Дакрануцца да глыбокага мастацтва

Официально

Народны фальклорны гурт “Гасцінец” вось ужо на працягу дзевяці гадоў з’яўляецца вядучым калектывам нашага раёна. Ён актыўна займаецца вывучэннем, развіццём і прапагандай традыцыйнай культуры.

Найбольш яскравым і запамінальным быў удзел у праекце канала АНТ “Песні маёй краіны” ў 2009 годзе, дзе “Гасцінец” прадставіў шырокай публіцы вакальна-харэаграфічную кампазіцыю “Бітая дарожанька”. Калектыў стаў пераможцам, а песня-балада – насамрэч “песняй нашай краіны”. 23 ліпеня 2010 года Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь народнаму фальклорнаму калектыву “Гасцінец” прысвоіла ганаровае званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”.

“Гасцінец” існуе з 1998 года, калі на работу ў Ракаўскі Дом культуры прыйшла Лізавета Пятроўская – кіраўнік калектыву. Лізавета плённа працуе на ніве беларускай культуры, заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку. Гэта няўрымслівая натура, улюбёная ў народную аўтэнтычную песню, гісторыю і культуру Беларусі.

Сястра Лізаветы – Хрысціна Лямбовіч – можна сказаць, правая рука кіраўніка, першы памочнік ва ўсіх справах, вельмі працавіты і адказны чалавек. Хрысціна скончыла Універсітэт культуры (факультэт рэжысуры масавых свят). У “Гасцінцы” яна з’яўляецца рэжысёрам, а з 2010 года – яшчэ і загадчыкам Цэнтра фальклору ў Ракаве. Старэйшая сястра Алеся Недапекіна – мастацкі кіраўнік Цэнтра культуры і вольнага часу. Доўгі час яна была дырэктарам установы. Разам сёстры ўтварылі сямейнае трыо, якое з часам папоўнілася новымі сваякамі (падраслі дзеці і пляменнікі). Зараз сямейны калектыў налічвае 12 чалавек і мае назву “Крона”.

Трэба ўзгадаць тых людзей, якія ўдзельнічаюць у калектыве з пачатку яго стварэння. Гэта Ганна Кобжава, Алена Вялічка, Іна Адамовіч, Віталь Сахараў і Таццяна Бартош. Ганна Кобжава сумяшчае працу ў “Гасцінцы” з пасадай галоўнага бухгалтара. Яна камунікабельная жанчына з загадкавай душой, унутраным хараством і прыроджанай інтэлігентнасцю. Алена Вялічка – дырэктар РЦКіВЧ. Пазней за іншых у калектыў прыйшлі М. Браткоўская і Р. Мянцюк. Марыя працуе выкладчыкам нямецкай мовы ў Мінску, Раіса – загадчыца Выганіцкага дзіцячага сада.

«Гасцінец» мае ўнікальную інструментальную групу. Усе музыканты працуюць у розных жанрах: сучасным, класічным, народным, спасцігаюць традыцыйны спосаб. Некаторыя з іх іграюць на шматлікіх аўтэнтычных інструментах. Апроч таго, усе інструменталісты – добрыя спевакі. Юлія Мякінка іграе на цымбалах, укладвае ўсю душу ў выкананне розных музычных кампазіцый. Працуе дырэктарам Ракаўскай музычнай школы. Максім Палуйчык – выдатны баяніст, душа любой кампаніі. Алена Мялешка – таленавітая скрыпачка, працуе настаўнікам па класу скрыпкі ў Ракаўскай музычнай школе. Цімафей Літвінаў, работнік РЦКіВЧ, задае рытм барабанам. Здзіўляе сваім майстэрствам Кацярына Радзівілава, якая віртуозна іграе і на дудзе, і на флейце, і на гуслях…

Палову калектыву складае моладзь – Кацярына Трамбіцкая, Таццяна Стахоўская, Станіслаў Пятроўскі, Аляксандр Кісель, Дзмітрый Кісель, Надзея Аляксеева, Вікторыя Стэльмацкая, Вікторыя Мянцюк, Лізавета Таўгень, Ірына Школіна, Антон Шніп, Павел Бакушаў, Канстанцін Пятроўскі. Некаторыя з іх нават звязалі сваё жыццё з музыкай, беларускай народнай песняй і традыцыйнай культурай. Так, Надзея скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, аддзяленне “Этнафоназнаўства” і цяпер працуе ў РЦКіВЧ. Таццяна – студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, спявае ў гурце “Грамніцы”. Ірына – студэнтка музычнага вучылішча імя Глінкі. Уся моладзь актыўная, мэтанакіраваная, зацікаўлена беларускай культурай, заўсёды ўносіць свае ідэі і прапановы.

Частка моладзі – былыя ўдзельнікі ўзорнага фальклорнага дзіцячага гурта “Вянок”, які дзейнічае пры РЦКіВЧ. Гэта Станіслаў Пятроўскі, Таццяна Стахоўская, Кацярына Трамбіцкая, Вікторыя Мянцюк, Вікторыя Стэльмацкая. Пасталеўшы, яны з ахвотай перайшлі ў дарослы калектыў “Гасцінец”. Кіруе калектывам “Вянок” Надзея Аляксеева. Дзеці з задавальненнем удзельнічаюць у шматлікіх канцэртах, становяцца лаўрэатамі фестываляў і конкурсаў.

Мужчынская палова гурта актыўна ўдзельнічае ва ўсіх пастаноўках, добра спявае беларускія народныя песні. Некаторыя хлопцы – Канстанцін Пятроўскі, Дзмітрый Кісель, Аляксанд Кісель – цікавяцца беларускай гісторыяй, рыцарствам, наведваюць гістарычны клуб.

Штогод “Гасцінец” праводзіць беларускія народныя абрады: “Купалле”, “Каляды”, “Масленіца”, “Ваджэнне Куста”, “Гуканне вясны”. Калектыў можа дапамагчы авалодаць якім-небудзь рамяством: ткацтвам, прадзеннем, вышыўкай і інш. Праз правядзенне вечарын, свят, беларускіх народных гульняў і забаў “Гасцінец” усіх далучае да беларускай традыцыйнай культуры.

Лізавета ТАЎГЕНЬ, жыхарка Валожына.



Добавить комментарий