Ты паслухай, як жыта спявае…

Общество

Старое сонца заблыталася ў скурчаных галінах яблыні. Яно хоць і свяціла ярка, але даўно не грэла. Студзеньскі снег, нібы люстэрка, лавіў сонечныя промні і нясцерпна бліскацеў, з-за чаго ў Андрэя рэзала і слязіла ў вачах. І ён, седзячы на ганку хаты на старой падасланай фуфайцы, час ад часу пераводзіў погляд на свае модныя італьянскія чаравікі, даючы вачам адпачыць. Андрэй, ужо даўно сталічны жыхар, адвык ад чыстага вясковага снегу, часцей бачачы брудную калатушу, узбітую тысячамі раўнадушных ног.

У некалі шумнай вёсцы зараз засталіся толькі тры хаты з дваццаці пяці, дзе яшчэ цеплілася жыццё старых. Сама вёска, нібы ненаселеная выспа ў моры, надзейна схавалася ў густых лясах. Снег надзеў белыя шапкі на дахі пустуючых аселых хат. Усе двары запоўніла звінючае бязмоўе.

Неперспектыўная. Такой вёска стала пасля распаду мясцовага калгаса. Моладзь паспяшалася ў гарады – шукаць шчасця. Скончыўшы сельскую школу, Андрэй паехаў паступаць у тэхналагічны інстытут. Яго старэйшая на год сястра Вольга ўжо атрымлівала філалагічную адукацыю.

У дзяцінстве брат з сястрой былі не разлі вада, стаялі адзін за аднаго гарой. Калі іх адносіны сапсаваліся, Андрэй успомніць не можа. Вольга выйшла замуж, уладкавалася настаўніцай у адну з мінскіх гімназій. А ён ствараў бізнэс, заняўся рамонтам машын, адкрыў сваю фірму, якая стала прыносіць немалы прыбытак. Андрэй круціўся, як вавёрка ў коле. Бацькоў у вёсцы наведваў толькі разы два на год. Знікла паразуменне з сястрой, якая папракала яго ў чэрствасці. Ён адказваў ёй грубасцю. Пры сустрэчах – сваркі, абвінавачванні. Сталі заклятымі ворагамі. Сустрэліся толькі на пахаванні маці, але гора іх не з’яднала. А калі праз год памёр бацька, вырашылі прадаваць вясковую хату.

Бегалі, як вар’яты, дзялілі нікому не патрэбную мэблю, скандалілі. Цяпер хата была амаль пустой: усе непатрэбныя рэчы – спалены, тое, што мела кошт, – распрададзена. Засталіся толькі голыя сцены са шпалерамі ў кветачку, плецены рознакаляровы каберац, пакрыўлены зэдлічак і элегантная шафа, якую брат з сястрой ніяк не маглі падзяліць. Шафу змайстраваў іх таленавіты прадзед-сталяр. Дубовае дрэва было прапітана фарбай колеру ягад чарэшні і пакрыта лакам. Верх драўлянай прыгажуні аздаблялі мудрагелістыя разьбяныя карнізы. А ў дзверцах красавалася вытанчаная каваная ліштва з адтулінай для ключыка. Шафе было больш за паўтары сотні гадоў. Яна цудам уцалела падчас вайны і стала своеасаблівай сямейнай рэліквіяй. Андрэй ужо ўяўляў, як цудоўна шафа будзе глядзецца ў яго стылізаванай пад даўніну гарадской кватэры. Аднак Вольга хацела прадаць шафу прыватнаму калекцыянеру.

Згоды паміж братам і сястрой не было, выбухнула моцная перапалка. Пасыпаліся ўзаемныя папрокі і абразы. Саступаць ніхто не жадаў. Напружанасць дайшла да таго, што Андрэй выкрыкныў: «Будзем рэзаць шафу папалам!» «Будзем!!!» – гнеўна згадзілася сястра. Старая суседка Аліма, якая ў гэты час была ў хаце і старалася супакоіць родных людзей, з адчаем усклікнула: “Распілоўвайце! Як раз вам хопіць на дзве труны!..» Андрэй ашалелымі вачыма паглядзеў на сястру і выскачыў на двор…

Яблыня ў бяссіллі ўзнімала голыя чорныя галіны да неба, быццам прасіла за штосьці прабачэння альбо літасці. Дрэва замерзла і захварэла. Не толькі ад балючых уколаў марознага ветру, але і ад людскога раўнадушша: яе стваліну абцугамі счапіў закалянелы чорны мох. Андрэй сядзеў на ганку, заплюшчваў і расплюшчваў вочы. Раптам зразумеў, што слёзы ў яго цякуць не ад асляпляльнага снегу. З хаты выйшла старая Аліма, папляскала Андрэя па спіне, уздыхнула, накіравалася да брамкі і пачэпала з двара.

Андрэй сядзеў і разважаў. Што ён мае ў жыцці? Грошы. І толькі. Трыццаць сем гадоў, а ён не жанаты, не песціць родных дзяцей. Лёс сястры таксама не вельмі ўдалы: развялася з мужам-п’яніцам і гадуе адна траіх хлапчукоў, жыве ад зарплаты да зарплаты. А ён – эгаіст. Сястра – адзіны родны чалавек, які застаўся ў яго жыцці…

Чамусьці ўспомніўся далёкі ліпень. Андрэй – школьнік, тупае босымі нагамі па гарачаму пяску палявой дарогі, паабапал якой шапацяць налітыя каласы збажыны. Побач крочыць бацька-аграном, трымае Андрэя за руку і раптам збочвае ў гаманлівае мора каласоў. Спыняецца, кажа: “Слухай, сынку, як пяе жыта…” Аднак хлопчык ніякай песні не пачуў.

…Халоднае сонца ўжо чырванела і паволі сунулася на захад. Андрэй падняўся з ганка і пайшоў у хату. Там на крывым зэдліку, счапіўшы галаву рукамі, згорбіўшыся, сядзела Вольга. Яна аб нечым напружана думала і не звярнула на брата ўвагі, які апусціўся каля яе прама на падлогу. Вось так разам яны доўга сядзелі ў цішыні, як некалі ў дзяцінстве.

– Хату прадаваць не будзем. Згодна?.. А вясной пасеем тут крыху жыта і закладзём новы яблыневы сад… Ты чула калі-небудзь, як жыта спявае? – парушыў цішыню Андрэй.

Сястра пасунулася на зэдліку, даючы брату месца прысесці побач. Сонечны промень слізгануў па глянцавай паверхні старой шафы і некуды знік. Ён нібы падаў добры знак брату і сястры…

Алена ПАШКЕВІЧ.



Добавить комментарий