Здраўнiцы рэспублiкi чакаюць вас

Общество

Сёння кожнаму, хто клапоціцца аб сваім самаадчуванні, патрэбна ведаць, што адпачыць і атрымаць якасныя медыцынскія паслугі можна ў здраўніцах краіны.

На тэрыторыі раёна прадстаўніком Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва з’яўляецца Алег Іванавіч СКАДОРВА. У яго абавязкі ўваходзіць каардынацыя дзейнасці раённых служб у гэтай сферы. Сёння мы атрымаем адказы на некаторыя пытанні, што тычацца сістэмы аздараўлення.

 – Алег Іванавіч, раскажыце, калі ласка, хто мае права на санаторна-курортнае лячэнне, у тым ліку бясплатнае?

 – Пры наяўнасці медыцынскіх паказчыкаў і пры адсутнасці супрацьпаказчыкаў наведаць санаторый за поўны кошт пуцёўкі можа кожны жадаючы. На аздараўленне з выкарыстаннем дзяржаўных сродкаў сацыяльнага страхавання і рэспубліканскага бюджэту могуць прэтэндаваць працуючыя грамадзяне, а таксама непрацуючыя, якія дасягнулі пенсіённага ўзросту і маюць поўны працоўны стаж, уключаючы сілавыя структуры.

 Дзеці працуючых бацькоў (у тым ліку і прадпрымальнікаў), дзеці-інваліды, людзі пенсіённага ўзросту з інваліднасцю 1-й і 2-й груп, інваліды, удзельнікі і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, блакаднікі, ліквідатары аварыі на Чарнобыльскай АЭС таксама могуць атрымаць бясплатнае лячэнне ў здраўніцах рэспублікі. Ветэраны і ўдзельнікі вайны з прычыны ўзросту зараз даволі рэдка наведваюць здраўніцы. Аднак зусім нядаўна жыхар вёскі Новы Двор, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, скарыстаў такую магчымасць.

 Дарэчы, права на бясплатную пуцёўку інваліды страчваюць, калі інваліднасць наступіла ў выніку супрацьпраўных дзеянняў ці з прычыны алкагольнага, наркатычнага, таксічнага ап’яненняў ці членашкодніцтва.

 – Як складваюцца абставіны з аздараўленнем дзяцей?

 – Бясплатная пуцёўка прадастаўляецца адзін раз у год. Больш запатрабаваным з’яўляюцца летняе аздараўленне. Пуцёўкі на асенне-зімовы перыяд рэалізоўваюцца цяжэй. На аздараўленне дзіця можна адпраўляць з трох гадоў. Большасць з іх – 143 чалавекі – адпачывалі ў санаторыі “Налібоцкая пушча”. Да таго ж, 230 школьнікаў аздараўляліся ў лагерах, якія працавалі на базе школ. 15 хлопчыкаў і дзяўчынак да 18 гадоў з інваліднасцю змаглі адпачыць у суправаджэнні бацькоў.

 – Ці карыстаецца санаторны адпачынак папулярнасцю ў пенсіянераў?

 – Яшчэ як! Пенсіянеры – актыўныя наведвальнікі санаторыяў. Мы не маем магчымасці прадаставіць ільготныя пуцёўкі ўсім жадаючым своечасова. Таму сярод гэтай катэгорыіі існуе чарга. У бягучым годзе задаволена жаданне прайсці лячэнне 19 ветэранаў працы, на ўліку 130 жадаючых. Безумоўна, можна аздараўляцца за поўны кошт пуцёўкі, але гэта, на жаль, не ўсім даступна. Зараз многія дзеці нашых паважаных грамадзян з задавальненнем прадастаўляюць такую магчымасць бацькам. Пуцёўкі-падарункі пажылым людзям набываюць папулярнасць.

 – Куды трэба звярнуцца чалавеку, што працуе, каб трапіць у санаторый? Якія дакументы патрэбна прадаставіць, у тым ліку пенсіянерам?

 – У кожнай арганізацыі існуе камісія па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні. Туды і трэба звяртацца з заявай. Санаторыі з’яўляюцца медыцынскімі ўстановамі, таму жадаючым карыстацца іх паслугамі неабходна прадаставіць даведку аб стане здароўя, у якой абавязкова павінна быць паметка аб неабходнасці санаторна-курортнага лячэння. Для ветэранаў працы неабходна копія пенсіённага пасведчання, для інвалідаў – копія інваліднага пасведчання. Для пацвярджэння таго, што пенсіянер не працуе, прадастаўляецца копія працоўнай кніжкі. Неабходна таксама даведка аб сукупным даходзе за дванаццаць месяцаў. З улікам вашых даходаў і сярэдняй зарплаты па рэспубліцы за пазамінулы месяц вылічваецца каэфіцыент, па якому прыйдзецца аплаціць кошт пуцёўкі. Працэдура набыцця пуцёўкі не складаная. Па магчымасці выконваюцца ўсе пажаданні грамадзян, ажыццяўляем нават перанос тэрміну пуцёўкі. У бягучым годзе па лініі сацыяльнага страхавання адпачылі 152 прадстаўнікі працоўных калектываў раёна і 98 іх дзяцей.

 – Скажыце, пуцёўку можна набыць толькі ў беларускія здраўніцы?

 – Непрацуючыя пенсіянеры, інваліды 1-й, 2-й групы і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны могуць аздаравіцца толькі на тэрыторыі рэспублікі. Працуючыя грамадзяне і іх дзеці могуць наведаць здраўніцы, як у нашай краіне, так і тыя, што належаць Беларусі, але знаходзяцца на тэрыторыі іншых краін.

 – У наведванні санаторыяў якога профілю найбольш зацікаўлены жыхары Валожыншчыны?

 – Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца лячэбна-аздараўленчыя ўстановы, дзе можна адпачываць людзям з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы, апорна-рухальнага апарату, органаў дыхання. Карыстаючыся магчымасцю хачу напомніць патэнцыяльным адпачываючым, што наша прадстаўніцтва змяніла адрас. За пуцёўкай зараз неабходна звяртацца па адрасе: г. Валожын, пл. Свабоды, 4, 2-гі паверх (ваенкамат). Даведку можна атрымаць па тэлефоне: 54283.

Гутарыла Валянціна КРАЎНЕВІЧ

 



Добавить комментарий