Iсцi сваёй дарогай

Общество

Назва часопіса “Сям’я і школа” ідэальна падыходзіць для характарыстык сённяшняга героя рубрыкі – настаўніка фізічнай культуры Івянецкай СШ Генадзя Альфонсавіча ЖАЛТКА. Сёлета спаўняецца 25 гадоў яго педагагічнаму стажу, ён выхаваў не адну плеяду юных спартсменаў, мае вышэйшую катэгорыю, удзельнічаў у раённым этапе конкурсу прафесіянальнага майстэрства “Настаўнік года”.

Па яго ініцыятыве ў Івянцы адрадзіліся спаборніцтвы па баскетболе на кубак Дзяржынскага. У будучым годзе адзначыць 15-гадовы юбілей міжрэгіянальны баскетбольны турнір “Крыніца”. Напачатку ў ім удзельнічалі каманды з ваколіц Налібоцкай пушчы: Дзераўнога, Стоўбцаў. Зараз далучыліся яшчэ і баскетбалісты з Мінска і вобласці, каманда з Кобрына, Брэсцкай вобласці, спартсмены з Валожына. З лёгкай рукі Г. А. Жалтка ў івянцы традыцыйнымі сталі спартыўныя баталіі паміж прадпрыемствамі, вуліцамі, сем’ямі. Тры гады запар івянецкая школа перамагае ў раённай дзіцячай спартакіядзе, сёлета занялі 1-е месца ў рэспубліканскай “Шкаліядзе”. А яшчэ Генадзь Альфонсавіч шматдзетны бацька і выдатны сем’янін.

– Генадзь Альфонсавіч, з галоўнымі мужчынскімі задачамі – пабудаваць дом, выгадаваць сына і пасадзіць дрэва – Вы справіліся?

– Нават перавыканаў план. У мяне двое сыноў, Назар і Нікадзім. Старэйшы ўжо студэнт 2-га курса, малодшы ходзіць у пяты клас. Ёсць і дзве дачушкі, Кацярына і Аэліта. Каця вучыцца ў БДУ, а меншая дзяўчынка сёлета пайшла ў школу. Планую сваіх дзяцей абавязкова забяспечыць жыллём. Па вуліцы Лясной у Івянцы ёсць участак, дзе будуем дом для старэйшага сына. Спадзяюся, калі яму прыйдзе час жаніцца, то будзе куды прывесці жонку. А сад, які пасадзіў калісьці, кожны год радуе багатым ураджаем. Расце там усё, што толькі можа прыжыцца, у тым ліку персікі і абрыкосы. Апошнія гады часцей садзім дэкаратыўныя культуры.

– Вы кампанейскі чалавек?

– Што такое адзінота, я не ведаю. Адзін не бываю ні на рабоце, ні дома, ні падчас адпачынку. У мяне безліч сяброў і добрых знаёмых. Калі б лёс выпадкова закінуў у любы куток Беларусі, то, упэўнены, абавязкова меў бы ў каго пераначаваць ці папрасіць якой дапамогі.

– У экстрэмальныя сітуацыі часта трапляць даводзілася?

– З самым вялікім экстрымам сутыкнуўся ў васямнаццаць гадоў, калі з аднакурснікамі пабываў у анатамічным музеі медыцынскага інстытута. Тое, што там пабачыў, уразіла, і я адчуў, што нічым іншым мяне жыццё ўжо не напалохае. Калі прызвалі ў армію, то прасіў адправіць у якую-небудзь “гарачую” кропку. Але ваенкам сказаў: “Ты патрэбен маме жывым!” – і накіраваў служыць у ваенна-паветраныя сілы ў Падмаскоўі.

Мужчына не мае права баяцца. Асабліва калі гэта датычыцца тваёй сям’і. Ты павінен гарой стаяць за яе, аддаваць ёй сябе без астатку і аберагаць з усіх сіл. Я першы ў раёне муж і бацька, які пажадаў прысутнічаць пры нараджэнні дзяцей. Кожнаму свайму дзіцяці сам пераразаў пупавіну, мае рукі – першае, што адчулі на гэтым свеце мае дзеці. Прыняўшы нованароджанага, асабліва адчуваеш да яго любоў, хочаш быць для яго самым дужым, ласкавым і надзейным.

– Вы шмат падарожнічалі?

– Падчас вучобы ў інстытуце фізкультуры я кожнае лета працаваў сцюартам у грамадзянскай авіяцыі. Так што паспеў пабываць ва ўсіх буйных гарадах былога Савецкага Саюза, ад Сахаліна да Калінінграда, ад Мурманска да Самарканда. З вышыні птушынага палёту бачыў Байкал. Цікава, што на карце гэта возера выглядае невялікім і вузкім. На самай жа справе, калі над ім пралятаеш, то берагоў не відаць, скрозь бясконцая вада, як над морам ці акіянам.

– Давайце звернемся да прафесіі. Наколькі яна адпавядае Вашым запатрабаванням?

– Яшчэ ў дзяцінстве любіў ладзіць камандныя гульні, розныя спаборніцтвы. Таму і выбраў такую прафесію. Сваю работу лічу патрэбнай людзям і вельмі цікавай. Гады ляцяць хутка, і вось ужо з задавальненнем бачу, што колішнія мае вучні, якім у свой час стараўся прывіць любоў да спорту, ахвотна наведваюць трэнажорную залу, удзельнічаюць у спартакіядах тыпу “Мама, тата, я – спартыўная сям’я”. Падраслі іх дзеці і таксама сябруюць з фізічнай культурай. Стала добрай традыцыяй праводзіць у Івянцы аматарскія валейбольныя турніры, на якія прыязджаюць спартсмены з усёй Беларусі. Зацікаўленасць пачалі выказваць нават замежныя госці. Мерапрыемства праходзіць у апошнюю нядзелю красавіка. Людзей збіраецца да дзвюх соцень. Мая жонка Таццяна тушыць для іх бульбу з грыбамі, варыць юшку. На што толькі не пойдзеш, каб зацікавіць сваёй справай!

Калі ўсё добра прадумаць і арганізаваць, спорт можа прыносіць і матэрыяльную выгаду. Тыя дарослыя, хто наведваецца ў івянецкую школу, каб падтрымліваць добрую фізічную форму, робяць гэта на платнай аснове. За выручаныя сродкі набываецца для вучняў спартыўны інвентар. Ды і дзеці, калі бачаць, што бацькі сур’ёзна ставяцца да спорту, імкнуцца дабівацца лепшых вынікаў. Мой сын Нікадзім летась у складзе абласной каманды стаў чэмпіёнам рэспублікі па лёгкай атлетыцы. Івянецкія школьнікі з кожным годам усё больш паспяхова выступаюць на розных спаборніцтвах. Набірае папулярнасць гандбол. Да яго падцягнуліся ўжо школьнікі з Пяршаяў і Суднікаў. Радуе мяне і актыўнасць членаў клуба ветэранаў спорту Івянца. Адзін год нас нават па БТ паказвалі, калі мы на Вадохрышча, у люты мароз, ладзілі купанне ў проламцы.

– Што параіце тым, хто хацеў бы далучыцца да “маржоў”?

– Пачынайце з загартоўкі. Мае дзеці, напрыклад, з вясны да позняй восені ходзяць босыя нават у лес. Не злоўжываем лекамі. Калі ў каго з дзяцей назіраем першыя прыкметы прастуды, то прымушаем прапаласкаць горла пропалісам. Звычайна на гэтым хвароба і заканчваецца.

– Вам пашанцавала з калегамі?

– У нашай школе вельмі спрыяльная і дабрадушная атмасфера. Праблем стараемся не дапускаць, а калі і ўзнікае якое пытанне, то яно рашаецца імгненна. Узаемавыручка існуе і сярод нас, настаўнікаў фізкультуры. Мы, як тыя мушкецёры: “Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”. І гэта не толькі па рабоце, але і ў прыватным жыцці.

– Вы ўмееце ствараць сабе камфортныя ўмовы?

– Умею рабіць усё: класці падлогі, электраправодку, водаправод, тынкаваць і шмат чаго іншага. Дома пра камфорт клапоціцца жонка Таццяна. Яна адмысловая хатняя гаспадыня і выхавацель. Дзецям нічога не забаранялася, але слова “нельга” яны разумелі. Імкнёмся развіваць у дзецях прыродныя задаткі. Кацярыну, напрыклад, вазілі ў Маладзечна на заняткі па вакале. Яна потым абараняла гонар Маладзечанскага раёна на фестывалі “Адна зямля”. Прытрымліваемся традыцыі святкаваць з тортам і сюрпрызамі дні нараджэння дзяцей. У нашым доме вясёлая і добразычлівая атмасфера. Зімой, калі надыходзіць час калоць кабаноў, на стол падаецца самая любімая страва нашай сям’і – смажаная свежаніна з блінамі і квашанай капустай. Кожны год мы ўсе разам абавязкова выпраўляемся ў трохдзённыя турыстычныя паходы. Вось там кухарыць пачынаю я і сыны. Дзяўчатам даём магчымасць адпачыць ад каструль. А наогул упэўнены, што мы з маёй Таццянай камфорт забяспечылі б сабе пры любых абставінах. Мне пашанцавала з ёй. Дзяцей выхоўваем у паслухмянасці, а між сабой сварак і скандалаў не дапускаем.

– Можа падзеліцеся сакрэтам сямейнага шчасця?

– Не трэба звяртаць увагі на дробязі. Калі і ўзнікла якое непаразуменне, то не варта тут жа высвятляць адносіны. Лепш нічога не прадпрымаць. Магчыма, праз дзень-другі вы не ўспомніце, у чым там была загвоздка. Не прыніжайце адзін аднаго недаверам, захоўвайце тыя клятвы, што давалі перад алтаром. Заўсёды памятайце, што дзеці не толькі чуюць сваркі, але і вучацца быць такімі ж, як і вы. Ні крыкам, ні злосцю нічога не пабудуеш. Праблем можна і трэба пазбягаць. Цяпер людзі часта скардзяцца на недахоп грошай. Сядзяць, ныюць. Бяры лапату і капай, садзі агарод, прадавай ураджай, збірай грыбы і ягады. Зарабляй!

– З такім падыходам да жыцця Вы нарадзіліся ці набылі яго з вопытам?

– Усе мае дзяды-прадзеды жылі ў Івянцы ці Пагарэлцы. Шмат працавалі і таму былі заможнымі, мелі ўсю патрэбную для работы на зямлі сельскагаспадарчую тэхніку: сеялкі, малатарню, сячкарню, млын, арфу (прыбор для ачысткі зерня), трымалі некалькі коней. Маці і бацька – таксама людзі працавітыя, такімі яны выхавалі і нас, траіх сыноў. Старэйшыя браты лёс звязалі з авіяцыяй – адзін з грамадзянскай, другі з ваеннай. А я рашыў застацца пры бацьках. Праўда, авіяцыя і мяне, як бачыце, закранула.

– Дык можа і падсобную гаспадарку трымаць Вы не супраць?

– Пакуль што развярнуцца ў гэтым напрамку не плануем. Па просьбе Кацярыны купілі казу Журачку. Гэта была любіміца ўсёй сям’і, такая ручная і смешная. У нас заўсёды жывуць сабакі. З самым першым, пароды колі, Таццяна прыехала з Валожына ў Івянец. Які ж разумны быў! Мы будаваліся. Таццяна не заўсёды магла прынесці мне абед. Яна вешала на шыю сабаку сумачку з бутэрбродамі і загадвала несці мне. І за дастаўку можна было не хвалявацца. Адзін з нашых гадаванцаў па мянушцы Вітас, таксама колі, вызначаўся радаслоўнай і ўдзельнічаў у міжнародных выстаўках. Аднойчы мы з ім сталі сярэбранымі прызёрамі. “Золата” тады “паехала” ў Расію, а бронза дасталася сям’і з Фінляндыі.

– Вы што больш любіце: атрымліваць падарункі ці дарыць?

– Скажу шчыра, атрымліваць падарункі, асабліва каштоўныя, не люблю. Мне пры гэтым робіцца няёмка неяк.

– З прымаўкай “скупы траціць двойчы” пагодзіцеся?

– Ну, для прыкладу возьмем валейбольныя мячы. Мяч, які не апякае рукі, прыемны навобмацак, каштуе дзвесце новых рублёў. Ён праслужыць дзесяць гадоў. Але школы звычайна набываюць танныя аналагі. Маўляў, за такія грошы можна дзесяць мячоў набыць. А тое, што мяч служыць адзін дзень, у разлік не бярэцца. Эканоміць – гэта перш за ўсё правільна лічыць.

– Як мяркуеце, кулакамі і локцямі можна прабіць сабе дарогу да поспеху?

– Не, я перакананы, што дабро мацнейшае, і канчатковая перамога за ім. Дабівацца поспеху трэба толькі сумленнымі метадамі. У жыцці і ў спорце. Чым больш станоўчага ты сееш вакол сябе, тым лепш будзе і табе.

– Што хацелі б напрыканцы параіць чытачам “Працоўнай славы”?

– Умейце радавацца кожнаму імгненню жыцця, але будучыню плануйце! Нараджайце дзяцей не толькі ў першыя гады пасля вяселля. У большасці маіх равеснікаў сыны і дочкі ўжо паехалі вучыцца ці працаваць. А што можа быць больш сумным, чым апусцелы дом? А я яшчэ дзесяць гадоў буду маладым бацькам! Там, глядзіш, унукі пойдуць. Уяўляю, як прыемна будзе збірацца ўсёй вялікай сям’ёй разам…

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий