РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

У абласным конкурсе шматдзетных сем’яў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, які праходзіў у Маладзечне, прынялі ўдзел 18 сем’яў. Наш РАНС прадстаўляла сям’я першага намесніка начальніка аддзела Паўла Тарасевіча, у якой выхоўваюцца трое дзяцей.

Канкурсанты дэманстравалі свае агульныя захапленні, сямейныя каштоўнасці, прадстаўлялі фірменныя стравы. Але галоўным быў відэаролік кожнай сям’і, дзе ўсе разам мелі магчымасць праявіць сябе ў ролі сцэнарыстаў, рэжысёраў і выканаўцаў. Сям’я Тарасевічаў пад аповед старэйшага сына расказала, як расла і мацавалася, як, бы цаглінкі ў сцяне дома, з’яўляліся на свет дзеці і ўсе разам год за годам будавалі сваё ўласнае жытло. Прадстаўленыя відэаролікі дэманстраваліся ў сацыяльных сетках, цэлы тыдзень пасля конкурсу ішло галасаванне. Усяго ў галасаванні прынялі ўдзел больш за 14 тысяч жыхароў вобласці. Сям’я нашых землякоў, набраўшы 3440 галасоў, заваявала прыз глядацкіх сімпатый. А перамагла ў конкурсе сям’я з Жодзінскага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

6 лістапада ў Гродне прайшоў VI з’езд грамадскага аб’яднання “Польска Мацеж Школьна на Беларусі”, на які прыбыў 271 дэлегат з усіх рэгіёнаў рэспублікі. Наш раён прадстаўлялі 13 чалавек. На сходзе прысутнічалі таксама прадстаўнікі Гродзенскага аблвыканкама, Пасольства Рэспублікі Польшча, госці з Польшчы.

Са справаздачным дакладам выступіў старшыня арганізацыі Станіслаў Сянкевіч. Прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання тых членаў арганізацыі, якіх не стала за чатыры апошнія гады. Сярод іншых успомнілі нашых настаўнікаў польскай мовы Эму Барадаку (першага старшыню раённай арганізацыі), Тэрэзу Келер, Ларысу Доўнар. Выступоўцы дзяліліся не толькі набыткамі і дасягненнямі, але ўздымалі і досыць важныя праблемы, што ўзнікаюць у рабоце. У дыскусіі па дакладу прыняла ўдзел і старшыня раённай арганізацыі Ала Макарэвіч, якая выбрана на наступны тэрмін у праграмны савет аб’яднання.

Дэлегацыя Валожынскай арганізацыі Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых, у якую ўваходзілі 7 чалавек, на працягу пяці дзён знаходзілася ў Германіі.

Валожынцы наведалі аддзяленні арганізацыі ў Дэльменхорсце, дзе рэалізуецца праграма “Маці з дзецьмі”, а таксама пабывалі ў Брэмене, Альдау, куды штогод ездзіць валожынская моладзь для рэалізацыі розных праграм. Абмяркоўвалася далейшае супрацоўніцтва з нямецкім бокам, аздараўленне дзяцей на 2017 год.

Напярэдадні 99-й гадавіны Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі першы сакратар раённай партыйнай арганізацыі Ірына Каваленка за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні грамадска-палітычных мерапрыемстваў, сумесную работу па эколага-патрыятычнаму выхаванню моладзі, канструктыўны дыялог у вырашэнні арганізацыйных пытанняў уручыла расійскія юбілейныя медалі “70 гадоў Вялікай Перамогі” прадстаўнікам нашага раёна.

Такіх узнагарод удастоены начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. М. Адамовіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Н. А. Чарнышова і дырэктар Валожынскага прафесіянальнага сельскагаспадарчага ліцэя У. І. Мітрошчанкаў. За дапамогу ў правядзенні апошняй выбарчай кампаніі падарунак быў уручаны дырэктару раённага цэнтра культуры А. І. Конаўцы.

На восеньскіх канікулах прайшла гарадская гульня клуба “Што? Дзе? Калі?”, у якой прынялі ўдзел дзве каманды гімназіі і адна СШ № 2. Сярэдняя школа № 1 каманду не выставіла. Перамогу святкавала адна з каманд гімназістаў, капітанам якой быў Улад Назароўскі. Зараз эрудыты рыхтуюцца да адборачнага тура, які пройдзе ў Вілейцы.

Таксама ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі адбылося пасяджэнне клуба “Общение”. Гэта мерапрыемства сабрала больш за дваццаць чалавек, якія вывучаюць польскую і англійскую мовы. Прайшла прэзентацыя, падчас якой падлеткі даведаліся шмат цікавага пра гісторыю і культуру краін, мову якіх вывучаюць.

У першыя дні лістапада супрацоўнікі РАНС правялі прафілактычную акцыю ў вёсцы Капусціна, дзе сёлета на пажары загінулі два чалавекі. Раней такія акцыі былі адпрацаваны ў вёсках Юржышкі і Мішаны.

Супрацоўнікі наведалі ўсе домаўладанні, дзе мелі магчымасць пагутарыць з гаспадарамі, праверыць захаванне імі правіл пажарнай бяспекі, выявіць хібы і падказаць, як іх ухіліць.



Добавить комментарий