Наркотык – доля няўдачнiка…

Закон и порядок

Некаторыя людзі памылкова лічаць, што наркотыкі – толькі тое, што ўводзіцца ўнутрывенна. Насамрэч, да наркотыкаў адносяцца ўсе рэчывы, здольныя змяняць псіхафізічны стан чалавека і выклікаць залежнасць.

 Па сутнасці, акрамя “траўкі” (вытворны прадукт ад канапель), “калёсаў” (медыкаментозных прэпаратаў), “экстазі” і інш., у спіс наркотыкаў можна ўключыць і нікацін, і алкаголь, а таксама інгалянты – бензін, арганічныя растваральнікі, клеі. Усе гэтыя рэчывы, з’яўляючыся сістэмнымі ядамі, разбураюць цэнтральную нервовую сістэму, печань, сэрца і сасуды. Чым раней чалавек пачынае ўжываць ганебныя рэчывы, тым больш шкоды яны яму наносяць.

 Часта людзі спрабуюць такім чынам уцячы ад праблем. Аднак з кожным разам іх будзе больш – з законам, роднымі і блізкімі, сябрамі, грашамі. А пачынаюцца беды з адной спробы. Спачатку нейкі “добры” чалавек можа і бясплатна пачаставаць. Яму патрэбны яшчэ адзін кліент, які вельмі хутка за чарговую дозу будзе гатовы здрадзіць, украсці, забіць…

 Памылкова лічыць і “траўку” бясшкоднай. Рана ці позна яна адкрые дарогу да гераіну. А пачаўшы калоцца, можна з самага першага разу “злавіць” цяжкія хваробы печані і СНІД. Наркотыкі – доля няўдачнікаў!

 Адказнасць за незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў прадугледжана артыкулам 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. За іх крадзеж давядзецца адказваць па артыкуле 327. Незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ці Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў цягне адказнасць па артыкуле 328-1 Крымінальнага кодэкса.

 Трэба памятаць і тое, што чалавек, які добраахвотна здаў наркотыкі, псіхатропы, а таксама актыўна садзейнічаў выкрыццю ці папярэджанню злачынства і выяўленню асоб, якія яго здзейснілі, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці.

Сяргей ГЕЛДА,

намеснік начальніка РАУС

па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні



Добавить комментарий