РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728       nshtejner@mail.ru

IХ спартакіяда сярод членаў ветэранскіх арганізацый фізічнай культуры і спорту Мінскай вобласці праходзіла з 14 па 16 кастрычніка на Мінскай абласной базе “Галактыка” ля Ракава. Прысвячалася яна Году культуры. Судзейства спаборніцтваў забяспечвалі работнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму Валожынскага райвыканкама.

Па палажэнні ў спартакіядзе маглі браць удзел жанчыны, не маладзейшыя за 55 гадоў, і мужчыны – за 60 гадоў. Удзельнікі вызначалі мацнейшага ў шашках, шахматах, настольным тэнісе, дартсе і стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Ветэранаў спорту нашага раёна прадстаўлялі Васіль Васільевіч Ажарэльеў, Міхаіл Іванавіч Шыян, Ларыса Дзмітрыеўна і Рыгор Іванавіч Гладчанкі. М. І. Шыян заняў другое прызавое месца ў шахматах і трэцяе ў шашках. Муж і жонка Гладчанкі паказалі выдатны вынік у стральбе, заняўшы адпаведна другую прыступку п’едэстала гонару. Васіль Ажарэльеў заняў чацвёртае месца ў спаборніцтвах па настольным тэнісе і пятае – у дартсе.

21 кастрычніка ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры адкрылася выстава фотаздымкаў графа Бенядзікта Тышкевіча, некалішняга ўладальніка палаца ва ўрочышчы Вялае на тэрыторыі нашага раёна. У экспазіцыі прадстаўлены 26 копій фотаработ графа. Выстава будзе доўжыцца два тыдні.

Дэманстрацыя фотаздымкаў суправаджаецца паказам стужкі “Бенядзікт Тышкевіч. Спыніць час” рэжысёра Аляксея Раковіча. Мяркуецца сустрэча івянчан са здымачнай групай дакументальнага фільма, які рыхтаваўся ў межах тэлевізійнага цыкла «Зваротны адлік».

З 17 па 24 кастрычніка ў Валожынскім прафесіянальным сельскагаспадарчым ліцэі праходзіў Тыдзень прафілактыкі “Шкодным звычкам, курэнню – не!”, ініцыятарамі правядзення якога сталі члены антынаркатычнага атрада “Неабыякавыя”, што створаны ў навучальнай установе.

Навучэнцы падрыхтавалі буклеты пра шкоду курэння, арганізавалі выставу тэматычных плакатаў, прадстаўленых усімі групамі. Актывісты выступілі ў ролі лектараў, падрыхтаваўшы лекцыі пра шкоду, якую наносяць маладому арганізму шкодныя звычкі, і выступілі з імі на класных гадзінах. У адзін з дзён Тыдня прайшла акцыя “Дзень без цыгарэты”. Зразумела, што за адзін дзень ніхто не кінуў курыць, але спробы пратрымацца былі.

Мінская абласная арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа з першых дзён аказвае матэрыяльную дапамогу перасяленцам з Данецкай і Луганскай абласцей Украіны.

На апошнія месяцы года нашаму раёну выдзелена 60 ваўчараў на 12 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. На гэтыя ваўчары перасяленцы могуць набываць прадукты харчавання ў магазіне “Мінскі край” і непрадуктовыя тавары ва ўнівермагу райцэнтра. Дзве сям’і атрымалі такую матэрыяльную падтрымку ў верасні-кастрычніку. Яшчэ дзве атрымаюць ваўчары ў пачатку лістапада.

Другі год у цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна працуе школа развіцця “Свет дзяцінства”, якую наведваюць малыя 4-5-гадовага ўзросту.

Навучанне ў ёй платнае, заняткі праходзяць па суботах. Хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца азам англійскай мовы, лепцы-маляванню, з задавальненнем займаюцца ў лялечным гуртку і авалодваюць элементамі танца. У сёлетнім навучальным годзе набраны дзве групы.

З пачатку бягучага месяца ў раёне адбыліся 5 пажараў. Гарэлі дачы і прыватныя дамы, ёсць і чалавечыя ахвяры.

9 кастрычніка загарэўся дом у садаводчым таварыстве “Пралеска” паблізу вёскі Касцюкі Ракаўскага сельсавета. У выніку ад пабудовы застаўся толькі попел. Прычына пажару – парушэнне правіл пажарнай бяспекі пры ўстройстве дымахода пячнога ацяплення. Праз дзень зноў быў зафіксаваны пажар у гэтым сельсавеце – у садаводчым таварыстве “Родны кут” ля вёскі Туркаўшчына. Выгараў другі паверх дома. Прычыны ўстанаўліваюцца, праводзяцца расследаванне, неабходныя экспертызы. Гаспадары два тыдні не наведваліся на дачу, адпаведна – не палілі печкі, дом быў абясточаны.

Больш сумны фінал у пажару, які адбыўся 12 кастрычніка ў вёсцы Мішаны Пяршайскага сельсавета. У агні загінуў гаспадар дома. Мужчына 1957 года нараджэння пражываў адзін, шмат курыў, а ў той вечар яшчэ і гасцяваў у сябра-аднавяскоўца. Найбольш верагодная прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні. Дарэчы сказаць, летась такі ж лёс напаткаў і роднага брата загінуўшага…



Добавить комментарий