У лістападзе 2017 года пачнецца кампанія па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў у Беларусі.
Аб гэтым паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў эфіры праграмы «Актуальны мікрафон» Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё.
Паводле слоў старшыні ЦВК, наступныя выбары ў краіне (гэта выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў) павінны прайсці не пазней за сярэдзіну лютага 2018 года. Гэта значыць, выбарчая кампанія стартуе ў сярэдзіне лістапада 2017 года.
Аб прадаўжэнні дэпутацкіх паўнамоцтваў на год-два старшыня ЦВК адазвалася пазітыўна, таму што ў Беларусі «і так невялікія тэрміны ратацыі для ўсіх інстытутаў улады». «Таму калі будуць павялічаны тэрміны паўнамоцтваў таго ці іншага выбарчага органа (вядома, у разумных межах), у гэтым няма нічога дрэннага. Прынамсі, гэта будзе садзейнічаць стабільнасці ўлады», — рэзюмавала Лідзія Ярмошына.
Па матэрыялах БелТА