Апантанасць зразумела без слоў

Культура

Мова музыкі – інтэрнацыянальная. Калі яна гучыць без фальшу, то аднолькава зразумелая ў любой краіне і ў перакладчыках не мае патрэбы.

Інструментальнаму ансамблю “ARS LONGA”, што перакладаецца як “Мастацтва вечна”, Ракаўскай дзіцячай музычнай школы ў леташнім кастрычніку споўніўся год. І за такі кароткі прамежак часу выкладчыкі-аднадумцы даказалі жыццяздольнасць “нованароджанага дзіцяці” і яго творчы рост. А ён відавочны і вельмі ўражальны. Год прайшоў у пастаянных канцэртных вандроўках па раёне і далёка за межамі, конкурсах. А завяршыўся запамінальнай творчай паездкай на радзіму многіх  знакамітых і сусветнавядомых кампазітараў – у Аўстрыю, адкуль артысты вярнуліся напярэдадні Новага года.

“Вечнае мастацтва” аб’яднала выкладчыкаў школы Аляксандра Антонавіча Корзюка (акардэон), Алёну Віктараўну Мялешку (скрыпка), Максіма Мікалаевіча Палуйчыка (бас-баян, бас-гітара), Ірыну Уладзіміраўну Афоніну (фартэпіяна) і дырэктара Юлію Аляксандраўну Мякінку (цымбалы). Менавіта ансамбль, канцэртная дзейнасць дазволілі ім рэалізаваць свае творчыя амбіцыі, прафесіянальны патэнцыял. І, трэба адзначыць, ацанілі іх намаганні не толькі ўдзячныя гледачы, але і журы конкурсаў розных узроўняў. Аднойчы падчас канцэрту ў мінскай школе з музычным ухілам там прысутнічаў прафесар з Аўстрыі, які займаецца арганізацыяй канцэртаў беларускіх выканаўцаў у сваёй краіне. Георгій Турыч мае славянскія карані, магчыма, таму як ніхто зразумеў задачу, пастаўленую перад сабой маладым самадзейным калектывам і высока ўзнятую творчую планку. Вынікам знаёмства стала запрашэнне на гастролі.

Два тыдні “АRS LONGA” гастраляваў па Аўстрыі, было дадзена больш за 30 канцэртаў. У асноўным выступленні праходзілі на розных сцэнічных пляцоўках Вены. Музыкантам з беларускай глыбінкі апладзіравалі студэнты і прафесарска-выкладчыцкі састаў кансерваторыі імя Гайдна, дзе яны потым давалі яшчэ і майстар-класы. Для саміх музыкантаў найбольш запамінальным стала сумеснае выступленне з Венскім мужчынскім хорам.

Хочацца пажадаць музыкантам-выкладчыкам пакарэння новых творчых вышынь у новым годзе.

Наталля ШТЭЙНЕР.



Добавить комментарий