У Івянцы птушка-сімвал Валожынскага раёна “гняздуецца” на будынку паліклінікі.
Спачатку арт-аб’екты з зімародкам з’явіліся ў Валожыне – два вялікія графіці намаляваны на тарцы цэнтральнай бібліятэкі і на сцяне жылой шматпавярхоўкі на ўскраіне райцэнтра. Пазней у маляўнічым кутку ля гарадскога возера ўстанавілі скульптуру гэтай папулярнай птушкі.
Зімародак “прыляцеў” і ў Івянец – яркае графіці з яго выявай упрыгожвае мясцовую паліклініку па вуліцы 1 Мая. Аздобіў будынак у гарадскім мястэчку мастак Алесь KONTRA з мінскай арт-студыі “ТАКТАК”. Паліклініка размешчана амаль у цэнтры населенага пункта. Удалае месцазнаходжанне дазваляе ўбачыць малюнак вялікай колькасці мясцовых жыхароў, а таксама турыстам.
Нагадаем, што зімародак – першая птушка-сімвал раёна, выбраная ў Беларусі з дапамогай галасавання жыхароў. Менавіта ў Налібоцкай пушчы зарэгістравана каля 40 пар гэтага крылатага чырванакніжніка. Арнітолагі спадзяюцца, што ўважлівыя адносіны да віду дапамогуць зберагчы і павялічыць яго папуляцыю ў Валожынскім раёне.
Матэрыял падрыхтаваны
па звестках сайта
“Ахова птушак Бацькаўшчыны”