На спартакiядзе вызначылi пераможцаў

Официально

 У мінулую суботу на базе спартыўна-аздараўленчага комплексу “Брылькі” прайшла раённая спартакіяда сярод сельсаветаў.

 Галоўнай мэтай арганізатары мерапрыемства – раённы Савет дэпутатаў і аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама – вызначылі папулярызацыю фізічнай культуры і спорту сярод сельскага насельніцтва.

 У спаборніцтвах прынялі ўдзел 8 зборных каманд ад Івянецкага пасялковага і ўсіх сельсаветаў пад кіраўніцтвам старшынь.

 Праграма ўключала камандныя віды: кідкі ў баскетбольнае кальцо, набіванне футбольнага мяча, скачкі ў даўжыню, паркавы валейбол (2 мужчыны і 2 жанчыны), а таксама дартс (для капітанаў). Галоўным рэферы сустрэчы быў суддзя 1-й катэгорыі, інструктар ФАЦ “Надзея” Дзмітрый Францавіч Булакевіч.

 Найбольш паспяхова сустрэча з баскетбольным кальцом прайшла для валожынскай каманды (3-е месца), каманды Івянецкага (2-е месца) і Пяршайскага сельсаветаў (1-е месца).

 У спаборніцтвах па валейболе лепшымі сталі вішнеўская каманда (3-е месца) і івянчане (гарпассавет – 2-е месца, сельсавет – 1-е месца). У скачках у даўжыню месцы размеркаваліся наступным чынам: 3-е – Ракаў, 2-е і 1-е – Івянецкі сельсавет, Івянецкі гарпассавет. Вынік набівання футбольнага мяча: 3-е месца – Гародзькі, 2-е – Вішнева, 1-е – Ракаў.

 У агульнакамандным заліку 3-е месца занялі спартсмены Івянецкага гарпассавета, 2-е – Івянецкага сельсавета. На першую прыступку давялося падняцца прадстаўнікам ракаўскай каманды.

 Доўгачаканы момант узнагароджвання пераможцаў стаў яшчэ больш прыемным, калі было абвешчана, што за прызавыя месцы ў кожным відзе спорту прызначаны грашовыя прэміі. Ганаровыя кубкі, граматы і прызы лідары спаборніцтваў прынялі з рук старшыні раённага Савета дэпутатаў Сяргея Францавіча Глінскага і начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталлі Анатольеўны Чарнышовай, якія шчыра павіншавалі ўдзельнікаў.

 Падчас працэдуры ўзнагароджвання ад ГА “Белая Русь” былі ўручаны прыз за волю да перамогі камандзе Валожынскага сельсавета (4-е месца), а таксама прыз глядацкіх сімпатый прадстаўніцы гэтай жа каманды Віталіі Мешчанок.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Фота Сяргея БОБРЫКА



Добавить комментарий