Дзе парадак, там i вынiк…

Официально

Ферма па адкорме цялят КСУП “Сугвазды-Агра” займае дастойныя пазіцыі па выніках дзейнасці як унутры гаспадаркі, так і на раённым узроўні. У гэтым заслуга працавітага калектыву, які на працягу 6-ці гадоў узначальвае Яўгенія Яўгенаўна БАБАК. Лідар – ён усюды лідар. Мая суразмоўца асноўную частку працоўнага шляху займалася дзейнасцю, якая нават блізка не пераклікалася з сельскай гаспадаркай. Аднак пасля рэарганізацыі былога месца працы не пабаялася адгукнуцца на прапанову кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства.
У выніку арганізацыя атрымала моцнага і адказнага кіраўніка, які літаральна з першых дзён пачаў умацоўваць пазіцыі падведамнага аб’екта.

Сёння адкормачнік “загружаны” пад поўную патрэбу. Тут утрымліваюцца 463 гадаванцы – 248 галоў маладняку, 123 цялушкі злучнага ўзросту і 92 бычкі. Сярэднясутачныя прывагі на адкорме за апошні месяц дасягнулі 632 грамаў, з пачатку года гэты паказчык трымаецца на адзнацы ў 638 грамаў. Падтрымліваць узнятую планку і паступова павышаць працоўныя паказчыкі, па словах Я. Я. Бабак, дапамагаюць сяброўскія, добразычлівыя адносіны ў калектыве, узаемадапамога, і, вядома ж, асабістая і вытворчая дысцыпліна. Загадчыца і сама не цураецца пры патрэбе і пакарміць-папаіць маладое папаўненне грамадскага статка, і вілы ў рукі ўзяць. Усё гэта ў сукупнасці з прыроднай харызмай і паважлівымі адносінамі да кожнага работніка і дапамагае не страціць “пачуццё локця”, працаваць на добры вынік.

Рост прываг напрамую залежыць ад кармавой базы. Сёлета ў КСУП “Сугвазды-Агра” яна была моцнай: “лішкі” кармоў вясной нават рэалізавалі менш “запаслівым” гаспадаркам, выручыўшы дастаткова вялікую суму і пусціўшы вызваленыя грошы на ўмацаванне гаспадаркі.

Будучыня, вядома, унясе карэктывы ў планы далейшай дзейнасці сельгаспрадпрыемства, аднак ужо сёння Яўгенія Яўгенаўна ўпэўнена: пры захаванні бягучых тэмпаў росту жывёлагадоўчай галіны яшчэ адзін адкормачнік і кароўнік былі б зусім не лішнія…

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий