Мароз i сонца ўзялi на мушку

Общество

Усе капрызы надвор’я на метэаралагічнай станцыі “Валожын” зараз ловяць новыя суперадчувальныя датчыкі.

 Сачыць за зменлівым настроем у атмасферы спецыялістам дапамагае ультрасучаснае абсталяванне з доўгай назвай – аўтаматызаваная метэаралагічная інфармацыйна-вымяральная сістэма. Комплекс разумных прыбораў вырабіла фінская фірма “Vaisala”. А набыў іх для валожынскага пункта метэаназіранняў Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя. Карысная пакупка абышлася амаль у 500 з паловай мільёнаў недэнамінаваных рублёў.

 – Уся інфармацыя з датчыкаў па аптавалакну перадаецца на манітор камп’ютара ў рэжыме рэальнага часу і імгненна апрацоўваецца. Адчувальныя прыборы АМІВС вымяраюць тэмпературу і вільготнасць паветра, кірунак і хуткасць ветру, тэмпературу паверхні глебы. Датчыкі фіксуюць атмасферны ціск, метэаралагічную далёкасць бачнасці, колькасць ападкаў, – расказвае пра функцыі “Вайсалы” начальнік валожынскай метэастанцыі Сяргей Аляксандравіч Трус. – Новае абсталяванне зараз – асноўны сродак вымярэнняў. Штатныя прыборы набылі статус запасных. Аднак яны падтрымліваюцца ў працоўным стане на выпадак збою ў рабоце датчыкаў аўтаматызаваных сродкаў вымярэння альбо адключэння электраэнергіі.

 Сучаснай тэхнікай абсталяваны таксама астатнія 8 раённых метэастанцый Мінскай вобласці, што дазваляе самым свежым сінаптычным даным вокамгненна сцякацца ў Гідраметцэнтр краіны.

29-11-5

Начальнік станцыі С. А. Трус паказвае, як выглядае новы метэакомплекс. Кампактныя мультысенсорныя прыборы размешчаны на макушцы 10-метровай мачты. Інтэлект “Вайсалы” – магутны сервер – знаходзіцца ў памяшканні метэастанцыі. Калі раней замеры на метэапляцоўцы даводзілася рабіць па восем разоў у дзень, то зараз дастаткова разавага наведвання.

Алена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий