РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

У школах пачаліся асеннія канікулы. З 31 кастрычніка па 5 лістапада ў 12-і ўстановах адукацыі раёна працуюць аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем. Іх наведваюць 230 вучняў, у пераважнай большасці гэта пачаткоўцы.

Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні насельніцтва выдзеліў на работу лагераў 4940 рублёў 40 капеек, бацькоўская даплата за пуцёўкі не прадугледжана. На аднаго школьніка ў дзень прыходзяцца 3 рублі 58 капеек. Работа лагераў з дзённым знаходжаннем разнастаіць адпачынак дзяцей і здымае многія праблемы з бацькоў, якія ў гэты час знаходзяцца на рабочых месцах.

Валожынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўзнагароджаны Дыпломам абласнога агляду-конкурсу на лепшую пастаноўку работы па добраўпарадкаванні і санітарным стане тэрыторый тэрытарыяльных цэнтраў Міншчыны.

Калектыў нашага цэнтра атрымаў перамогу ў намінацыі “Лепшае афармленне тэрыторыі малымі формамі”. Сёлета работнікі аздобілі тэрыторыю ля “офіса” па вуліцы Міру карзінай, выкладзенай з камянёў, дзе высадзілі дэкаратыўныя кветкі. А на тэрыторыі ля будынка па вуліцы Набярэжнай, дзе месціцца аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў, з’явіўся цудоўны “гарадок” для гномаў.

Дзіцячы інструментальны ансамбль “Менестрэлі” Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік Кацярына Дварэцкая) прымаў удзел у абласным конкурсе “Напеў зямлі маёй”, які праходзіў у Мар’інай Горцы.

Сёлета ў конкурсе ўдзельнічалі 23 калектывы, большасць са званнямі і рэгаліямі. Наш малады калектыў прадэманстраваў саундтрэк з кінафільма “Піраты Карыбскага мора”, быў заўважаны і адзначаны спецыялістамі. Юныя ракаўскія музыканты атрымалі шмат станоўчых водгукаў.

Настаяцель прыхода храма Пакрова прасвятой Багародзіцы ў аграгарадку Доры кандыдат багаслоўя свяшчэннік Павел Францішчык у Сугваздаўскім клубе-бібліятэцы па нядзелях праводзіць духоўна-асветніцкія гутаркі. На такое мерапрыемства па душэўнай патрэбе збіраюцца да 15 чалавек рознага ўзросту. Самыя маладыя – ад 35-і гадоў, прыязджае нават сталая жанчына з вёскі Паліксаўшчына.

Спачатку дэманструецца 40-хвілінны фільм па тэме, затым ідзе чытанне глаў з Бібліі з каментарыямі святара, які ўмее данесці змест Старога і Новага запаветаў да людзей любога ўзросту, адказвае на пытанні, што ўзнікаюць. Такія гутаркі разнастаяць і духоўна ўзбагачаюць жыццё жыхароў вёскі, далучаюць іх да Бога, прасочваюць сувязь рэлігійных тэкстаў з нашай рэчаіснасцю.

На школьныя канікулы ў кожнай сям’і свае планы. Але пра адпачынак выхаванцаў клапоцяцца і школы, і пазашкольныя ўстановы.

Група з 42 чалавек, у якую ўваходзяць вучні 5-11 класаў сярэдняй школы № 1 райцэнтра, іх бацькі і настаўнікі, 4 лістапада адправіцца ў падарожжа ў Прыбалтыку па маршруце Рыга-Юрмала. На працягу дня яны будуць знаёміцца з адным з найпрыгажэйшых гарадоў Еўропы – сталіцай Латвіі, затым пабываюць на знакамітым курорце Балтыкі ў Юрмале. У праграме падарожжа – наведванне Рундальскага палаца, які лічыцца адной з самых вядомых славутасцей Латвіі.

З 31 кастрычніка па 4 лістапада ў фізкультурна-аздараўленчым цэнтры “Надзея” ў Валожыне праходзіць тыдзень адкрытых дзвярэй. Адбудуцца таксама турнір па міні-футболе, першынство ДЮСШ па настольным тэнісе і многа іншых спартыўных спаборніцтваў.

У сярэдзіне кастрычніка адбыўся пажар у вёсцы Буні Валожынскага сельсавета. Як высветлілася, у зачынены дом, які выкарыстоўваўся пад дачу, самавольна пранік пастух КСУП “Сакаўшчына-агра”.

Чалавек меў намер пагрэцца, а ў выніку з-за непатушанай цыгарэты пакінуў гаспадара дома без спадчыны. Пашкоджаны франтон дома, будынак выгараў знутры, прыйшла ў нягоднасць маёмасць. Самога небараку выцягнулі з дома суседзі.

 



Добавить комментарий