З пяшчотай да кожнай матулi

Общество

Сёлетні Дзень маці ў Валожыне памятным застанецца для многіх, бо выдаўся багатым на падзеі.

Спачатку пра афіцыйнае. Так здарылася, што некалькі месяцаў раённае аддзяленне ГА “Беларускі саюз жанчын” заставалася без старшыні. Між тым арганізацыя, куды ўваходзяць жанчыны з актыўнай грамадскай пазіцыяй, дзейнасці не спыняла, удзельнічала ў самых важных падзеях і мерапрыемствах, працавала, як кажуць, у штатным рэжыме. Але час выбраць кіраўніка падаспеў. 14 кастрычніка члены Беларускага саюза жанчын сабраліся ў актавай зале райвыканкама. У цэнтры іх увагі аказаліся выбары старшыні.

Працэдура, гаворачы дыпламатычнай мовай, прайшла ў атмасферы сяброўства і ўзаемаразумення, але адначасова і п18-10-5а законах жаночай логікі. Рашэнні па колькасці членаў праўлення, потым па кандыдатуры старшыні прымаліся, скасоўваліся, дапаўняліся. Адчувалася, што раўнадушных у зале не было, што ўсё рабілася дзеля поспеху агульнай справы. У выніку членамі праўлення абраны 11 жанчын: начальнік раённага аддзялення ФСАН М. Л. Калітнік, галоўны спецыяліст аддзела занятасці С. Л. Ракавец, старшыня Івянецкага гарпасялковага выканкама Т. Я. Ліпніцкая, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў В. В. Загорская, дырэктар ТЦСАН Г. Ф. Рай, бухгалтар філіяла ДП “Мінаблпаліва” Т. В. Ляшкевіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Н. А. Чарнышова, кіраўнік літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” В. Ф. Гіруць-Русакевіч, дырэктар філіяла УП “Кінавідэапракат” Л. А. Махніцкая, начальнік раённага вузла сувязі М. А. Іода, загадчыца аддзела ЗАГС Т. У. Яныш. Гонар заняць пасаду старшыні выпаў дырэктару тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіне Фадзееўне Рай.

У 16.00 раённы Цэнтр культуры запрасіў усіх віноўніц урачыстасці, іх родных і блізкіх, а таксама афіцыйных асоб на святочны канцэрт. З вітальным словам выступіў намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік. У раёне, як і ва ўсёй нашай дзяржаве, да жанчыны-маці ставяцца з асаблівай увагай і клопатам. Зараз на Валожыншчыне налічваецца 499 шматдзетных сямей, 86 матуль узнагароджаны ордэнам Маці. Ахова здароўя, сацыяльная падтрымка,  даступнасць адукацыі – вось тыя тры “кіты”, на якіх будуецца дабрабыт нашых сем’яў, будучыня падрастаючага пакалення. А ўсё духоўнае, добрае, чалавечнае ідзе ад маці. І роля жанчыны ў грамадстве незаменная…

Ад душы павіншавала жанчын Т. У. Яныш, якая стаяла ля вытокаў стварэння ў раёне Беларускага саюза жанчын, была яго першым старшынёй.18-10-6

Канцэрт пачаўся на хвалюючай ноце. Пра маці можна гаварыць бясконца шчыра і хораша, а ўсё будзе падавацца, што нешта не дасказаў. І толькі паэту найбольш удаецца падняць такую ношу. Што і даказала кіраўнік літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валянціна Францаўна Гіруць-Русакевіч. Яе вершаваны сцэнарый крануў да глыбіні душы, а вядучыя – галоўны спецыяліст аддзела культуры, ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Ганна Канановіч і намеснік рэдактара нашай газеты Сяргей Садоўскі – змаглі ў поўнай меры данесці прыгажосць гэтай паэзіі і зарадзіць пазітывам усіх гледачоў.

Парадавалі і артысты. Слухаеш выступленне нашых работнікаў культуры і пераконваешся, што такіх майстроў сцэны яшчэ пашукаць трэба! Некаторых выканаўцаў зала нават адпускаць не хацела, настолькі яны прыйшліся ўсім даспадобы.

Будучы шматдзетнай маці і ўжо “шматдзетнай” бабуляй, кожнае слова, што гучала ў той дзень, я прымала і на асабісты рахунак. Сэрца напаўняла радасць: мне таксама ёсць чым ганарыцца…

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий