РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

На мінулым тыдні сталічнае тэлебачанне некалькі разоў у праграме “Цэнтральны рэгіён” паказвала сюжэт пра аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых людзей нашага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

 Дарэчы, актыўныя валожынскія пенсіянеры не ў першы раз станавіліся героямі розных праграм канала СТБ. Зараз аддзяленне наведваюць 59 чалавек сталага ўзросту, 28 з іх некалькі разоў на тыдзень прыходзяць на заняткі лячэбнай фізкультурай, якія праводзіць таксама пенсіянерка Зоя Трафімаўна Гусакоўская. Адзін з тэлесюжэтаў быў прысвечаны менавіта заняткам фізкультурай. Другі – расказваў пра актыўны адпачынак на базе аграсядзібы “Налібоцкія васількі”. Гасцінныя гаспадары Васіль і Марыя Шакуны прымаюць гарадскіх пенсіянераў як валанцёры, бясплатна. Прадастаўляюць ім не толькі сваю сядзібу, але і праводзяць экскурсію па экалагічнай сцежцы, знаёмяць з гісторыяй краю, арганізуюць сумесныя чаяпіцці.

З сярэдзіны кастрычніка прыступіў да работы новы галоўны спецыяліст Мінскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па санаторна-курортным лячэнні. На гэту пасаду прызначаны Алег Іванавіч Скадорва.

 Ад папярэдніка яму перададзены ўсе заявы на санаторна-курортнае аздараўленне. Зразумела, што захавалася і ранейшая чарга. Кабінет спецыяліста знаходзіцца цяпер па адрасе: плошча Свабоды, 4, на другім паверсе будынка, дзе раней размяшчаўся райваенкамат.

У час раённага Тыдня фальклору ў Дубінскім сельскім клубе прайшлі вячоркі, на якія запрасілі дзетак з навакольных вёсак, што вучацца ў Гародзькаўскай сярэдняй школе. Арганізатарам такой эстафеты пакаленняў стала кіраўнік аб’яднання “Бацькаўшчына” Тамара Каляда.

 Менавіта для гэтага мерапрыемства ахвяравалі сваім вольным часам гаспадары аграсядзібы з вёскі Вялікая Дайнава Зміцер Мурашка і Юлія Літвінава. Зміцер пазнаёміў прысутных з такім музычным інструментам, як дуда. Расказаў гісторыю стварэння, як і з чаго вырабляюць, прадэманстраваў, як гучыць інструмент, выканаў некалькі мелодый. А Юлія разам з жанчынамі з аб’яднання “Бацькаўшчына”, што створана ў Дубіне, правяла майстар-клас “Нітачка-вяровачка”. Жанчыны расказвалі, як некалі пралі кудзелю, выраблялі саматканае паланто, бялілі яго… Потым усе разам рабілі матузкі і тасёмачкі, якія ў сучаснай моладзі называюцца “фенечкі”. Падчас пастоў на вячорках нельга было спяваць і танцаваць, аднак дазвалялася гуляць у гульні з ніткамі. Пра ўсе гэтыя абрады і расказалі моладзі жанчыны. Успомнілі і некалішнія мясцовыя гульні “Цыбулька”, “Баба”, у якія гулялі ўсе разам. Школьнікі былі вельмі ўражаны праведзеным часам і атрыманымі ведамі, будуць дзяліцца набыткамі са сваімі аднакласнікамі.

15 лістапада ў райвыканкаме зарэгістраваны спажывецкі кааператыў па развіцці аграэкатурызму “Валожынскія гасцінцы”. У праекта ўстойлівага развіцця, які рэалізуецца на тэрыторыі нашага раёна, з’явілася рэальная мясцовая арганізацыя-выканаўца.

 Пакуль што ў кааператыве зарэгістраваны восем членаў – гаспадары аграсядзіб, пчаляры. Старшынёй абраны гаспадар аграсядзібы “Марцінова Гусь” Алесь Белы. Кааператыў будзе займацца пытаннямі развіцця сельскага прадпрымальніцтва, аховы і інтэрпрэтацыі мясцовай прыроднай і гісторыка-культурнай спадчыны. Будзе павялічвацца колькасць членаў, і разнастаяцца рашаемыя задачы.

Па запрашэнні маршалка ваяводства Дольны Слёнск Тадэвуша Самборскага артысты з Беларусі з польскімі каранямі прымалі ўдзел у канцэртах, прымеркаваных да Дня незалежнасці Польшчы.

 У чатырох канцэртах удзельнічалі цымбалістка Юлія Мякінка, дырэктар Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў, і выкладчык гэтай установы піяністка Ірына Афоніна, якая акампаніравала салістам.

Напачатку месяца ў Мінску праходзіў Тыдзень высокай моды – Belarus FASHION week, афіцыйным візажыстам якога была кампанія “Мэры Кэй”. Усе макіяжы подыумным мадэлям стварала каманда з 28 чалавек пад кіраўніцтвам візажыста сусветнага ўзроўню Эрыка Індзікава.

 Візажыстаў адбіралі з усёй рэспублікі ў маскоўскім філіяле кампаніі з 300 заявак. Улічваліся паказчыкі ў рабоце, праходжанне навучання на сайце і сертыфікат візажыста. Шчасце ўдзельнічаць у рабоце выпала кансультанту па прыгажосці ІП з Валожына Ганне Харук. Макіяж даводзілася рабіць з 8.30 да 21 гадзіны, як дарослы, так і падлеткавы. У дзень адбывалася 10-15 дызайнерскіх паказаў калекцый. Былі прадстаўлены работы дызайнераў з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Італіі і Францыі. Сама Ганна зазначае, што хаця было цяжка фізічна, аднак набыла каштоўны вопыт і ўпэўненасць, што цяпер ёй падуладны любы макіяж.



Добавить комментарий