РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

Гэтай восенню на новы пяцігадовы тэрмін абраны народныя засядацелі ў раённы, Мінскі абласны і Вярхоўны суды. 26 верасня яны прынялі прысягу, ва ўрачыстай абстаноўцы ім уручылі пасведчанні.

У Вярхоўны суд ад нашага раёна абраны 1 засядацель, у абласны суд – 20, у раённы – 105 народных засядацеляў. Сярод засядацеляў, якія абраны на чарговы тэрмін у суд Валожынскага раёна – 90 жанчын і 15 мужчын, 30 з іх – пенсіянеры, 50 засядацеляў маюць вышэйшую адукацыю, астатнія – сярэднюю спецыяльную і сярэднюю адукацыю. Узрост засядацеляў – ад 35 да 77 гадоў.

У канцы кастрычніка суддзя калегіі па крымінальных справах Мінскага абласнога суда Алег Ігаравіч Лапека правёў вучобу з народнымі засядацелямі, якія абраны ў Мінскі абласны суд.

У рамках міжнароднага праекта “Валожын без бар’ераў” раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў першы дзень лістапада атрымаў новы мікрааўтобус маркі “Мерседэс”.

Новы камфартабельны транспартны сродак мае 14 месцаў. Ён абсталяваны спецыяльным пад’ёмнікам. Унутры салона ёсць месцы для пасажыраў на калясках.

У бягучым годзе леснікі Валожынскага лясгаса сабралі 300 кілаграмаў жалудоў дуба чарэшчатага, 50 кілаграмаў – дуба чырвонага, 130 – каштанаў, 20 – клёна, па 10 кілаграмаў насення ліпы і вольхі.

У меншай колькасці нарыхтавана таксама насенне шыпшыны і глогу. Пасля неабходнай дапрацоўкі насенне ў наступным сезоне будзе высаджана ў гадавальніку лясгаса. Атрыманым саджанцам спецыялісты знойдуць месца на лясных дзялянках.

Штогод штатныя сацыяльныя работнікі раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва займаюцца нарыхтоўкай і дастаўкай бульбы не толькі для сваіх непасрэдных падапечных, але і для ўсіх пенсіянераў раёна, якія падаюць папярэднія заяўкі.

Толькі для пенсіянераў Івянца сёлета нарыхтавалі без малога 10 тон “другога хлеба” па цане 20 капеек за кілаграм. Забяспечылі на зіму бульбай 16 адзінокіх жыхароў пасёлка, якім даставілі 2 тоны 300 кілаграмаў, і 48 адзінока пражываючых, якія набылі 7 тон 200 кілаграмаў клубняў. Бульбай пажылых людзей забяспечыла КУП “Сівіца”. Гаспадарка прадаставіла і машыну для развозкі агародніны па канкрэтных адрасах. А вось валожынскія пенсіянеры сёлета былі на дзіва сціплымі. Неабходнасць у дастаўцы бульбы выказалі толькі 3 адзінокія чалавекі і 25 адзінока пражываючых. Ім спатрэбілася ўсяго 880 кілаграмаў “другога хлеба”. Сацработнікі дамовіліся на пастаўку бульбы з прыватнікам, які прадаў яе па 25 капеек за кілаграм, узяў на сябе і дастаўку.

Добрая традыцыя шмат гадоў існуе ў КСУП “Пяршаі-2014”: гаспадарка бясплатна забяспечвае бульбай сваіх пенсіянераў. Сёлета было прынята рашэнне выдзяліць кожнаму па 200 кілаграмаў. Бульба была дастаўлена 15 адзінокім пенсіянерам, двум удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны і двум удовам ветэранаў вайны.

З пачатку года ў бібліятэчную сетку раёна паступіла 2 тысячы 200 экзэмпляраў кніг рознай тэматыкі. Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама працуе напрамую з беларускімі выдавецтвамі.

На паліцах бібліятэк з’явіліся кнігі беларускіх аўтараў, новыя гістарычныя раманы з цыкла “Ваенныя прыгоды”, энцыклапедычныя выданні, белетрыстыка папулярных аўтараў Машы Трауб, Таццяны Усцінавай, Марыі Мятліцкай, Алега Роя і іншых. Нарэшце кнігалюбы дачакаліся працягу кнігі вядомай беларускай пісьменніцы Наталлі Батраковай “Миг бесконечности-2”. 18 экзэмпляраў гэтай кнігі паступілі ў раённую бібліятэку, а таксама ў Івянецкую і Ракаўскую.

У ФАЦ “Надзея” прайшло асабістае першынство раёна па гіравым спорце “Класічнае двухбор’е” (штуршок і рывок). Вага гіры – 24 кілаграмы.

Першае месца з лепшым вынікам заняў вайсковец Мікалай Кудаш. Другі і трэці вынікі прадэманстравалі прадстаўнік РАНС Яўген Вансовіч і трэнер ДЮСШ Аляксей Садоўскі. Тройка мацнейшых узнагароджана грашовымі прызамі.



Добавить комментарий