РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

 2016 год выйшаў на фінішную прамую. З першых дзён снежня стартавалі шмат дабрачынных акцый і кампаній па падрыхтоўцы да Новага года, каб ніводнае дзіця не засталося без падарунка, каб у кожны дом прыйшло сапраўднае свята.

З мэтай аказання падтрымкі выхаванцам сацыяльнага прытулка, мнагадзетным сем’ям і сем’ям, у якіх выхоўваюцца дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, з 1 снежня па 16 студзеня 2017 года праводзіцца агульнарэспубліканская дабрачынная кампанія “Ёлка жаданняў”. Раённая арганізацыя Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа таксама аб’явіла збор падарункаў, цацак, кніжак, пісьмовых прылад для дзяцей. Набываючы падарунак свайму дзіцяці, купіце яшчэ адзін – для чужога, разам са сваімі дзецьмі прыйдзіце павіншаваць дзяцей у аддзяленне сацыяльнага прытулку, перадайце рэчы ў Таварыства Чырвонага Крыжа, дзе для іх знойдуць канкрэтных адрасатаў. Рабіце дабро!

29 лістапада ў Барысаве прайшоў абласны фестываль сярод аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў раённых тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва “Гарачае сэрца”. Такое мерапрыемства ладзілася ўпершыню.

Крыху раней у Стоўбцах адбыўся фінальны канцэрт, дзе нашы юныя артысты прадстаўлялі 15-хвілінную праграму “Валожынскаму краю славу спяваю”. На барысаўскую сцэну быў адабраны адзін з нумароў праграмы: выхаванец аддзялення Улад Рэут выканаў песню “Беларусь”. Наша аддзяленне атрымала сімвал фестывалю – крыштальнае сэрца і прэмію ў 100 рублёў, а ўсе 11 удзельнікаў канцэртнай праграмы – Ганаровыя граматы камітэта па працы і занятасці Мінскага аблвыканкама і ласункі для салодкага стала. Дарэчы, прынята рашэнне – на прэмію набыць для іх каштоўныя падарункі.

З мэтай актывізацыі дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах тэхнічнага профілю ўстаноў адукацыі ладзіцца конкурс “Тэхнаёлка”. 8 устаноў адукацыі прадставілі свае работы на раённы этап конкурсу.

Гэта была прастора для фантазіі і ўмелых рук. Ёлкі былі самыя розныя – з металічных прутоў, кампакт-дыскаў, алюмініевага дроту, з гадзіннікаў і разнастайных жалезных канструкцый з выкарыстаннем механізмаў, лямпачак. На абласны этап у Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі адпраўлены тры работы з Івянецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, па адной “тэхнаёлцы” з Валожынскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Гародзькаўскай СШ і Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната.

У гэтыя дні трыа выкладчыкаў Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў — дырэктар Юлія Мякінка (цымбалы), Кацярына Дварэцкая (акардэон) і Ірына Афоніна (фартэп’яна) — у складзе ВІА “Белая ружа” прымае ўдзел у міжнародным фестывалі “Ражджаство ў Венскай ратушы”. Фестываль праходзіць з 3 па 9 снежня.

З ансамблем, які адгалінаваўся з аматарскага хору, дзе шмат гадоў спявалі выкладчыкі Ракаўскай школы, супрацоўнічаюць даўно. Да фестывалю ў Аўстрыі яны падрыхтавалі асобную праграму, якая ўключае класічную музыку, у прыватнасці, “Поры года” А. Вівальдзі, беларускую музыку і эстрадныя творы. Таксама будуць выступаць у складзе ансамбля.

“Хоць і восень прыйшла, але ні хвіліны спакою” – так называлася дзвюхгадзінная справаздачная канцэртная праграма клуба ветэранаў “Верас”, які дзейнічае пры РЦК. Самадзейныя артысты ў той нядзельны дзень сабралі поўную залу. Кожны нумар гледачы сустракалі шчырымі апладысментамі, не скупіліся на кветкі і воклічы “Брава!”.

Вялі канцэрт кіраўнік клуба Ларыса Дзмітрыеўна Гладчанка і салістка, член народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Галіна Іванаўна Філяноўская. Са сцэны гучалі беларускія народныя песні і эстрадныя творы ў выкананні хору, вакальнай групы, мужчынскага квартэта, дуэтаў. Вярталі гледачоў у гады юнацтва і маладосці салісты Лілія Саевіч, Таццяна Вяршыцкая, Аляксандра Журкевіч, Ганна Марачэўская, Іосіф Сухавецкі, іншыя выканаўцы. Трапнымі радкамі баек і вершаў стваралі настрой чытальніцы Рыма Макей, Марыя Іода, Галіна Філяноўская. Кожны твор ішоў ад душы, адгукаўся ў сэрцах прысутных, нават выклікаў слёзы. Можна сказаць, што ў праграме не было прахадных нумароў. Усё было адточана да дробязяў. Шчырымі словамі вітаў самадзейных артыстаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. М. Адамовіч, які і выказаў ад імя прысутных падзяку за цудоўны настрой, высокае майстэрства.



Добавить комментарий