Злавiў хвалю творчасцi

Официально

Майстар з Пяршаяў Міхаіл Міхайлавіч ГОРБАЧ, натхнёны марской стыхіяй, стварае арыгінальны драўляны дэкор. Настальгія па марскім гарызонце прымусіла яго зрабіць перапланіроўку ў тыповай вясковай хаце, некалі пабудаванай бацькам Міхаілам Аляксандравічам.

У афармленні жылля шмат “марскіх” дэталяў. Нават верная аўчарка Рэм жыве ў гаспадара ў прыстасаванай старой дубовай бочцы. У такіх на суднах перавозяць вадкія грузы. Міхаіл Міхайлавіч абнёс бочку драўлянай канструкцыяй – атрымалася будка-церам з “балкончыкам”.

6-11-11

…Мора, як і горы, валодае магічнай сілай. Убачыш яго адзін раз – і ўжо не забудзешся праз усё жыццё. Міхаіл Міхайлавіч доўгі час жыў на Балтыйскім узбярэжжы. Школу закончыў і адразу паехаў з родных Пяршаяў у Рыгу. Паступіў у мараходнае вучылішча на аддзяленне па рамонце абсталявання на караблі. І трохгадовую “тэрміновую” таксама служыў на флоце. Доўгі час працаваў у Рыжскім порце. На радзіму вярнуўся толькі ў 99-ым годзе.

7-11-11

Міхаіл Міхайлавіч гаспадар, якому пад сілу любая рамонтная задача. Ён самастойна асвоіў многія віды рамёстваў: сталярнае, слясарнае, зварачнае. Гарышча хаты ператварыў у другі паверх. На паддашак вядзе драўляная лесвіца. Праёмы поручняў дэкарыраваны фігурнымі чыгуннымі падстоллямі ад старых нажных швейных машын. Здаецца, нібы паднімаешся з каюты на палубу. Пад лесвіцай для каларыту – самаробны драўляны куфар для гаспадарчых рэчаў. Сцены ў хаце Міхаіл Міхайлавіч абшыў залацістай вагонкай – так утульней. Правёў водаправод, ацяпленне.

У двары пабудаваў альтанку з ясеню. Ля дома ўстанавіў дыхтоўныя драўляныя лавы. Дрэвам абшыў старую студню.

Абодва ганкі хаты ўпрыгожаны самаробнымі шторкамі з кляновых кругляшоў. На ветры драўляныя звёны калышуцца, удараюцца адно аб адно, утвараючы прыглушаную мелодыю, якая нагадвае ціхі шум мора. Зімой такія “фіранкі”, акрамя эстэтычнага, нясуць і практычнае прымяненне – засцерагаюць ганак ад завеяў.

8-11-11

Зараз умелец заняты аздабленнем хаты знадворку. Упрыгожвае яе фігурнымі балясінамі. Выразае іх з алешыны, елкі і іншых парод дрэў. У прасценках прымацавана ўжо восем калон. Архітэктурныя элементы масіўныя, нібы мачты на караблі – такі мастацкі почырк майстра. Аднак візуальна яны надаюць дому лёгкасці, нясуць у сабе матывы старых народных казак. Міхаіл Міхайлавіч задумаў аформіць слупкамі з мастацкай разьбой увесь перыметр хаты. Праца ў сталярцы не спыняецца.

На аселіцах за хатай пасуцца авечкі – гадаванцы сям’і Горбачаў. Іх воўна хвалістая, быццам марская шыр – правядзеш рукой па кучаравай спіне жывёліны і на імгненне забудзешся, успомніўшы хвалі Рыжскага заліва. Руно пасля стрыжкі авечак не выкідваецца: мама, Ядзвіга Мікалаеўна, па-старынцы на калаўроце прадзе з яго ніткі, вяжа шкарпэткі, шые фастрыгаваныя коўдры.

Нядаўна пры ўваходзе на свой двор М. М. Горбач устанавіў новыя вароты. Веснічкі радуюць вока прахожых. Брамка – з дубу, стойкі – з асіны. Пяршайцы ведаюць: якое б дрэва не ўзяўся апрацоўваць Міхаіл Міхайлавіч – з кожнай загатоўкі народзіцца хараство.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий