«Прывiдны» ўгоншчык

Закон и порядок

У жніўні ў РАУС звярнулася жыхарка Мінска, якая паведаміла, што ў мінулую ноч невядомы злодзей у вёсцы Аўгустова з двара знаёмага здзейсніў угон яе “Аўдзі”.

Пачаліся пошукі, і аўтамабіль быў знойдзены… Машына знаходзілася недалёка ад вёскі, але ездзіць на ёй было ўжо немагчыма: транспартны сродак згарэў. Была ўзбуджана крымінальная справа.

Падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і следчых дзеянняў супрацоўнікі РАУС устанавілі, што крадзеж “Аўдзі”, завалодаўшы ключамі, здзейсніў той самы знаёмы заяўніцы, у двары якога яна пакінула аўтамабіль. Аднак чалавек усяляк адмаўляў дачыненне да наўмыснага падпалу транспартнага сродку, спасылаўся на магчымае самазагаранне па прычыне кінутага ім акурка цыгарэты або непаладак у электраправодцы.

У выніку шэрага экспертыз было дакладна ўстаноўлена: версія “самазагарання” выключаецца. Пры наяўнасці неабвержных доказаў падазронаму ва ўгоне прад’яўлена абвінавачванне яшчэ і ў наўмысным падпале аўтамабіля – з мэтай утойвання слядоў злачынства. У дачыненні да маладога чалавека была распачата другая крымінальная справа – па факце наўмыснага пашкоджання маёмасці агульнанебяспечным спосабам.

З пункту погляду закона мужчына здзейсніў злачынства, прадугледжанае часткай 1 артыкула 214 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (“Выкраданне транспартнага сродку або маламернага воднага судна”), якое караецца пазбаўленнем волі да пяці гадоў, а таксама злачынства, акрэсленае часткай 2 артыкула 218 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (“Наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці”), за якое прадугледжваецца пакаранне да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.

Цяпер крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд, падазроны заключаны пад варту.

Віталь КІШКО,

першы намеснік начальніка РАУС



Добавить комментарий