РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

 Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

24 кастрычніка прадстаўнік Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь праводзіў сацыялагічнае апытанне на тэму “Маё сацыяльнае самаадчуванне” ў аграгарадку Пяршаі.

Апытанне ў той дзень выбарачна праводзілася па ўсёй рэспубліцы, на Міншчыне – у нашым і Маладзечанскім раёнах. Вывучалася думка сельскага насельніцтва аб найбольш актуальных пытаннях уласнага жыцця і стане аграпрамысловага комплексу. Анкетаванне было ананімнае. Сярод розных слаёў насельніцтва Пяршаяў самага рознага ўзросту былі раздадзены 60 анкет, якія ўключалі па 27 пытанняў.

На працягу двух дзён, 20-21 кастрычніка, на базе вучэбнага цэнтра МНС у Заслаўі праходзіў абласны этап конкурсу “Лепшы прапагандыст органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях рэспублікі”. Ад нашага раёна ў конкурсе брала ўдзел інспектар групы прапаганды і навучання РАНС Алеся Радвіловіч. Конкурс праводзіўся ў другі раз. З 24 удзельнікаў-калег А. Радвіловіч трапіла ў першую дзясятку – заняла 7-е месца.

Конкурсныя іспыты былі даволі складаныя, закраналі ўсе бакі прафесіянальнай дзейнасці. Напачатку – візітоўка. Алеся падрыхтавала відэаролік “Адзін дзень з жыцця прапагандыста”, затым конкурс “Акула пяра”, дзе патрабавалася за 45 хвілін напісаць матэрыял, тэму для якога зараней не ведалі. Тэсціраванне: за 50 хвілін адказаць на 100 пытанняў па асновах бяспечнай жыццядзейнасці. Журналісцкае расследаванне ўключала два этапы: напісанне прэс-рэліза на тэму, выцягнутую па жэрабю, а затым – інтэрв’ю на камеру. У выглядзе дамашняга задання рыхтаваўся інавацыйны сацыяльны праект “Не пакідайце дзяцей без нагляду”. Таксама ўдзельнікі павінны былі прадставіць на суд журы па адным відэа- і аўдыёроліку са сваім удзелам.

Некалькі месяцаў пах свежай фарбы і тынкоўкі лунае ў будынку раённага цэнтра культуры. Аднак калектыў працуе ў звычайным рэжыме. Рамонтныя работы вядуцца гаспадарчым спосабам. Больш за 4,5 тысячы рублёў выдаткавана на абнаўленне інтэр’ера і касметычны рамонт некаторых кабінетаў.

Значна змяніў сваю знешнасць вестыбюль, які з’яўляецца як бы “тварам” установы культуры: калоны, сцены набылі новую, больш яркую афарбоўку, зроблена дэкаратыўная атынкоўка. На першым паверсе ў кабінеце, дзе месціцца народнае літаратурна-мастацкае аб’яднанне “Рунь”, уцеплена сцяна. Тынковачна-малярныя работы перамясціліся ў кабінеты другога паверха. Таксама будзе адрамантавана лесвіца.

У Мінску прайшоў конкурс чытальнікаў польскай паэзіі “Крэсы-2016” імя Адама Міцкевіча. Кожны ўдзельнік рыхтаваў па два творы.

Наш раён у падгрупе 9-12 гадоў прадстаўлялі вучаніцы СШ № 1 шасцікласніцы Дар’я Загорская і Алена Крыкала, у падгрупе 12-16 гадоў – Вераніка Віршыч і Анастасія Арловіч з СШ № 1, Карына Азарэвіч і Вольга Лысенка з гуртка “Юны паланіст” цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Дзіяна Вялічка з Ракаўскай СШ. Другое месца прысуджана В. Віршыч, якая чытала вершы А. Міцкевіча “Рукавічка” і У. Бранеўскага “Салдат польскі”. За ўдалы падбор рэпертуару адзначана А. Арловіч.

У мінулую суботу на базе сярэдняй школы № 2 райцэнтра прайшла асенняя спартакіяда сярод клубаў па фізічнай культуры і спорту прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Прадстаўнікі раённай бальніцы, воінскай часці, РУП “Валожынскі жылкамунгас”, райаграпрамтэхнікі, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і СКІВ “Маладосць-2005-Івянец” вызначалі лепшых у валейболе, настольным тэнісе, шахматах і стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі.

 Перамогу ў спартакіядзе святкавала згуртаваная каманда раённай бальніцы, другое месца занялі прадстаўнікі СКІВа, трэцяе – жылкамунгаса. Тройцы прызёраў былі ўручаны граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і кубкі. У спаборніцтвах па валейболе мацнейшымі былі івянчане, другое месца заняла каманда РАНС, трэцяе – райбальніцы. Медработнікі былі лепшымі ў спаборніцтвах па настольным тэнісе і стральбе. У настольным тэнісе другое месца занялі івянчане, трэцяе – РАНС. У стральбе на другую прыступку ўзняліся таксама прадстаўнікі СКІВа, на трэцюю – жылкамунгаса. У шахматах першае і другое месцы заваявалі камунальнікі, трэцяе – вайскоўцы. Тройкі прызёраў, акрамя грамат, былі ўзнагароджаны грашовымі прызамі.



Добавить комментарий