Агляд падзей у раённай газеце за лiстапад 1971 года

654765-300x169

ВЕК ЖЫВI I ВУЧЫСЯ

Даволі шырокі дыяпазон даследаванняў вядзецца ў лабараторыі цэнтральнай раённай бальніцы, у кабінеце функцыянальнай дыягностыкі.

Шмат карысных навуковых распрацовак у галіне медыцыны правёў загадчык кабінета функцыянальнай дыягностыкі, намеснік галоўнага ўрача Аляксандр Міхайлавіч Будкевіч.

Многа цёплых слоў можна сказаць і пра Міхаіла Міхайлавіча Ляйкоўскага. Ён выдатны ўрач-акуліст, паспяхова сумяшчае навуковую работу з практыкай. Міхаіл Міхайлавіч – кандыдат медыцынскіх навук. У хуткім часе рыхтуецца да абароны кандыдацкай дысертацыі і оталарынголаг Іван Сямёнавіч Балашка.

Маладыя ўрачы вучацца ў старэйшых і вопытных калег. Высокакваліфікаваныя кадры – А. Г. Інфаровіч, М. І. Уласевіч, А. П. Кіпель, В. Д. Сакалоўская, Л. Г. Грэбянчук.

ПОСПЕХI СУВЯЗIСТАЎ

Паспяхова нясуць перадсвяточную вахту работнікі лінейна-тэхнічнага ўчастка сувязі. Механікі і манцёры сочаць за работай тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі, вядуць яе расшырэнне.

Прынята ў эксплуатацыю новая сістэма, якая дае магчымасць у некалькі разоў павысіць колькасць адначасовых тэлефонных размоў з Маладзечнам. За дзесяць месяцаў уведзены ў дзеянне 160 новых радыёкропак.

Значных працоўных поспехаў дабіліся манцёры сувязі Аляксандр Міхайлавіч Буклыс, Уладзімір Пятровіч Карабан, Мікалай Фаміч Шакун. Безаварыйную работу складанага абсталявання забяспечваюць электрамеханік Эдуард Іосіфавіч Бычко і інжынер Іван Іванавіч Клыга.

САЛОДКI ЎРАДЖАЙ

Земляробы пятай паляводчай брыгады калгаса “17 верасня”, якую ўзначальвае камуніст Міхаіл Пятровіч Астаповіч, дабіліся высокіх паказчыкаў на вырошчванні цукровых буракоў.

Ураджай радуе: кожны гектар даў у сярэднім па трыста цэнтнераў салодкага кораню. Гэта плён стараннай працы калгаснікаў. Значны ўклад унеслі заслужаная калгасніца Марыя Ванцлаў, паляводы Марыя Грынкевіч, Іван Арцюкевіч.

На дзяржаўны прыёмны пункт адпраўлена чатырыста тон салодкага кораню. Продаж гэтай каштоўнай сыравіны для цукровых заводаў працягваецца.

У НАПАРНIКАХ МIЛIЦЫI – КАМСАМОЛЬЦЫ

Пры райкаме камсамола створаны з ліку найбольш актыўных юнакоў камсамольскі аператыўны атрад.

На яго рахунку – рэйды па ахове грамадскага парадку ў райцэнтры, гарадскім пасёлку Івянец і іншых населеных пунктах. Члены атрада актыўна ўдзельнічалі ў абласным дэкадніку бяспекі руху. Разам з супрацоўнікамі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама і Дзяржаўтаінспекцыі патрулявалі на дарогах раёна, затрымлівалі парушальнікаў правіл руху, праводзілі гутаркі з насельніцтвам.

Як вынік дзейнасці камсамольскага аператыўнага атрада – меншая колькасць выпадкаў дробнага хуліганства і іншых правапарушэнняў у райцэнтры. У гэтым заслуга камсамольцаў Пятра Сухорскага, Уладзіміра Ленскага, Вячаслава Бацяна, Уладзіміра Клішэвіча, Антона Радыны, Мікалая Труса, Леаніда Жамойдзіна і іншых, якія заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу тым, каму пагражае небяспека.

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

Івянецкія ганчары падрыхтавалі для Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР пяцьдзясят відаў керамічных вырабаў. Сярод іх – арыгінальнае пано “Сто год Беларускай чыгунцы”, гранёныя вазы “ХХ стагоддзе”, “Лета”, “Сонейка”, прыбор для снедання, куфлі для піва і іншае.

На тэрыторыі Сугваздаўскага сельсавета працягваюцца работы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў. У цэнтры калгаса імя Гастэлы пракладзены водаправод, устаноўлены дзве водазаборныя калонкі. Цяпер калгаснікі поўнасцю забяспечаны свежай пітной вадой.

Перасоўная механізаваная калона № 64 датэрмінова здала ў эксплуатацыю новую, на 640 месцаў, валожынскую сярэднюю школу, два птушнікі ў Івянцы, гараж на 25 месцаў, майстэрню і кацельную для лесамеліярацыйнай станцыі і 27-кватэрны жылы дом для працаўнікоў “Сельгастэхнікі”. Звыш плана пабудаваны тры сянажныя траншэі. Завяршаецца будаўніцтва кінатэатра ў Валожыне.

КАРОТКІМ РАДКОМ

У перадсвяточным сацыялістычным спаборніцтве сярод аднародных прадпрыемстваў рэспублікі добрых поспехаў дабіўся Валожынскі галаўны масласырзавод. Па выніках за трэці квартал першага года новай пяцігодкі заводу прысуджана трэцяя рэспубліканская грашовая прэмія.

Папаўняецца машынна-трактарны парк саўгаса “Багданаўскі”. Набытыя днямі тры трактары перададзены ва ўмелыя рукі механізатараў А. Аксёнава, Я. Млоця і В. Рамановіча.

На Івянецкім кансервавым заводзе ў сацыялістычным спаборніцтве цэхаў першынство заваяваў калектыў кансервавага цэха, які ўзначальвае камуніст Барыс Майсеевіч Усыскін.

Урачыстая рэгістрацыя шлюбу адбылася ў Забрэжскім сельскім Савеце. Маладажонаў Галіну Гарасюк і Расціслава Сіўца віталі жыхары Забрэжжа ў сваім клубе.

ЛЁН ЛЮБIЦЬ ПАКЛОН

Ля тока другой брыгады калгаса “Краіна Саветаў” добра чуваць гул устаноўкі – агрэгата “ТЛ-40”. Тут працуюць шаснаццаць чалавек. Звеннявая – Марыя Ільінічна Сухоцкая.

 З прывезеных з гумна шэрых неапрацаваных снапоў чатыры жанчыны – М. В. Сівец, Ж. І. Іванашка, Н. Л. Макляк, Н. Я. Вайцюлевіч – бяруць і вяжуць жменькі, складваюць іх крыж-накрыж, каб не зблыталіся. Падавальшчыцы Л. Д. Сімановіч і М. М. Макей хутка падаюць іх у цёрку. Cамыя чыстыя, блакітна-шызыя валокны прымае заслужаная калгасніца В. П. Язерская. Сямнаццаць гадоў вырошчвае жанчына лён, выбірае яго, абмалочвае, рассцілае і падымае, вяжа снапы. Валокны расчэсваюць – раўняюць, сартуюць, вяжуць у цюкі. Гэтым займаюцца звеннявая, калгасніцы В. М. Сергіевіч, В. М. Сліж і Н. Я. Язерская.

ЛЮДЗI ТВОРЧАЙ ДУМКI

Па-ўдарнаму працуюць члены партыі Іван Андрэевіч Голуб і Уладзімір Паўлавіч Рагель. Яны – прыклад для ўсіх калгаснікаў гаспадаркі імя Мічурына.

У дні падрыхтоўкі да свята Вялікага Кастрычніка трактарыст І. А. Голуб перавыконвае свае дзённыя вытворчыя заданні, а механік У. П. Рагель забяспечвае высокапрадукцыйную работу тэхнікі. Камуністаў-механізатараў Голуба і Рагеля ў калгасе ведаюць не толькі як здольных працаўнікоў, але і як людзей творчай думкі, рацыяналізатараў. Разам з кавалём Францам Уладзіміравічам Пачыкоўскім яны зрабілі прыстасаванні для экскаватара на трактары “Беларусь”. Гэта дазваляе выкарыстоўваць яго для разгрузкі ўгнаенняў з бартавых аўтамашын і прычэпаў. Зараз для разгрузкі аўтамашыны затрачваецца некалькі хвілін – у дзесяць разоў менш, чым уручную.

НАВЯЛI МАСТЫ

Значны аб’ём работ выканалі за час перадкастрычніцкай вахты на будаўніцтве і добраўпарадкаванні дарог рабочыя Валожынскага дарожна-эксплуатацыйнага ўчастка № 167.

Іх сіламі закончана будаўніцтва двух жалезабетонных мастоў (у вёсцы Выганічы і Душкава), пракладзена трохкіламетровая дарога, якая звязала цэнтры саўгаса “Ракаўскі” і калгаса “Верны шлях”. Гэта работа выканана ў лік 1972 года.

ВЫСАКАЯКАСНАЯ ВЯНДЛIНА

Добра ідуць справы ў свінаводаў фермы «Аўгустова» калгаса імя Леніна.

Даглядчык на адкорме свіней Аляксандр Аляксандравіч Урбановіч атрымлівае больш чым шасцісотграмовыя прывагі жывёлы ў суткі. Такі ж паказчык у яго напарніка – свінара Валянціна Міхайлавіча Каліноўскага. За дзесяць месяцаў бягучага года яны адгрузілі дзяржаве 168 цэнтнераў высакаякаснай свініны.

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars