Урокi жыццёвай мудрасцi

Официально

Калі заходзіш у Чэхаўшчынскую дапаможную школу-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, то адразу і не заўважаеш, што яна нечым адрозніваецца ад іншых устаноў адукацыі.

І толькі аднаго нельга тут убачыць: раніцай на школьны двор не збягаюцца вучні з партфелямі. Бо на ўвесь навучальны год школа-інтэрнат становіцца для іх родным домам, а перайсці са спальнага корпуса ў класы можна, не выходзячы на вуліцу.

16-11-2

Сёлета працэс навучання і сацыяльнай адаптацыі тут праходзяць 63 выхаванцы. Большасць з іх знаходзіцца на пастаяннай аснове, але ёсць і прыезджая група, якая накіравана сюды аздараўляцца.

Як расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Іосіфаўна Івашка, педкалектыў установы сваю работу плануе так, каб дзеці атрымлівалі неабходныя веды, умацоўвалі здароўе, набывалі розныя жыццёвыя ўменні і навыкі, а ў старэйшых класах вызначыліся з прафесійным выбарам. Вялікая ўвага ўдзяляецца эстэтычнаму выхаванню і культуры паводзін.

16-11-3

З душэўнай цеплынёй, не шкадуючы асабістага часу і сілы, шмат гадоў аддаюць сябе дзецям Тамара Аляксееўна Віршыч, Васіль Уладзіміравіч Марзак, Марына Іванаўна Вайткевіч. З асобай павагай школьнікі ставяцца да настаўнікаў працоўнага навучання Аляксандра Валянцінавіча Рубацкага і Алены Фёдараўны Рубацкай, пад кіраўніцтвам якіх даглядаюць агарод, сад, ладзяць свята ўраджаю. Алена Юр’еўна Карповіч і Наталля Леанідаўна Кузаўлёва раскрываюць перад дзяўчынкамі сакрэты шыцця і кройкі, возяць школьніц на практыку ў Валожынскі дом быту. Аляксандр Генрыхавіч Цяшкевіч і Канстанцін Аляксандравіч Вайткевіч знаёмяць хлопцаў з прафесіяй слесара па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання. Іх урокі таксама замацоўваюцца на практыцы, якая праходзіць на мехдвары КСУП “Пяршаі-2014”.

Любімы прадмет у чэхаўшчынскіх школьнікаў – сацыяльна-бытавая арыентацыя. У пакоях, абсталяваных бытавымі прыборамі, сантэхнікай, мэбляй, хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца мыць посуд, прасаваць адзенне, гатаваць сабе сняданак. Асвойваць жыццёвую навуку дапамагае настаўніца Таццяна Валер’еўна Гарбачэўская.

Дзякуючы агульным намаганням і абгрунтаванай методыцы, “цяжкія” дзеці вырастаюць падрыхтаванымі да дарослага жыцця і знаходзяць сваё месца ў грамадстве. Працэнт правапарушэнняў і антыграмадскіх паводзін выпускнікоў школы-інтэрната не вышэйшы за сярэдні паказчык іншых устаноў адукацыі. Самыя ж мэтанакіраваныя і настойлівыя, прайшоўшы добрую падрыхтоўку ў гэтых сценах, атрымліваюць сярэднюю адукацыю, растуць у прафесійным і сацыяльным плане.

Алена ЗБІРЭНКА
Фота са школьнага архіва



Добавить комментарий