Смех – сур’ёзная справа

Официально

Ракаўскі цэнтр народнай творчасці ладзіў вечарыну, прысвечаную 120-годдзю знакамітага пісьменніка, байкапісца, драматурга, вучонага, акадэміка Кандрата Крапівы.

 Адказна аднесліся да ўдзелу ў вечарыне як гаспадары, так і госці. Бо, як кажуць, смех – гэта сур’ёзная справа.

 Валерый Мазура, мастацкі кіраўнік народнага гурта гумару “Дубінскія фанабэры”, згадаў факт са сваёй біяграфіі, калі аднойчы ва ўніверсітэцкай сталоўцы аказаўся за столікам разам з Крапівой, ды яшчэ сярбалі адну і тую ж страву – капусту. Паэтка, кіраўнік літаратурнага аб’яднання “Рунь” Валянціна Гіруць-Русакевіч прапанавала падчас літаратурнага свята ў Люцінцы паставіць памятную пліту ў гонар юбіляра (Кандрат Атраховіч у 1914 годзе працаваў настаўнікам у былой Мішанскай школе). Літаратуразнавец, прафесар, акадэмік Вячаслаў Рагойша зазначыў, што Кандрат Кандратавіч быў пунктуальным чалавекам нават ужо ў вельмі сталым узросце, заўсёды акуратным, педантычным. Як ён скрупулёзна працаваў над кожным словам, рэдагуючы пяцітомны Тлумачальны слоўнік беларускай мовы.

 Кандрат Крапіва вядомы найперш як сатырык, які сваім вострым пяром вымятаў усё адсталае, шкоднае, ману, фальш, хцівасць, чалавечую мізэрнасць… І гэта сатырычная накіраванасць яго твораў была па-мастацку перададзена на вечарыне праз чытанне і інсцэніраванне баек і п’ес юбіляра.

3-6-12

 Пацешна было глядзець, як усім добра вядомую байку “Дзед і баба” інсцэніравалі вучні 5 «В» класа, дзе класным кіраўніком з’яўляецца малады спецыяліст, настаўніца Ганна Уладзіміраўна Конаўка. А байка “Шляхі да ісціны” знайшла сцэнічнае ўвасабленне, дзякуючы артыстычным здольнасцям вучняў 10-11 класаў і іх настаўніцы Людміле Чаславаўне Васілеўскай. Аматарка мастацкага слова, актыўная ўдзельніца шматлікіх імпрэз Яўгенія Харужык падзялілася ўспамінамі з далёкага дзяцінства і падарыла ўсім хвіліны асалоды ад па-майстэрску прачытанай ёй байкі. Шмат пазітыву ўнесла выступленне Валерыя Мазуры, які прафесійна парадыраваў папулярных асоб на рускай, польскай, англійскай мовах, падаючы сваю версію байкі “Дзед і баба”. Сарваў у залы буру авацый і смеху Анатоль Голуб, вядучы майстар сцэны драматычнага тэатра імя М. Горкага, які чытаў з трыбуны маналог Гарлахвацкага і настолькі захапіў сваёй ігрой, што выклікаў рэплікі з залы, якія хвацка ўпісаліся ў прамову “вучонага-палеантолага”, і стварылася натуральная карціна навуковай рады з камедыі “Хто смяецца апошнім”.

 Усіх прысутных заваражыў сваёй ігрой на дудзе музыка, майстар па вырабе музычных інструментаў Алесь Лось. А як жа было абысціся без узорнага дзіцячага калектыву “Вянок” (кіраўнік Лізавета Пятроўская). Танцы, спевы калектыву арганічна ўпляталіся ў сюжэтную канву мерапрыемства і нібы былі тэматычным працягам папярэдне прачытанай байкі.

 Паважаным гасцям і актыўным удзельнікам былі ўручаны падзякі, кветкі, а дзецям яшчэ і салодкія пачастункі.

Людвіка ТАЎГЕНЬ

 Фота Анастасіі БАКУШАВАЙ



Добавить комментарий