Мара – здаць на крапавы берэт…

Молодежный курьер

Ёсць людзі, для якіх бег становіцца ў прамым сэнсе жыццём. Адзін з такіх – ураджэнец вёскі Вішнева Сяргей Шахрай. Са спортам ён пасябраваў са школы, неаднойчы займаў на раённых спаборніцтвах прызавыя месцы. А пасля выпуску яго поспехі заўважылі на самым высокім узроўні і запрасілі на вучобу ў Рэспубліканскую школу вышэйшага спартыўнага майстэрства па лёгкай атлетыцы…

Шосты год Сяргей займаецца бегам прафесіянальна, пад кіраўніцтвам Аляксандра Фёдаравіча Агрызкіна – майстра спорту СССР па марафонскім бегу і лыжах, заслужанага трэнера РСФСР, БССР, СССР, які з 1972 года жыве і працуе ў Мінску. Малады чалавек, гаворачы на мове стаераў, спецыялізуецца на сярэдніх, сярэдне-доўгіх і паўмарафонскіх дыстанцыях. Для яго не складае асаблівых праблем з высокім вынікам прабегчы 21 тысячу 195 метраў, гэта мой субяседнік не раз пацвярджаў на спаборніцтвах рэспубліканскага ўзроўню. Напрыклад, на Прабегу Міру, які кожны год традыцыйна ладзіцца ў Гродне, ён стаў першым у краіне. Таксама ў “скарбонцы дасягненняў” Сяргея – 4-е месца ў рэспубліцы ў бегу на 10 тысяч метраў, ён увайшоў у трыццатку лепшых бегуноў сярод 20 тысяч удзельнікаў нядаўна праведзенага ў сталіцы паўмарафону… Але, каб падтрымліваць высока ўзнятую планку, аднаго жадання мала. Патрэбны пільны кантроль над харчаваннем, строгае выкананне дыет, а таксама настойлівыя і сур’ёзныя штодзённыя трэніроўкі, а ў перадстартавы сезон – і па дзве на дзень!

У бегу на спрынтарскія і стаерскія дыстанцыі вялікая розніца. Калі да старту рыхтуецца бягун на кароткую адлегласць, для якога кожная лішняя секунда азначае паражэнне, перад выхадам на пляцоўку ён можа дазволіць сабе выпіць нават моцнай кавы. Калі правесці аналогію з аўтамабілямі, спрынтар – гэта легендарны “Форд-мустанг” з інжэктарным фарсіраваным рухавіком, задача якога разагнаць аўтамабіль за некалькі секунд да сотні кіламетраў у гадзіну і вышэй. А вось стаерскі арганізм – надзейны “дызялёк”, які не вызначаецца асаблівай хуткасцю, але здольны доўгі час працаваць без паломак пры самых розных умовах эксплуатацыі. І сапраўды, сэрца Сяргея ў “пешаходным рэжыме” б’ецца з частатой 40 удараў у хвіліну – пры норме для звычайнага здаровага чалавека 70! Гэта вынік, які дасягаецца воляй спартсмена і часам.

Моцнае сэрца дапаможа Сяргею спраўдзіць яшчэ адну сваю запаветную мару. Некаторы час назад малады чалавек пачаў наведваць заняткі тайскім боксам, якія праходзяць у сталічнай воінскай часці 3214 – падраздзяленні, дзе рыхтуюць байцоў спецыяльнага прызначэння. Зразумела, трапіць на тэрыторыю можа не кожны: камандаванне павінна быць упэўнена ў чалавеку, ды і сябры з ліку вайскоўцаў за яго паручыліся. З кожным праведзеным тут днём мой рэспандэнт адчуваў, як яго вабіць прайсці службу менавіта ў гэтым месцы – сярод самых моцных, загартаваных вынослівых салдат. З просьбай накіраваць яго ў в/ч 3214 Сяргей і звярнуўся ў адасобленую групу ваеннага камісарыята Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў. Яго запыт быў задаволены. Мара пачала ажыццяўляцца: хутка С. Шахрай увальецца ў рады маладога папаўнення спецназа, там спадзяецца працягваць у тым ліку і звыклыя лёгкаатлетычныя трэніроўкі.

На чарзе – рэалізацыя яшчэ адной запаветнай задумы – паспяхова здаць іспыты на права нашэння крапавага берэта. Улічваючы мэтанакіраванасць маладога чалавека і яго ўменне дабівацца пастаўленых перад сабой задач, гэта, хутчэй за ўсё, не стане для яго вялікай праблемай.

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий