Сабралi прыхiльнiкаў польскай паэзii

Общество

VI раённы конкурс выразнага чытання польскай паэзіі “Крэсы-2016” імя А. Міцкевіча сабраў больш за 40 удзельнікаў розных узростаў.

Увогуле, у раёне больш за 150 чалавек вывучаюць мову суседняй краіны на факультатывах і ў гуртках у цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, СШ № 1 райцэнтра, Івянецкай, Ракаўскай, Багданаўскай і Сакаўшчынскай сярэдніх школах.

 Удзельнікі прапанавалі на суд журы, якое ўзначальвала сёлета намеснік дырэктара цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Л. Д. Лысенка, паэтычныя творы Адама Міцкевіча, Яна Бжэхвы, Ванды Хатомскай, Тадэвуша Ружэвіча, Марыі Канапніцкай і іншых аўтараў. Кожны чытаў па два вершы, выключэнне было толькі для тых, хто вывучае польскую мову першы год.

Ва ўзроставай катэгорыі 9-12 гадоў першае месца падзялілі Аліна Кетрыс і Ліза Рэут з СШ № 1, другое месца прысуджана Цімафею Дзенісу з Івянецкай СШ, трэцяе – Максіму Нехвядовічу, які займаецца ў гуртку “Лінгваарт” цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Два першыя месцы прысуджаны таксама ва ўзроставай катэгорыі 12-16 гадоў. Лепшымі чытальнікамі прызнаны Лізавета Шапуцька і Аляксандра Рудовіч з СШ № 1, другое і трэцяе месцы прысуджаны выхаванцы гуртка “Лінгваарт” Дар’і Цяшкевіч і Паўлу Дзенісу з Івянецкай СШ.

За ўдалы падбор рэпертуару журы адзначыла Іларыю Зубовіч і Анастасію Ракавец з СШ № 1 і Вераніку Чэрнік з Сакаўшчынскай СШ. Узнагароды за артыстызм атрымалі Уладзіслаў Ленскі з СШ № 1 і Любоў Камінская з Багданаўскай СШ. Заахвочаны былі і самыя юныя ўдзельнікі конкурсу – сямігадовая Яна Сівая і васьмігадовы Аляксей Болвах з райцэнтра.

Конкурс быў арганізаваны раённым аддзелам грамадскай арганізацыі “Польска Мацеж Школьна” пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Польшча ў Беларусі.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий