Лiстападаўская афiша “Юнацтва”

Общество

Прэм’еры, сямейныя прыгодніцкія фільмы, фэнтэзі, трылеры і драмы прапануе гледачу лістападаўская афіша валожынскага кінатэатра “Юнацтва”. Большасць стужак – навінкі кінаіндустрыі.

 Новы кінамесяц стартаваў з Фестывалю дзіцячага кіно, які праходзіць паралельна са школьнымі канікуламі. Праграма Фестывалю насычана ігравымі і анімацыйнымі карцінамі як у стандартным, так і ў 3D-фармаце. Расійская мультыплікацыя “Сіндбад: Піраты сямі штормаў” распавядзе аб прыгодах няўдачлівага марскога разбойніка, чэшскі дакументальны фільм “Альдабра: Вандраванне да таямнічага вострава” адправіць маленькага гледача да берагоў атола, згубленага ў водах Індыйскага акіяна. Дзецям прапануюць паглядзець амерыканскі мультфільм-мюзікл “Тролі”, фільм “Фантастычныя стварэнні і дзе яны пражываюць” па сцэнарыі Джаан Роўлінг, амерыкана-кітайскую камедыю “Прынцэса-жаба”, расійскую прыгодніцкую стужку “Восенню 41-га”, “Небяспечныя канікулы”, “Скарб” і іншыя.

 Кінаменю для дарослых менш разнастайнае. Глядач, спакушаны немэйнстрымнымі фільмамі, наўрад ці знойдзе сабе што-небудзь па душы. Артхаўсных стужак у рэпертуары няма.

 На жаль, у “Юнацтве” не будзе паралельных паказаў XXIII Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. Пляцоўкамі галоўнага кінафоруму краіны стануць толькі кінатэатры буйных гарадоў.

 Аматары свежых амерыканскіх баявікоў-фэнтэзі могуць схадзіць на “Доктара Стрэнджа”, знятага ў 3D, дзе ў галоўнай ролі – мегапапулярны англійскі акцёр Бенедыкт Камбербэтч.

 Пакажуць некалькі дакументальных фільмаў: «Беларусь на стыку стагоддзяў», «Суп культур. Рамантыка мегаполіса» і іншыя.

 «Чакаецца прэм’ера расійскай ваеннай драмы «28 панфілаўцаў». Яна пра подзвіг савецкіх байцоў падчас абароны Масквы ў 1941 годзе. Яшчэ адзін драматычны фільм ад нашых суседзяў – “Ледакол”, заснаваны на рэальных падзеях 1985 года, – расказвае пра лістападаўскі “дарослы” кінарэпертуар адміністратар валожынскага кінатэатра Ірына Мікалаеўна Букштановіч. – Дэманструецца амерыканскі крымінальны трылер “Расплата”, а таксама япона-амерыканскі дэтэктыў “Інферна”, зняты па сцэнарыі Дэна Брауна і Дэвіда Кепа».

Алена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий