Побач з намі жывуць людзі, якім на долю выпалі асабліва цяжкія выпрабаванні. Гэта людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Напярэдадні Дня інвалідаў мы пагутарылі са старшынёй раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў В. А. СУБАЧАМ.
– Віктар Альгертавіч, колькі членаў налічвае ваша арганізацыя?
– Найперш хацелася б звярнуцца да ўсіх грамадзян раёна, якія маюць абмежаваныя фізічныя магчымасці, і пажадаць ім з нагоды Дня інвалідаў сілы духу, бадзёрасці і аптымізму. Няхай мары вашы збываюцца, а жыццё дорыць больш радасных момантаў. Вось якраз для гэтага і існуе наша арганізацыя. І чым больш будзе ў ёй членаў, тым большыя магчымасці ў нас паявяцца. Таму запрашаю ўсіх інвалідаў запісвацца ў Таварыства. Зараз у раённую арганізацыю ўваходзяць 52 члены. Да нас маюць права звяртацца людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі любога ўзросту і з любым захворваннем. Інтарэсы тых, хто прызнаны недзеяздольным, адстойваюць іх апекуны. Членства ў арганізацыі прадастаўляе чалавеку магчымасць больш паўнацэннага існавання. Мы ладзім урачыстасці, сустрэчы, паездкі. З нагоды Дня інвалідаў вырашылі пабываць у Мінску на канцэрце, які адбудзецца ў Нацыянальнай бібліятэцы. Канцэрт бясплатны, а інвалідаў-калясачнікаў там будуць апякаць валанцёры.
Члены арганізацыі таксама могуць разлічваць на матэрыяльную дапамогу. Тым, хто мае патрэбу, рэспубліканскае і абласное ўпраўленні выдзяляюць разавыя выплаты ў памеры да 10 базавых велічынь. Часам і раённае аддзяленне дапамагае грашамі са спонсарскіх сродкаў. Скажам, неабходна інваліду платная аперацыя, то ён звяртаецца да нас, і мы шукаем шляхі вырашэння праблемы.
– З якімі грамадскімі арганізацыямі ці аб’яднаннямі супрацоўнічаеце асабліва цесна?
– У першую чаргу, безумоўна, з мясцовымі ўладамі, у прыватнасці са спецыялістамі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, а таксама са старшынямі сельвыканкамаў. Галоўны наш памочнік сярод грамадскіх арганізацый – Таварыства Чырвонага Крыжа. Разам з яго кіраўніком раённага маштабу Антанінай Уладзіміраўнай Трацэўскай стараемся даехаць да кожнага інваліда з “гуманітаркай”. Дастаўляем адзенне, прадукты, сродкі гігіены. Тым, у каго ёсць патрэба, бясплатна выдаём інвалідныя каляскі, мыліцы, іншыя сродкі адаптацыі. Хацелася б назваць таксама тыя прыватныя прадпрыемствы з Івянца, кіраўнікі якіх з разуменнем ставяцца да праблем інвалідаў. Гэта ПГУП “Инторгсервис” (дырэктар Генадзь Віктаравіч Ліпніцкі), ААТ “Стыль” (дырэктар Юрый Міхайлавіч Ламанік), ПГУП “ФункеБел” (дырэктар Віктар Віктаравіч Макушын).
– А якія сацыяльныя пытанні вам даводзіцца рашаць?
– Нярэдка ў нашых членаў узнікаюць складаныя жыццёвыя сітуацыі, калі без дапамогі спецыялістаў не абысціся. Наладжваем кансультацыі псіхолагаў, юрыстаў. У Мінску зараз адкрыты офіс па абароне правоў і інтарэсаў інвалідаў. Яго кіраўнік Сяргей Драздоўскі – часты госць на Валожыншчыне. Пры яго падтрымцы ў нас ствараецца безбар’ернае асяроддзе. Іншы раз даводзіцца звяртацца да кіраўнікоў розных службаў і ведамстваў, каб яны нам пасадзейнічалі. Шмат ёсць пытанняў да камунальнікаў, аўтапарка, гандлю.
– Дайце ацэнку адносінам грамадскасці да праблем інвалідаў.
– Вельмі шмат фармальнага падыходу. Запытайся любога чалавека, і ён абавязкова скажа, што інвалідаў яму шкада. Але што датычыцца канкрэтнай дапамогі, то часцей назіраеш, як ён разводзіць рукамі. Такім заўсёды гавару: «той, хто не спачувае абяздоленым, ніколі не разбагацее!» Хаця, па праўдзе кажучы, мы выбіраем тых, у каго зафіксаваны высокі тавараабарот, выручка, рэнтабельнасць. Але мецэнаты былі і будуць заўсёды. Нядаўна прыватнае дрэваперапрацоўчае прадпрыемства ў Івянцы адгукнулася на нашу просьбу і прывезла абрэзкі піламатэрыялаў на паліва.
– Але ж нельга разлічваць толькі на чужую дапамогу. У нечым жа і сам інвалід можа пра сябе паклапаціцца?
– Хапае сярод інвалідаў тых, хто жадаў бы працаваць, каб і сябе матэрыяльна падтрымаць, і карысць грамадству прыносіць. Зараз ідуць абмеркаванні заканадаўчага праекта, па якім для інвалідаў будзе прадугледжаны больш шырокі спектр заняткаў, а таксама зменшацца абмежаванні працаўладкавання па захворванні. Напрыклад, людзі з сіндромам Даўна за мяжой зарэкамендавалі сябе як выдатныя работнікі ў сферы абслугоўвання.
Інваліды, як і здаровыя людзі, усе розныя. Адны гатовы браць, ды яшчэ і дзякуй не скажуць. Асабліва тыя, хто стаўся нямоглым па ўласнай легкадумнасці: злоўжываў алкаголем, аж пакуль не дапіўся да інваліднасці. Прывязеш такому “гуманітарку”, а ён яшчэ і носам круціць. Але большасць людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі ведаюць, што такое ўдзячнасць, і радуюцца самому знаку ўвагі.
Сёлета наша арганізацыя дапамагла двум сваім членам працаўладкавацца. Адзін узяты дворнікам, другі – адміністратарам пры Чырвоным касцёле ў Івянцы.
Наогул жа хачу сказаць, што інваліднасць – цяжкая ноша, але ўпадаць у адчай не варта. Той, хто мае мэту ў жыцці, імкнецца самарэалізавацца, абавязкова даб’ецца поспеху. Для многіх фізічныя абмежаванні не сталі перашкодай, каб адчуваць сябе шчаслівымі.
Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА