Далучылiся да азелянення

Общество

На Міншчыне праходзіць акцыя “Узновім лес разам”. На лесасекі выйшлі супрацоўнікі лясгасаў, якія разам з дабравольнымі памочнікамі высадзяць маладыя сосны і елкі на тэрыторыі ў 4 тысячы гектараў.

Усяго падчас летняга ўрагану ў цэнтральным рэгіёне пашкоджана 11 гектараў лесу. Трэцюю частку плошчаў плануецца ўзнавіць яшчэ да пачатку зімы, астатняя будзе засаджана маладымі дрэўцамі вясной.

Актыўная работа па расчыстцы буралому і пасадцы лесу праводзіцца ў нашым раёне. На мінулым тыдні на лесасеку, што ля вёскі Буні, адправіўся атрад валанцёраў, каб пасадзіць лес на тэрыторыі ў 1,5 гектара. Дабравольцамі аказаліся прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў “БРСМ”, “Белая Русь”, працоўных калектываў РА МНС, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, РЦК, рэдакцыі раённай газеты, ФАЦ “Надзея”, Валожынскага сельвыканкама, лідары прафсаюзнага руху. Каардынацыю работы групы энтузіястаў узяў на сябе Валожынскі лясгас.

Вось што паведаміла памочнік ляснічага Валожынскага лясніцтва Анастасія Юр’еўна Сасноўская: “Мы пасадзілі саджанцы-двухгодкі, якія дастаўлены з гадавальніка, што ў вёсцы Дворышча. Вырошчванне дрэў – працэс працаёмкі і марудны. Пачынаецца ўсё са збору пасадачнага матэрыялу. Аб гэтым клапоцяцца лесаводы ў асенне-зімовы перыяд. Пасля проб якасці насенне высяваецца ў “школку” (спецыяльнае поле). Тут сеянцы растуць два гады. Пасля праводзіцца перасадка, і на працягу яшчэ двух гадоў вырастаюць саджанцы, якімі праводзіцца пасадка лясных палос. Каб дрэўца дарасло да двух метраў, павінна прайсці не менш за пяць-сем гадоў. Толькі тады пасадку можна лічыць сапраўдным лесам. На працягу ўсяго гэтага часу за маладняком ажыццяўляецца пастаянны клопат – скошваецца трава, праводзіцца неабходная рубка і іншае. Мы, спецыялісты лясной гаспадаркі, цэнім любую дапамогу, якую аказваюць нам не раўнадушныя да экалагічных праблем людзі. Адзначу, што ініцыятарам сённяшняй зялёнай акцыі выступіў раённы каардынацыйны савет грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый. Хачу запрасіць прадстаўнікоў працоўных калектываў арганізацый раёна далучыцца да карыснай ініцыятывы. Узнавіць лес не проста магчыма, але і неабходна. Давайце зробім гэта разам!”

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий