Перамога кожнага — радасць агульная

Общество

Валожыншчына зноў сабрала ўдзельнікаў інклюзіўнага фестывалю “Асаблівы сусвет”.

На гэты раз паказаць на галоўнай  сцэне раёна свае таленты прыехалі госці са Стаўбцоўшчыны, Вілейшчыны, а таксама выхаванцы Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця, Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната. Найбольш канкурсантаў аказалася з Валожына: наведвальнікі дзённага аддзялення для маладых інвалідаў, навучэнцы гімназіі, карэкцыйнага цэнтра.

Місію арганізатара такога маштабнага мерапрыемства ўзяў на сябе тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Спонсарамі выступілі філіял ААТ “Белаграпрамбанк” у Валожыне, прыватныя прадпрыемствы “Белая кветка” і “Еўраколас”, УП “Мантажбудкамплект-Профіль”, індывідуальныя прадпрымальнікі Андрэй Тадэвушавіч Бразінскі, Аліна Дзмітрыеўна Занямонец, Вольга Максімаўна Макоўская, РА “БРСМ”. Падтрымку на сцэне аказаў танцавальны ансамбль “Непаседы” (кіраўнік Н. П. Шыркова) з Цэнтра дзіцячай творчасці.

Фестываль “Асаблівы сусвет” акурат і адбываецца для таго, каб людзі з асаблівасцямі фізічнага развіцця адчулі сябе мацнейшымі, запатрабаванымі, цікавымі для іншых сваімі талентамі, уменнямі.

Адкрываючы конкурс-фестываль начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі В. М. Адамовіч сказаў: “Інклюзіўны падыход – этыка прыняцця інваліда ў грамадстве. Мы павінны не размяжоўвацца, а клапаціцца, каб кожны чалавек, які прыйшоў у гэты свет, раскрыў свой патэнцыял і жыў сярод нас, як роўны…” Потым слова ўзяў айцец Дзмітрый. Ён нагадаў аб той увазе, якую дзяржава ўдзяляе і здаровым, і хворым, заклікаў прысутных быць міласэрнымі адно да аднаго: “Хто ведае, што такое норма? Усе не могуць аднолькава думаць і разважаць, выконваць разумовую ці фізічную працу. Але мы роўныя перад Богам”.

Канцэртную праграму адкрылі наведвальнікі дзённага аддзялення для маладых інвалідаў і іх выхавальнікі. Гледачы засталіся ў захапленні ад выступлення Уладзіслава Рэўта, масавай сцэнічнай пастаноўкі з песнямі, танцамі, жартамі. Адчуваецца, што ў аддзяленні праводзіцца неймаверная работа. Наладзіць яе на высокім узроўні змагла загадчыца аддзялення, а па сумяшчальніцтву старшыня раённага аддзялення Беларускага Саюза маладых інвалідаў Л. У. Шчарбачэвіч.

На фестывалі самай масавай аказалася намінацыя “Сцэнічнае майстэрства”. У ёй сіламі мераліся і івянчане, і валожынцы. Прадстаўлены былі не толькі ўстановы. Мама Алеся Міхайлаўна Міскевіч падрыхтавала нумар “Апошні пялёстак”, у якім выступілі яе сын, пераможца Міжнароднага літаратурнага конкурсу “Казка ў Навагоднюю ноч” Уладзіслаў Міскевіч, яго сястра і сяброўка. У танцавальным спаборніцтве таксама не абышлося без прыватнага падыходу: танец “Лялька” выканалі гімназісткі Яна Зянько і Даша Міскевіч, кампазіцыю якога прадумала мама Настасся Міхайлаўна Зянько.

Найбольш журы давялося “папацець” пры ацэнцы вакалістаў. Сем удзельнікаў прадэманстравалі і артыстычны талент, і ўменне кранальна спяваць. Другое месца ў гэтым конкурсе падзялілі Уладзіслаў Рэўт з Валожына і Яўген Баешка з Івянца. Перамога ж дасталася вучаніцы 2 “Б” класа гімназіі Юліяне Вярыга. Тройку прызёраў замкнула выхаванка івянецкага дома-інтэрната Алена Лысенка.

Навучэнка Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў Ірына Кадырка атрымала першае месца за ігру на цымбалах. Яе сапернікам быў цэлы аркестр з выхаванцаў Чэхаўшчынскай дапаможнай школы. Яны выступалі ў навагодніх касцюмах і так па-заліхвацку выканалі мелодыю, што зала доўга не адпускала іх са сцэны. Навагоднія матывы падтрымала і шоу мыльных бурбалак, якое адбылося перад “вердыктам” журы.

Напрыканцы фестывалю былі раздадзены падарункі ўсім удзельнікам. Але, галоўнае, што кожны, хто пабываў на мерапрыемстве, пакінуў яго з радасцю ў сэрцы і ў добрым настроі.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий