Рэгiянальныя навiны

Общество

РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ

ад члена Саюза журналістаў Беларусі

Наталлі ШТЭЙНЕР

Тэл. 55679, Velcom 3933728       nshtejner@mail.ru

 

У першы дзень снежня 3 супрацоўнікі Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі праводзілі ў Валожыне і раёне ананімнае сацыялагічнае апытанне на тэму “Маё сацыяльнае самаадчуванне”.

На пытанні спецыяльна распрацаванай анкеты адказалі 86 жыхароў райцэнтра і 114 розных населеных пунктаў раёна, былі апытаны людзі самых розных узростаў, сацыяльных слаёў, адукацыі. Інтэрв’юеры цікавіліся зменамі ў матэрыяльным становішчы, даходамі, упэўненасцю ў заўтрашнім дні, задаволенасцю дзеяннямі мясцовай выканаўчай улады і нават думкамі пра будаўніцтва другой кальцавой аўтадарогі.

 

 

Прынята рашэнне райвыканкама “Аб узгадненні РУП “Валожынскі жылкамунгас” пляцовак для складзіравання снегу ў асенне-зімовы перыяд 2016-2017 гадоў”.

Дакумент узгоднены з раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і галоўным дзяржаўным санітарным урачом раёна. Вызначаны тры месцы для складзіравання снегу. У Валожыне – пляцоўка ў раёне ачышчальных збудаванняў РУП “Валожынскі жылкамунгас”, у гарпасёлку Івянец – пляцоўка ў раёне ачышчальных збудаванняў ААТ “1-я Мінская птушкафабрыка”, у аграгарадку Ракаў – пляцоўка ў раёне міні-палігона ля вёскі Монькі.

 

Напрыканцы лістапада на базе Валожынскага лясгаса прайшоў абласны семінар галоўных ляснічых і інжынераў па паляўнічай гаспадарцы лясгасаў на тэму “Выкананне паляўнічагаспадарчых і біятэхнічных мерапрыемстваў у лесапаляўнічай гаспадарцы Мінскай вобласці”. У ім прынялі ўдзел каля 50 чалавек.

Удзельнікі семінара наведалі наш лясгас, дзяржаўны ландшафтны заказнік “Налібоцкі”, дзе азнаёміліся з базай для развядзення цецерукоў і экалагічнай сцежкай. Пабывалі яны таксама ў месцы прыпынку паляўнічых ва ўрочышчы “Шуловічы”, дзе ўбачылі домік для прывалу паляўнічых і месца для складзіравання дзічыны. Работнікі лясгаса прадэманстравалі комплекс біятэхнічных мерапрыемстваў – аглядавыя вышкі, падкормачныя пляцоўкі для дзікай жывёлы, пераносныя стралковыя лініі, якія асабліва ўразілі калег з іншых лясгасаў вобласці

 

Вакальны ансамбль польскай песні “Івянчанка” Івянецкага гарпасялковага аддзела ГА “Саюз палякаў на Беларусі” быў запрошаны на святкаванне 25-годдзя Магілёўскага абласнога і гарадскога аддзяленняў гэтага грамадскага аб’яднання. Самадзейныя артысты выступілі ў завяршэнні святочных мерапрыемстваў з паўгадзіннай праграмай.

 

З 5 снежня ў раёне стартавала акцыя “Бяспечны Новы год”, разлічаная на тое, каб папярэдзіць любыя пазаштатныя сітуацыі на навагодніх ранішніках і святочных мерапрыемствах. Пройдзе акцыя ў чатыры этапы.

На першым этапе супрацоўнікі РАНС наведаюць дзіцячы санаторый “Налібоцкая пушча”, другі пройдзе ва ўстановах адукацыі і дзіцячых дамах сямейнага тыпу. Падчас трэцяга этапу яны наведаюцца ў дзіцячае аддзяленне райбальніцы, на апошнім – пабываюць у месцах масавага знаходжання людзей. У дні акцыі ў даступнай форме будуць праведзены прафілактычныя навучальныя гутаркі, тэматычныя конкурсы і гульні, што дазволяць замацаваць атрыманыя веды, многія дзеці атрымаюць падарункі ад выратавальнікаў.

 

Падведзены вынікі раённага этапу конкурсу на лепшую сувенірную работу сярод педагагічных работнікаў. Былі прадстаўлены падзелкі ў самых розных відах творчасці – ад больш звыклых мастацкай вышыўкі, керамікі, выцінанкі, фларыстыкі да дэкупажу і квілінгу, роспісу па тканіне.

У намінацыі “Віншавальная паштоўка” лепшай прызнана работа Таццяны Гуд з Выганіцкага дзіцячага сада “Бусляня”, у намінацыі “Жывапіс, графіка” перамагла работа Ганны Янчанка “А снег кружыць” з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна, у намінацыі “Роспіс па тканіне, шкле, дрэве” адзначана Юлія Гісіч з СШ № 1 райцэнтра  — работа ў тэхніцы батык “Калядныя сустрэчы”. Больш за ўсё работ адзначана ў намінацыі “Кераміка”, прадстаўлены яны педагогамі дадатковай адукацыі Івянецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Лепшымі прызнаны твор Юрыя Чараповіча “Мая Беларусь”, свяцільня “Хатка” Веранікі Скрыпкі, керамічны выраб “Калядная зорка” Уладзіміра Скрыпкі, падсвечнік Алега Капусты і пано “Спадчына” Ірыны Капусты. Лепшай мастацкай вышыўкай названа работа “Беларускі снегавік” аўтара Валянціны Гаваруновай з Ракаўскай СШ. Лепшай выцінанкай прызнаны твор “З Калядамі” Людмілы Бібік з Сівіцкага ВПК дзіцячы сад-базавая школа.

 



Добавить комментарий