Трывалыя каранi…

Культура

Сяргей, прыязджаючы з Мінска на бацькоўскую сядзібу ў Брылькі, сотню разоў раўнадушна праходзіў каля старой ліпы, што з даўніх часоў расла ля плота.

 Дрэва было магутнае, разлапістае, вячыстае, але старасць усё ж перамагла ліпу, дзе летам у час цвіцення раі пчол па-ранейшаму дружна збіралі нектар. Як ні шкада было дрэва, але аднойчы вырашылі яго спілаваць. Перажывалі: калі ўзнімецца віхура, ліпа можа ўпасці на хату і разбурыць яе. Атакаваная вострай пілой, яна бездапаможна абрушылася на зямлю, запаланіўшы сабой увесь прасторны сад. На месцы старой прысады застаўся масіўны пень з вялікай трухлявай выемкай пасярэдзіне.

 Прайшло гадоў з дзесяць. А пень уладарна трымаў сваю моц, нібы свядома не паддаваўся далейшаму гніенню.

 Аднойчы, у чарговыя выхадныя, прыехаўшы з Мінска ў Брылькі, Сяргей стаў наводзіць парадак у садзе. Кінуў позірк і на месца, дзе некалі стаяла вялізазная ліпа. І калі вочы ўбачылі зялёныя расткі ў сярэдзіне трухлявага пня, то сэрца чамусьці міжволі ўстрапянулася, нязведаная дагэтуль радасць напоўніла цяплом нутро. Сяргей папракнуў сябе: пастарэў, відаць, таму і стаў сентыментальным.

 Мужчына адклаў убок рабочы садовы інструмент, і, прысеўшы, як дзіця, на калені, доўгі час правёў ля месца, дзе некалі расла цяністая ліпа. Маладыя зялёныя атожылкі дружна цягнуліся да сонца з пня. І гэта выклікала ў мужчыны неўтаймоўную радасць і хваляванне. Успомніў, як ён, будучы хлапчуком, часта з дзедам Іванам Антонавічам Радынам адпачываў летам у цяньку пад тым старым дрэвам. Унук дапытліва пазіраў, як дзед спрактыкавана выстругваў для хлопчыка драўляную рагатку – найпершую забаву вясковай дзятвы. Стары тады шмат чаго расказваў пра свой род, бацькоў. Распавядаў, напэўна, і пра таго з продкаў, хто пасадзіў гэту ліпу. Прадзед, а магчыма і прапрадзед азелянялі сядзібу… Цяпер тая інфармацыя мела б вялікую каштоўнасць, а тады Сяргею хацелася хутчэй займець жаданую рагатку, вырвацца з-пад дзедавай апекі і імчаць да сваіх равеснікаў. А сёння, калі ў самога ўжо пасерабрыла скроні, так шкадуе, што мала запомніў з усяго таго, пра што мудры дзядуля нетаропка распавядаў свайму нашчадку. Каецца Сяргей Уладзіміравіч, што не ведае нават, як звалі яго прадзеда, прабабку, а тым больш імёны прадстаўнікоў вельмі далёкіх пакаленняў. У сталым узросце ён зразумеў, як важна для яго гэта інфармацыя, як хочацца пра многае распытаць, ды дзяды адышлі ў вечнасць. А прырода, відаць, мудрэйшая за нас, людзей: беражэ, бароніць сваю спадчыну!

 З гадамі тыя кволыя расточкі ліпы ператварыліся ў дужы куст. Гаспадар сёлетняй вясной адрэзаў зверху галлё, сфарміраваўшы кусту акруглую прыгожую форму.

 Шмат “экзотаў” з’явілася на гэтай брылькоўскай сядзібе за апошнія дзесяцігоддзі. Сюды Сяргей Уладзіміравіч прыязджае цяпер як на дачу: на ўчастку растуць грэцкія арэхі, іншыя пладовыя дрэвы. Але ліпа, што зноў набіраецца сілы, найдаражэйшая. Памяць пра дзеда Івана жыве!

Ірына ПАШКЕВІЧ

 



Добавить комментарий