Той будучыню мае, хто пра яе дбае

Общество

Валожынскі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй рыхтуе спецыялістаў для аграпрамысловага сектара. Ва ўстанове шмат робіцца для таго, каб захаваць сваю спецыфіку і быць запатрабаванай у сучаснай моладзі.

У гэтым навучальным годзе выбар на карысць ліцэя зрабілі больш за 50 юнакоў і дзяўчат. Усяго ж тут пуцёўку ў дарослае жыццё атрымліваюць 157 навучэнцаў. Радуе той факт, што большасць з іх, а менавіта 119 – ураджэнцы раёна, і сваю будучыню яны гатовы звязаць з роднай Валожыншчынай. Для кожнага выпускніка першае працоўнае месца гарантуецца ў нашым раёне.

Для паспяховай вучобы створаны ўсе ўмовы. Прадметы і дысцыпліны выкладаюць вопытныя педагогі і майстры вытворчага навучання, кабінеты абсталяваны ў адпаведнасці з навучальным працэсам, для практычных заняткаў створана выдатная матэрыяльна-тэхнічная база. Ёсць чым заняцца ліцэістам і ў вольны час: заўсёды адчынена спартыўная зала з трэнажорамі, працуюць аб’яднанні па інтарэсах, выпускаецца газета, арганізоўваюцца турыстычныя паходы і экскурсіі. Навучэнцы ліцэя – актыўныя ўдзельнікі раённых фестываляў і конкурсаў, аказваюць дапамогу ветэранам вайны і працы, займаюцца добраўпарадкаваннем.

Учарашнія ліцэісты заняты на тэхнічным забеспячэнні сельскагаспадарчых работ. Яны працуюць слесарамі і трактарыстамі, машыністамі-экскаватаршчыкамі і вадзіцелямі, агароднікамі і жывёлаводамі. З наступнага навучальнага года ўстанова плануе рыхтаваць яшчэ і электраманцёраў па рамонце электратэхнічнага абсталявання.

Сярод выпускнікоў ліцэя шмат хлебаробаў-перадавікоў. У Сугваздах ганарацца механізатарам Мікалаем Чараповічам, у Сакаўшчыне – Аляксандрам Русіновічам, у Дубіне – Іванам Саломкам.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий