Праблемы людзей – не чужыя

Общество

Першы прыём грамадзян правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання па Маладзечанскай сельскай выбарчай акрузе № 73 – намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Іван Станіслававіч Маркевіч.

У кожнага з 12 наведвальнікаў аказаўся свой груз праблем. У прыватнасці, тры даведзеныя да дэпутата пытанні тычыліся льготнага крэдытавання і некаторых іншых аспектаў, звязаных з банкаўскай дзейнасцю. Дзвюх наведвальніц, якія ўжо паспелі атрымаць першыя часткі пазык, цікавіла, чаму далейшае крэдытаванне прыпынена і на які тэрмін. Згодна з каментарыямі дырэктара ЦБП № 605 філіяла № 500 Мінскага ўпраўлення ААТ “ААБ Беларусбанк” І. А. Пукала, што прысутнічала на прыёме грамадзян, тэрмін здачы ў эксплуатацыю жылля абедзвюх жанчын пазначаны 2018-м годам. Бліжэй да гэтага перыяду заяўніцам і будуць прадастаўлены астатнія крэдытныя сродкі.

Жыхар мікрараёна Папоўка райцэнтра пацікавіўся, чаму закрылася аддзяленне “Беларусбанка” ў будынку магазіна “Ваенсэрвіс” і ці будзе яно працаваць у далейшым. На жаль, гэта рашэнне па-за кампетэнцыяй раённага банкаўскага філіяла, работу кропкі не адновяць. Але для пенсіянераў ёсць альтэрнатыва: напрыклад, можна перайсці на карыстанне пластыкавай карткай “Аксаміт” з назапашвальнымі бонусамі: гэта новая паслуга, што нядаўна пачала аказвацца насельніцтву “Беларусбанкам”.

Да дэпутата з набалелым звярнулася грамадзянка, якой у 2014 годзе быў выдзелены ўчастак пад будаўніцтва дома. Аднак райвыканкам не ўключае ў спісы на льготнае крэдытаванне. Як ёй патлумачылі, цяпер магчымасць пракрэдытавацца ёсць толькі ў шматдзетных сем’яў, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў не менш за 3 гады. Пакуль застаецца толькі чакаць і пры магчымасці будаваць родны кут за ўласныя сродкі.

Падобная праблема і ў жыхаркі Івянца, толькі пунктам сутыкнення інтарэсаў тут стала высвятленне тэрмінаў выдачы дазволу на будаўніцтва жылога дома. Парламентарый паабяцаў даць заяўніцы дадатковы адказ пасля дэталёвага разгляду сітуацыі.

Падчас прыёму грамадзян некалькі просьбаў наведвальнікаў тычыліся жыллёва-камунальнай сферы. Пенсіянерка з вуліцы Беларускай паскардзілася на ўстаноўку суседам шчыльнага металапрофільнага плота, пасля чаго стала падцякаць сумежная з ім сцяна. І. С. Маркевіч паабяцаў разам з прадстаўнікамі зацікаўленых службаў наведаць яе падворак.

А вось турботы двух жыхароў вуліцы Сонечнай райцэнтра не вырашаюцца даўно, і таксама з-за нястачы сродкаў на пракладку і падключэнне домаўладанняў да цэнтральнай каналізацыі і асфальтаванне вуліцы. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў даручыў адказным службам для пачатку накіраваць існуючы праект на дапрацоўку. Пасля гэтага ён дапаможа ўдакладніць і выпрацаваць механізмы фінансавання работ.

Пытанні яшчэ дваіх чалавек да Івана Станіслававіча насілі індывідуальны характар.

Як заўважыў І. С. Маркевіч пасля завяршэння прыёму, няма праблем невырашальных. Усе яны розняцца па характары, аднак гарантам паспяховага здзяйснення людскіх надзей выступае зладжаная, плённая сумесная работа органаў улады, службаў і ведамстваў, саміх грамадзян. І наш дэпутат заўсёды гатовы ў гэтым дапамагчы.

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий