Памяцi Фердынанда Рушчыца…

Официально

Многімі славутымі імёнамі славіцца наша зямля. Яны знакавыя не толькі для беларускага народа, але і для ўсяго свету. Адны больш вядомыя, іншыя – менш, некаторыя імёны краязнаўцы, гісторыкі вяртаюць з небыцця. Адзін з найбольш славутых людзей, які нарадзіўся на Валожыншчыне, а затым вярнуўся паміраць на малую радзіму і знайшоў тут вечны спачын, — мастак Фердынанд Рушчыц. Ён унёс уклад у культуру не толькі нашага народа, але і польскага, літоўскага.

Сёлетняй восенню, 30 кастрычніка, адзначалася сумная дата – 80-годдзе з дня смерці знакамітага земляка. Дзякуючы намаганням многіх людзей у раёне, апошнім часам шмат робіцца, каб гэта імя стала “фішкай” нашай мясцовасці, прыцягальным магнітам не толькі для мастакоў, але і для шматлікіх турыстаў. І для гэтага ёсць рэальныя, а не штучныя падставы. Але і намаганні трэба яшчэ прыкласці немалыя, якія патрабуюць арганізацыйных і фінансавых уліванняў.

 З нагоды ўшанавання памяці мастака ў багданаўскім касцёле была праведзена жалобная імша. А затым у памяшканні, якое раней належала сельвыканкаму, а цяпер перададзена на баланс аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, і дзе адведзена месца пад музейную экспазіцыю, ладзіўся круглы стол. У яго рабоце прынялі ўдзел унук Ф. Рушчыца Фердынанд Рушчыц-3, Генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў, другі сакратар Пасольства Польшчы ў Беларусі па пытаннях культуры Эльжбета Інеўска, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікенцій Адамовіч, старшыня раённага аддзела грамадскай арганізацыі “Польска Мацеж Школьна” Ала Макарэвіч, дырэктар раённага краязнаўчага музея Наталля Лоўчая, прадстаўнікі мясцовай улады, беларускія мастакі, якія прымаюць удзел у рушчыцаўскіх пленэрах, аўтар праекта музейнай экспазіцыі, прысвечанай Рушчыцу, Алена Матросава і іншыя.

2-21-11

 Вучні Багданаўскай сярэдняй школы пад кіраўніцтвам настаўніцы Ілоны Вайшнаровіч падрыхтавалі на польскай мове прэзентацыю “Чытаючы дзённікі Рушчыца…” Іх выступленне стала як бы эпіграфам сустрэчы зацікаўленых асоб і падставай для далейшай дзелавой размовы. Абмяркоўваліся пытанні аб ушанаванні памяці, рэстаўрацыі родавых могілак Рушчыцаў, далейшы крок – адраджэнне сядзібы як культурна-турыстычнага цэнтра, афармленне музейнай экспазіцыі. Важкімі былі словы ўнука, які не быў на радзіме дзеда два гады, убачыў і ацаніў зробленае беларускім бокам за гэты час, падзякаваў землякам за памяць.

 У бліжэйшы час чакаецца прыезд у раён дэлегацыі Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы. У яе саставе будуць спецыялісты, якія правядуць экспертызу музейнай экспазіцыі, рэстаўрацыйных работ на могілках. Толькі пасля экспертызы можна чакаць уклад у фінансаванне праекта па адраджэнні памяці мастака з польскага боку.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий