Валожынскі абрад – на “пяцёрку”

Общество

Штогод у нашай краіне рэгіструецца звыш 70 тысяч шлюбаў, больш за 20 тысяч народзін. У 2009 годзе праведзена звыш тысячы “залатых” і 760 “сярэбраных” вясельных юбілеяў. Прапаганда сямейных каштоўнасцей і традыцый, умацаванне аўтарытэту сям’і пастаянна знаходзяцца ў полі зроку Міністэрства юстыцыі. Сёлета ўпершыню быў праведзены рэспубліканскі агляд-конкурс прафесіянальнага майстэрства работнікаў ЗАГС.

Мэта конкурсу – удасканальванне прафесіянальнага майстэрства пры правядзенні ўрачыстасцей. Улічвалася і тое, што, акрамя неабходных юрыдычных ведаў, работнікі павінны валодаць і артыстычнымі навыкамі, ведаць нацыянальныя абрады і звычаі, гісторыю свайго краю. Першы этап прайшоў ва ўсіх абласцях і Мінску, па яго выніках 24 абрады лепшых спецыялістаў былі прадстаўлены ў конкурсную камісію Міністэрства юстыцыі для ўдзелу ў фінале. Спецыялісты аддзелаў ЗАГС дэманстравалі майстэрства ў трох намінацыях: “Лепшы вядучы па правядзенню ўрачыстага абраду – рэгістрацыя заключэння шлюбу”, “Лепшы вядучы па правядзенню ўрачыстага абраду – рэгістрацыя нараджэння”, “Лепшы вядучы па правядзенню юбілейнай урачыстасці”. На фінішнай прамой камісія вызначыла па аднаму пераможцу ў кожнай намінацыі.

Лепшай вядучай па рэгістрацыі заключэння шлюбу прызнана начальнік аддзела ЗАГС Валожынскага райвыканкама Тамара Уладзіміраўна Яныш. Ёй уручана Ганаровая грамата Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Непасрэдна цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў і дыпламантаў рэспубліканскага конкурсу прайшла ў снежні ў адміністрацыі Кастрычніцкага раёна сталіцы.

Наталля ШТЭЙНЕР.



Добавить комментарий