Даступныя метады рэабiлiтацыi

Общество

“Што патрэбна ведаць пажылому чалавеку пра сваё здароўе” – з лекцыяй на такую тэму перад сацыяльнымі работнікамі раёна і жыхарамі райцэнтра адпаведнага ўзросту выступіў старшыня Беларускага рэспубліканскага геранталагічнага грамадскага аб’яднання прафесар А. М. ІЛЬНІЦКІ.

 Па ініцыятыве дырэктара раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіны Рай быў праведзены семінар “Ад крохкасці да сілы: асновы дапамогі пажылым людзям”. У рамках яго на працягу двух гадзін прайшлі лекцыя-прэзентацыя і практычны экспрэс-курс “Парушэнне памяці: своечасовае выяўленне і даступныя метады рэабілітацыі”.

 Не скажу, што за дзве гадзіны ўсіх прысутных зрабілі маладымі, аднак цікава было пачуць граматную лекцыю, дзе сцісла, даступна і абгрунтавана расказвалася пра здаровае і прыгожае старэнне. Былі акрэслены асноўныя праблемы, з якімі сутыкаецца кожны пажылы чалавек, і дадзены рэкамендацыі, як правільна харчавацца, як трэніраваць памяць, папярэдзіць падзенні. Медыцынскія свяцілы расказалі, што такое “мэтавы” артэрыяльны ціск і пра неабходнасць фізічных нагрузак. Магчыма, мы пра ўсё гэта ведалі і раней, аднак калі разрозненыя веды былі сістэматызаваны і абгрунтаваны, то запомніліся лепш. Пра тое, што ў дзень патрэбна з’ядаць тры яблыкі ці тры морквы, а на ноч выпіваць шклянку кефіру ці ёгурт, ужываць пабольш, да 400 грамаў у дзень, жоўтых, чырвоных, сініх і зялёных хрумсткіх прадуктаў… Высветлілася, што цяпер на змену тэрміну “рабочы ціск” прыйшоў мэтавы, які павінен быць не вышэй за 140/90, а пасля 70 гадоў – 150/90. Медыкі закранулі шмат момантаў, якія з узростам становяцца нязменнымі спадарожнікамі пажылых людзей, варта іх сустрэць годна, а не хавацца ад свайго ўзросту. Напрыклад, каб папярэдзіць шматлікія падзенні, а пасля іх часта пераломы, што могуць прыкаваць да ложка, варта не саромецца карыстацца палкай. Былі прадэманстраваны ілюстрацыйныя прыклады, як палка можа стаць іміджам чалавека.

Пра парушэнні памяці ў старым узросце і як адцягнуць момант сустрэчы са спадаром Альцгеймерам, расказаў намеснік старшыні аб’яднання прафесар Кірыл Прашчаеў. Дэменцыя – самая дрэнна дыягнастуемая хвароба. Кожны год у свеце дэменцыя (старэчы маразм) рэгіструецца ў 45 мільёнаў чалавек. Своечасовае выяўленне прыкмет хваробы можа на некалькі гадоў адцягнуць, замарудзіць працэс. Гэтыя веды ў першую чаргу неабходныя сацыяльным работнікам і родным старых людзей. Што патрэбна, каб трымаць памяць у тонусе: працягваць працаваць, як мага даўжэй, асвойваць новыя камп’ютарныя праграмы, тэсціраваць сябе на праверку памяці, паўтараць словы ў розным парадку, вучыць вершы, разгадваць красворды і сканворды, нават мяняць маршруты пастаянных паходаў. Вельмі спрыяе памяці двухмоўе. Напрыканцы семінара было некалькі гульнявых момантаў на праверку памяці, што зрабіла атмасферу сустрэчы больш разняволенай.

 А ў заключэнне не магу не сказаць пра тое, што абодва прафесары родам з Віцебска, але даўно жывуць у Маскве, хаця і на радзіме бываюць часта. А як прыгожа і мілагучна размаўлялі яны па-беларуску, праводзячы на роднай мове літаральна ўсю прэзентацыю. І не на нашай звыклай штодзённай трасянцы, а на МОВЕ, з лёгкасцю пераходзячы з рускай на беларускую. Ужо за адно гэта можна было слухаць іх бясконца. І заўсёды прыемныя сустрэчы з цікавымі субяседнікамі, новая інфармацыя, пададзеная даступна, зразумела, не перагрувашчаная спецыяльнымі тэрмінамі і фактамі. Так што будзем старэць прыгожа! Старт дадзены!

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий