Нашы дзеці

Молодежный курьер

Браты падраслi

Дзякуючы сучасным відэатэхналогіям можна ўбачыць рэчы, якія раней былі ўтоены ад чалавечага вока. На экране за некалькі секунд дэманструюць, як расце і раскрываецца кветка, як з зярнятка выцягваецца і наліваецца пшанічны колас.

 Але ніводная супертэхніка не здольная ўлавіць, як растуць дзеці. Метамарфозы адлюстроўваюць толькі відэа розных гадоў, шэраг фатаграфій, альбо адзенне, якое стала малым.

Братоў-блізнят Александровічаў мы фатаграфавалі для газеты шэсць гадоў назад. Тады Ваня і Саша хадзілі ў дзіцячы сад, любілі глядзець фільм “Ментура” і марылі стаць афіцэрамі: Ваня – ваенным, а Саша – міліцыянерам.

Зараз 10-гадовыя хлопчыкі вучацца ў пятым класе СШ № 1 райцэнтра. Саша па-ранейшаму крыху ніжэйшы за Ваню. Браты абажаюць фізкультуру, але не любяць урокі рускай мовы, па якой атрымліваюць невысокія адзнакі. Аднак руская літаратура – фаварыт у Александровічаў: хлапчукі ведаюць яе на 10 балаў. Па астатніх прадметах у іх дзённіках часцей стаяць сямёркі-васьмёркі.

2-28-10

За шэсць гадоў вырас і іх старэйшы брат Лёша: яму зараз 16, вучыцца ў Маладзечанскім ліцэі. Бацькі хлопчыкаў працуюць у валожынскім філіяле “Дзяржынскгаза”: мама – кантралёр, тата – слесар. Сям’я па-ранейшаму жыве ва ўласным доме па вуліцы Калініна райцэнтра, гадуе хатніх любімцаў – двух катоў і сабаку.

Акрамя футбола, у які блізняты любяць паганяць пасля ўрокаў, браты ходзяць на секцыю дзюдо. Саша нават можа пахваліцца медалём па гэтым спартыўным адзінаборстве. Яго дзіцячая мара аб будучай прафесіі расце разам з ім.

Хлапчуковае царства

Апошнія некалькі гадоў у нашай краіне нараджаецца больш хлопчыкаў, чым дзяўчынак. Напрыклад, летась, па даных Белстата, на свет з’явілася 61377 хлапчукоў, будучых нявест жа нарадзілася 57651.

Лічбы статыстыкі красамоўна пацвярджае ясельная група валожынскага дзіцячага садка № 3 “Пралеска”. Яе наведваюць 20 дзяцей, з якіх – 17 хлопчыкаў і толькі 3 дзяўчынкі.

“Футбольная каманда” – так метафарычна называюць у “Пралесцы” гэты мужчынскі калектыў. А выхавальніца Людміла Сяргееўна Радзівілка ў разгубленасці: “Дзе пары для танцаў будзем знаходзіць?” За 23 гады яе педагагічнай практыкі групу з такім дамінаваннем хлопчыкаў сустракае ўпершыню.

3-28-10

Зараз Л. С. Радзівілка пераглядае падрыхтоўку да ранішнікаў і свят: ранейшыя напрацоўкі не падыходзяць. Прыйдзецца ўзброіцца новымі ідэямі. З харэаграфіі пачнуць развучваць “Яблычак” і “Марачку” – у гэтых нумарах танцуюць адны хлопчыкі.

Затое Аня Мамонька, Валерыя Рэут і Варвара Клімовіч не абдзелены ўвагай аднагрупнікаў. 2-3-гадовыя “кавалеры” сваіх “дам” шануюць і ў крыўду не даюць.

Ведае 5 моў!

8-гадовы Раен Матазавіч Аль Бунаі прыехаў у Валожын з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.

Хлопчык з Блізкага Усходу нарадзіўся і вырас у Дубаі. Вучыўся ў рускамоўнай школе па методыцы Мантэсоры, у аснове якой – індывідуальны падыход да дзіцяці. Заняткі нагадвалі хутчэй гульні, а не нашы традыцыйныя ўрокі: дзеці самі выбіралі заданні з прапанаваных варыянтаў, падчас вучобы маглі вольна хадзіць па класе. Такая сістэма выхавання, прыдуманая італьянскім педагогам Марыяй Мантэсоры, развівае ў малых гарэз творчае мысленне і самастойнасць.

4-28-10Некаторы час Раен будзе жыць у роднай бабулі ў райцэнтры. З верасня гэтага года хлопчык з Аравійскага паўвострава вучыцца ў 3 класе валожынскай гімназіі № 1.

Нам Раен расказаў пра асаблівасці вучобы на ўзбярэжжа Персідскага заліва і аб новых уражаннях, якія яму падарыў Валожын.

 – Раен, на якой мове ішлі ўрокі ў тваёй дубайскай школе?

 – На трох: англійскай, арабскай і французскай. Я добра валодаю гэтымі мовамі. Тут, у гімназіі, англійскую праходжу са значным апярэджаннем школьнай праграмы. Рускую мову ведаю, дзякуючы маме. Пачынаю разумець і беларускую.

 У маёй дубайскай школе няма дамашніх заданняў. Замест адзнак ставяць працэнты, максімальная колькасць – 100%. Не было прадмета “Чалавек і свет”. Але затое мы ўжо вучылі фізіку. У класе займаліся 32 вучні. Я вучыўся іграць на гітары, захапляўся шахматамі, тэатрам і танцамі.

 – Што цябе здзівіла больш за ўсё ў Валожыне?

 – Восень. Упершыню яе бачу. Жоўтае і чырвонае лісце на дрэвах і пад нагамі. Вельмі прыгожа! Я, як толькі навучыўся хадзіць, кожны год гасцяваў тут у бабулі, але заўсёды летам. Таму зімы яшчэ не бачыў. З нецярпеннем яе чакаю. Вельмі хачу датыкнуцца да снегу. Ён, як марожанае? На маёй радзіме круглы год лета. Нават у снежні плюсавая тэмпература – больш за 20 градусаў.

 Тут школа ў некалькіх кроках ад дома. А ў Дубаі яна далёка. На аўтобусе трэба дабірацца цэлую гадзіну. Затое ў школе быў басейн. Яго мне не хапае. І без мора сумна таксама.

 У Валожыне невысокія дамы. У Эміратах жа я жыву на 34-м паверсе. Там у мяне засталіся 9 хамякоў. Спачатку былі двое, але потым яны сталі шматдзетнай сям’ёй. Хутка іх убачу. На Новы год паеду на радзіму, да мамы з татам.

Алена ПАШКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий