Прымерце прафесiю Дзеда Мароза

Общество

Да Новага года засталося 29 дзён. Валожынскі ўнівермаг прапануе хаця б адзін з іх напоўніць добрымі справамі. Кожны наведвальнік гэтай гандлёвай кропкі можа падарыць часцінку радасці дзецям.

У аддзеле “Электратавары” на першым паверсе магазіна ўстаноўлена ёлка. Замест бліскучых шароў на ёй – дзіцячыя малюнкі. Аўтары ілюстрацый – выхаванцы Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната. Падарыць ім зімовую казку проста: дастаткова выбраць упадабаны малюнак, купіць для яго аўтара любую мілую рэч і апусціць яе ў навагодні дабрачынны кошык ля ёлкі. Многія з выхаванцаў школы-інтэрната зусім пакінуты бацькамі, пазбаўлены персанальнай увагі. Таму падарунак ад нераўнадушнага дарослага, прызначаны канкрэтнаму адрасату, стане для юнага мастака неспадзяваным шчасцем. Дзеці будуць рады любым дробязям: каляровым алоўкам і фарбам, мяккім цацкам, наборам развіваючых гульняў, іншым сюрпрызам.

 Такая душэўная сацыяльная акцыя пад назвай “Дары дабро – стань Дзедам Марозам” праводзіцца ўнівермагам не першы год. Сабраныя падарункі перададуць дзецям Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната падчас зімовых свят.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий