РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

5 снежня завяршаецца раённая дабрачынная акцыя “Клопат”. За гэты перыяд ад жыхароў Валожыншчыны ў раённае аддзяленне Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа паступілі адзенне, абутак, цацкі і іншыя рэчы.

 Кожная перададзеная дабрачынцамі рэч знайшла свайго ўладальніка. 56 адзінак адзення атрымалі 6 інвалідаў, 31 – адзінокія пенсіянеры, 32 адзінкі адзення перададзены дзвюм сем’ям перасяленцаў з Украіны, 252 – чатыром шматдзетным сем’ям і 320 – у Пяршайскую бальніцу сястрынскага догляду. Таксама тыя, хто мае патрэбу, атрымалі абутак, цацкі, пасцельную бялізну. Дзяліцца і дарыць заўсёды высакародна, лепш так, чым прасіць. Таму няхай папаўняюцца сродкі і паступаюць новыя рэчы ў скарбонку Чырвонага Крыжа, ім заўсёды знойдзецца прымяненне. Дабрачынныя акцыі працягваюцца.

Народны гурт народнага гумару “Дубінскія фанабэры” распачаў працу над чарговай праграмай – “Гэта вам не шуры-муры дубінскія субкультуры”.

 Мастацкі кіраўнік калектыву Валерый Мазура расказаў, што ў праграме будуць песні, танцы, жарты, падрыхтаваныя на мясцовым матэрыяле. А ўдзельнічаць у ёй будуць металісты, рокеры, панкі, эма з дубінскім менталітэтам, цікава будзе паслухаць дубінскі шансон і ўбачыць вясковы брэйк-данс. Мяркуецца, што ў новы год калектыў увойдзе з новай праграмай.

З 1 снежня работнікі раённай бібліятэкі прапануюць людзям з абмежаванымі магчымасцямі новую паслугу “Дамашні абанемент”. Ім на дом у зручны час даставяць неабходныя кнігі, акажуць і віртуальныя паслугі.

 Тыя, каму цяжка самастойна дабірацца ў бібліятэку, цяпер маюць магчымасць у зручны для сябе час атрымаць папярэдне заказаныя кнігі і часопісы. Сярод віртуальных бібліятэчных паслуг – рассылка інфармацыі па неабходнай тэме, паведамленне пра новыя паступленні літаратуры і інш. Зрэшты, такой паслугай, як дастаўка кніг на дом, чытачы карыстаюцца даўно, але не часта. Некаторым пажылым людзям кнігі выбіраюць сацыяльныя работнікі, якія іх абслугоўваюць.

Абласны турнір па боўлінгу сярод маладых лідараў сёлетняй уборачнай кампаніі прайшоў у сталічным “Мэдзісан-клубе”. Яго арганізатарамі сталі абкам БРСМ і абкам АПК Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў.

У складзе нашай каманды былі старшыня райкама галіновага прафсаюза Віктар Станіслававіч Гідлеўскі, галоўны бухгалтар РК БРСМ Юлія Лагуціна, вадзіцель ААТ “Лоск” Яўген Будрэвіч, маладзёжны экіпаж КСУП “Падбярэззе” Юрый Рагачэвіч і Дзяніс Макарэвіч. Сярод каманд з 21 раёна вобласці нашы аматары боўлінга занялі трэцяе прызавое месца.

Жыхар райцэнтра член Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам Аляксей Шчарбачэвіч у сацыяльных сетках даведаўся, што ў групе Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацыі вядзецца набор на доўгатэрміновыя курсы нефармальнай адукацыі “Школа адукатараў”.

 Гэта школа дзейнічае ў рамках міжнароднага праекта “Вучыцца, каб дзейнічаць”. Аляксей прайшоў папярэдні адбор і ўвайшоў у склад дзвюх груп з усіх абласцей рэспублікі. Трэці модуль заняткаў праходзіў у лістападзе на базе загарадняга клуба “Фестывальны” ля Ракава. Вялася размова пра якасці, якімі павінен валодаць трэнер, што праводзіць трэнінгі. А на першых расказвалася пра самі трэнінгі, хто іх можа праводзіць і для каго. Навучэнцы атрымліваюць веды, як правільна арганізаваць дадатковую нефармальную адукацыю дарослых. Дзеляцца вопытам людзі, якія самі ўжо нечага дасягнулі, на кожных занятках прысутнічаюць спецыялісты з народных універсітэтаў Германіі. У А. Шчарбачэвіча ёсць ужо пэўныя задумкі, дзе і як прымяніць набытыя веды.

25-27 лістапада ў Смаргоні прайшоў Рэспубліканскі турнір па міні-футболе сярод хлопчыкаў 2005 года нараджэння.

 У ім прынялі ўдзел 6 каманд юных футбалістаў: дзве каманды выставілі гаспадары ДЮСШАР “Смаргонь-2005” і “Смаргонь-2006”, прыехалі каманды Маладзечанскай і Пастаўскай ДЮСШ, прыватнай футбольнай школы з Ашмян і Валожынскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Выхаванцы трэнера А. Кавязы занялі трэцяе месца, прапусціўшы наперад толькі каманды гаспадароў поля.



Добавить комментарий