Галодны поле пройдзе, а голы – не

Общество

Прыхільнікі “Працоўнай славы” ўдзячны настаўніцы Л. С. Таўгень за новую рубрыку “Мовазнаўчы досвед”. Чытач даведаецца не толькі пра значэнне многіх добрых слоў, такіх мілых, ласкавых, пяшчотных, але навядзе на ўспамін жыццёвы, вельмі цікавы і значны ў лёсе людзей.

Гэтыя словы не павінны знікнуць з нашага жыцця, бо, сапраўды, рубрыка мае прыцягальныя грані – папулярызаваць слова, каб нашчадкі не забылі мову, а дэвіз яе такі: “Нішто так не ўпрыгожвае чалавека, як любоў да спадчыны”.

Калі прачытала рубрыку “Мовазнаўчы дослед”, адразу ўсплыло ў маёй памяці слова “гасцінец”, а разам з ім успаміны пра дзяцінства, калі быў бацька, калі пра мяне нехта клапаціўся. У Тлумачальным слоўніку даецца сэнс слова: рэч, ласунак ад госця, дадзены каму-небудзь; вялікая бойкая дарога, звычайна абсаджаная дрэвамі, гэта можа быць шлях, тракт. У нашай мясцовасці ўжывалі слова не “дарога”, а “гасцінец”.

Вёску знішчылі немцы, трэба было выжыць. А дзе браць грошы? Вясковыя людзі шмат працавалі, многа сеялі, а збожжа вазілі прадаваць на кірмаш. У бацькі быў конь Лэб, уладзімірскай пароды, цягнуў, здаецца, тоны. Накідвалі поўны воз мяшкоў. Выязджалі цямном, дзесьці ў 3 гадзіны ночы. Бацька браў мяне з сабой. Сам апранаўся і абуваўся чыста, бо вясковыя людзі пасля вайны хадзілі босыя, і мне абувалі туфелькі. Я ехала ў якасці вартаўніка воза. Маці ўкрывала ногі цёплай коўдрай, я сядзела на кажушку.

Звычайна ехалі гасцінцам на Івянец, які цягнуўся 18 кіламетраў праз прыгожы лес. Цішыня, але птушкі не спалі. Як даязджалі да Баравікоўшчыны, то з кожнай вёскі далучаліся такія ж падводы з зернем, а ўжо да Івянца ехаў цэлы абоз. У нашай мясцовасці да 1949 года былі аднаасобнікі, таму збожжа было многа.

Пачынаўся гандаль. Калі палова мяшкоў была прададзена, бацька на нейкі момант знікаў і прыносіў мне гасцінец – цукеркі, падушачкі ледзянцовыя, жоўтыя, чырвоныя, зялёныя, і з павідлам, і ў какаве. Ніколі ў жыцці не ела такіх смачных цукерак! Пасля вайны не песцілі дзяцей цукеркамі, нават школьны Дзед Мароз быў бедны. А тут як вартаўніку перападала!

Яшчэ запомнілася, што многа ж з вёскі ехала фурманак, але я не бачыла, каб гаспадары складаліся на гарэлку ды пілі. Не было моды. А грошай было шмат, бо пуд жыта каштаваў 500 рублёў на той час і зарплата настаўніка была 500 рублёў. Бацькі гаварылі: “Галодны поле пройдзе, а голы – не”.

Кожнае слова нясе ў сабе вялікі жыццёвы патэнцыял – свет, дабро, перамогу, успамін, любоў, надзею. Няхай будзе больш важных з’яў у жыцці кожнага, неабходна ўжываць больш добрых слоў. Слова мае вялікую матэрыяльную сілу, таму з імі трэба быць асцярожнымі.

Данута ШАЎЛОЎСКАЯ,

жыхарка вёскі Янушкавічы.



Добавить комментарий