Пяршайцы ў Парыжы…

Официально

“Бонжур!” – з такога прывітання пачынаюцца ўрокі замежнай мовы ў Пяршайскай сярэдняй школе.

Французскую мову дзеці вывучаюць тут з 1974 года. Яна была ўведзена паралельна з нямецкай. Аднак вось ужо больш за 30 гадоў “лё франсэ” – галоўная і адзіная замежная мова ў глыбінцы. Сучасныя школьнікі асвойваюць яе з трэцяга класа, здаюць па ёй выпускны экзамен.

Школ, дзе вывучаюць мову Бальзака, у раёне толькі дзве. Акрамя Пяршаяў, вучні чытаюць, пішуць і размаўляюць па-французску таксама ў Вішнеўскім навучальна-педагагічным комплексе дзіцячы сад-сярэдняя школа.

Шматлікім выпускнікам Пяршайскай школы, якія скончылі Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, менавіта французская мова дала шчаслівую пуцёўку ў жыццё. Напрыклад, Антон Турко пасля вучобы паехаў у Францыю, паступіў у адну з ВНУ Марсэля на эканамічны факультэт, атрымаў спецыяльнасць “Банкаўская справа”. Некаторы час працаваў у парыжскім банку. Зараз наш зямляк жыве ў горадзе Цьёнвіль, недалёка ад мяжы з Люксембургам і Германіяй. Справы яго ідуць выдатна: на дадзены момант А. Турко будуе ўласны дом. Яго брат Аляксандр, таксама вывучыўшы мову Гюго, займаецца турызмам, наладжвае сувязі з еўрапейскімі партнёрамі.

Стаж працы ў Францыі ёсць і ў Алены Цямніцкай. Вольга Урбановіч паехала з Пяршаяў у Швейцарыю. Яе маладая сям’я купіла дом у ваколіцах Берна. Вольга працуе ў інстытуце, выкладае філасофію рэлігіі, нямецкую і рускую мовы, перакладае брашуры для рускамоўных турыстаў.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий