матывацыя.

Лінгвістычны эксперымент стаў магчымым дзякуючы дагавору, які заключаны паміж Інстытутам Канфуцыя Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта і аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Заняткі пачаліся сёлета з верасня. Асвойваць мову, на якой размаўляюць больш за 1,3 млрд людзей, пажадалі 110 валожынскіх дзяцей. Гэта вучні 4-7 класаў. Факультатыў кітайскай мовы – міжшкольны. На ўрокі да Янь Лю, апроч гімназістаў, прыходзяць вучні СШ № 1 і СШ № 2 райцэнтра. Займаюцца групамі. Настаўнік з Паднябеснай працуе ў гімназіі з панядзелка па пятніцу. Кожны школьнік мае ўнікальную магчымасць два разы на тыдзень па 45 хвілін слухаць жывую кітайскую гаворку, вывучаць іерогліфы і размаўляць з носьбітам замежнай мовы.

Гуманітарная місія Янь Лю прадоўжыцца ў Валожыне да ліпеня 2017 года. Затым настаўнік-валанцёр вернецца на радзіму. Але, паводле дагавора з Інстытутам Канфуцыя, у новым школьным годзе з-за Цянь-Шаньскіх гор у райцэнтр прыедзе іншы педагог-кітаец. Навучанне замежнай мове працягнецца.

Такім чынам, перад заканчэннем школы дзеці будуць валодаць кітайскай мовай на базавым узроўні. Набытыя веды адкрыюць шырокія перспектывы. Удасканаліўшы мову, можна зрабіць добрую кар’еру. Мова Паднябеснай зараз запатрабавана не менш за англійскую. Яна не толькі афіцыйная мова КНР, Тайваня і Сінгапура, але таксама адна з шасці афіцыйных і рабочых моў ААН. Паміж нашай краінай і партнёрамі з Кітая наладжана цеснае супрацоўніцтва, рэалізуецца мноства эканамічных і культурных праектаў. Запатрабаванасць у граматных спецыялістах узрасла.

Кітайскіх іерогліфаў больш за 80 тысяч. Аднак Янь Лю заўважыў: дастаткова ведаць толькі 3 тысячы з іх, і вы зможаце свабодна чытаць кітайскую прэсу. Да таго ж зараз замежніку стала лягчэй вывучыць мову Канфуцыя. Кітайцы адыходзяць ад традыцыйнага пісьма зверху ўніз, дзе слупкі ідуць справа налева. У сучаснай КНР часцей пішуць, як у Еўропе – гарызантальна і злева направа. Так лягчэй пазбегнуць лінгвістычнай блытаніны.

На ўроках у Янь Лю не засумуеш. Настаўнік вельмі энергічны, быццам птушка, “пырхае” па класе, дадаючы навучальнаму працэсу дынамікі. Імкнецца ўсіх вучняў далучыць да дыялога. Выкарыстоўвае відэапрэзентацыі. Дзеці завучваюць стандартныя фразы, найбольш ужывальныя словы.

Янь Лю – дружалюбны настаўнік. Правільныя адказы вучняў нязменна суправаджае пазітыўнымі словамі-ацэнкамі “выдатна”, “вельмі добра”. Заахвочвае дзяцей канцылярскімі прыладамі, а таксама карункавымі папяровымі выразкамі, рознакаляровымі жураўлікамі ў тэхніцы арыгамі, якія стварае ў вольны час, успамінаючы сваю радзіму.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий