Агляд падзей

09-12-2016-4

У РАЁННАЙ ГАЗЕЦЕ ЗА снежань 1971 ГОДА

ЧАМУ ЗМЯЛЕЛI МАЛОЧНЫЯ РЭКI?

У выканкаме абласнога Савета дэпутатаў працоўных абмеркавалі нездавальняючае выкананне плана вытворчасці і продажу малака дзяржаве гаспадаркамі Валожынскага раёна.

Калгасы і саўгасы раёна за 10 месяцаў зменшылі валавы надой малака ў параўнанні з леташнім на 2133 тоны. Сярэдні надой малака на карову склаў 1885 кілаграмаў супраць 2102 у мінулым годзе.

Нездавальняюча выконваецца план продажу прадукцыі дзяржаве. За 10 месяцаў нарыхтавана на 4956 цэнтнераў малака менш, чым за гэты перыяд летась.

Асобныя гаспадаркі дрэнна падрыхтаваліся да зімоўкі жывёлы, не арганізавалі з самага пачатку стойлавага перыяду паўнацэннае кармленне кароў. У выніку ў 11 гаспадарках вытворчасць малака знізілася. Напрыклад, у калгасе “17 верасня” сутачны надой на карову складае толькі 1,9 кілаграма, а на ферме “Маршалкі” – 1,4.

 

ПА ПУЦЁЎКАХ ПРАФСАЮЗА

Сёлета за 9 месяцаў у санаторыях пабывала 105 працаўнікоў раёна, у дамах адпачынку – 61, 50 чалавек ездзілі па турыстычных пуцёўках.

Шмат пуцёвак было выдзелена для хлебаробаў саўгасаў “Радзіма” і “Падбярэззе”, калгасаў “17 верасня”, імя К. Маркса, “1 Мая”.

Так, з калгаса імя К. Маркса ў санаторыях, дамах адпачынку пабывала 15 чалавек. Шафёры Альбін Пташнік, Генадзій Жаборт, Станіслаў Жылінскі, Адам Клішэйка падмацавалі сваё здароўе ў санаторыі “Крыніцы”. Поўныя бадзёрасці і здароўя вярнуліся з адпачынку працаўнікі калгаса “17 верасня”: даяркі Яніна Карпук, Надзея Таўгень, слесар Вячаслаў Бубневіч, малады трактарыст Станіслаў Вербіч і інш.

ТОРФУ ХОПIЦЬ

Брыгадзір трактарнай брыгады Каліноўскага спецаддзялення “Сельгастэхнікі” І. Сухадолец падводзіць вынікі працы свайго калектыву:

“Прыемна адзначыць, што план першага года новай пяцігодкі выконваецца паспяхова. За 11 месяцаў наша брыгада нарыхтавала 340 тон торфу пры плане 280 тон. У гаспадаркі раёна дастаўлена 60,9 тоны тарфакрошкі.

Добра стараліся члены нашай брыгады. Аб’ём выкананых імі работ за 11 месяцаў дасягнуў 132,7 тысячы рублёў. Мы правапнавалі 6777 гектараў кіслых глеб, на 3584 гектарах унеслі мінеральныя ўгнаенні”.

 

 

ВЫМПЕЛ – ВЯЗАЛЬШЧЫКАМ

Майстар трыкатажнага цэха Валожынскага КБА Я. Кезік дзеліцца поспехамі калег: “Вымпел пераможцу ў сацыялістычным спаборніцтве на ўдарнай працоўнай вахце прысуджаны калектыву работнікаў трыкатажнага цэха Валожынскага КБА.

Рабочыя сталі дабівацца асабліва добрых поспехаў у працы пасля таго, як асвоілі новыя фангавыя вязальныя машыны, якія вяжуць у тры ніткі. Цяпер заказы выконваюцца хутчэй.

Словы ўдзячнасці гавораць заказчыкі ветэрану нашага цэха М. Косік, вопытным рабочым В. Пукала і В. Кавалёнак. У тым, што вязальшчыцы перавыконваюць норму выпрацоўкі, вялікая заслуга і наладчыка фангавых машын А. Гаспарэвіча”.

 

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

Новую печ для сушкі льнотрасты ў калгасе “Верны шлях” сканструяваў галоўны інжынер гаспадаркі І. М. Рэут. У дзень яна высушвае дзве тоны трасты.

 

Валожынскі галаўны масласырзавод датэрмінова выканаў і перавыканаў гадавое заданне па выпуску тлустых вырабаў, абястлушчанай прадукцыі і выпуску марожанага. За гэты час насельніцтву паступіла 699 тон тлустых сыроў, 50 тон марожанага і 144 тоны абястлушчаных вырабаў.

 

    Паляўнічыя калектывы раённага Савета Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў паспяхова пачалі сезон па нарыхтоўцы дзічыны. На дзяржаўны здатачны пункт паступіла 788 кілаграмаў мяса. 466 кілаграмаў каштоўнай прадукцыі адпраўлена на экспарт.

 

    За кошт асабістых зберажэнняў грошай у ашчадных касах сёлета набыта працоўнымі раёна 36 легкавых аўтамашын “Жыгулі”, сотні матацыклаў, тэлевізараў, радыёпрыёмнікаў і іншых каштоўных рэчаў.

 

На гандлёвую базу раённага аб’яднання “Сельгастэхнікі” паступіла 12 зернявых камбайнаў “СК-4”, 4 камбайны “СКБ-4”, 22 сеялкі “СУТ-47”. Тэхніка адпраўляецца ў калгасы і саўгасы раёна.

 

“ГАРАЧАЯ” ПРАБЛЕМА

Пажары на вытворчых грамадскіх пабудовах прыносяць вялікі матэрыяльны ўрон гаспадаркам, дзяржаве.

У нашым раёне агнём знішчаны тры льносушылкі, пункт апрацоўкі льну і агрэгаты, склад запасных частак, кароўнік, у якім загінула шэсць кароў і дзевяць цялят. Моцна пацярпелі ад агню калгасы “Праўда”, “Чырвоны сцяг”, імя Горкага, “Краіна саветаў”, імя Мічурына, саўгас “Залескі”.

Пажары ўзнікалі тут па розных прычынах: ад замыкання электраправодкі, ад няправільнай эксплуатацыі кормазапарнікаў, ад курэння. Гэта гаворыць аб тым, што асобныя кіраўнікі гаспадарак удзяляюць недастатковую ўвагу пытанням пажарнай бяспекі. Таму правільна робяць у тых калектывах, дзе ні адзін выпадак парушэння пажарнай бяспекі не застаецца незаўважаным, дзе строга караюць за праяўленую неасцярожнасць у абыходжанні з агнём.

 

ПIЯНЕРЫ – СЯБРЫ ВЕТЭРАНАЎ

  Інвалід Вялікай Айчыннай вайны М. Ламака даслаў у рэдакцыю ўдзячны ліст:

“Нас, пенсіянераў і інвалідаў вайны з вёскі Янушкавічы, клопатам і ўвагай акружылі піянеры атрада імя Колі Гойшыка Пяршайскай СШ. Юныя шэфы дапамагаюць у любой справе. І нам удвая прыемна ад таго, што амаль усе яны вучацца на “выдатна”, дружныя, працавітыя. Восенню піянеры сумесна са сваім класным кіраўніком Анастасіяй Ільінічнай Макрыцкай, атраднай важатай Аняй Голуб выкапалі мне бульбу з прысядзібнага ўчастка. Убраць ураджай клубняў дапамаглі яны таксама і многім іншым пенсіянерам нашай вёскі”.

 

 

АБЯЦАНКI-ЦАЦАНКI

У вёсцы Вуглы налічваецца каля 200 двароў. Але тут няма медпункта, васьмігадовай школы, не ходзіць аўтобус.

Ёсць магазін, але ў ім з-за дрэннай дарогі, асабліва восенню і вясной, не бывае самых неабходных прадуктаў і тавараў. А якія пакуты пераносяць дзеці, пакуль дабяруцца да школы па раз’езджанай, балотнай дарозе! Неаднойчы на агульным сходзе калгаснікаў падымалася пытанне аб будаўніцтве дарогі да вёскі. І заўсёды старшыня калгаса “Рассвет” абяцае. Але выніку вяскоўцы ніяк не могуць дачакацца.

 

 

КАЛI БУДЗЕ ЯКАСНЫМ ХЛЕБ?

Гэта пытанне турбуе многіх жыхароў горада і раёна. З пякарні выходзяць роўныя прыгожыя боханы. А калі яны паступаюць у магазін, то ад першапачатковага выгляду і следу не застаецца.

Часцей за ўсё да пакупнікоў хлеб даходзіць пацісканы, пакрышаны, адвальваецца верхняя скарынка. Аказваецца, такім ён робіцца пры транспарціроўцы. Справа ў тым, што ў хлебных фургонах няма паліц, буханкі навальваюць адна на адну хаатычна, і ад гэтага ў іх такі непрывабны выгляд. Вось толькі незразумела, чаму дырэкцыя, інжынеры, тэхнолагі хлебазавода не цікавяцца, у якім стане даходзіць іх прадукцыя да пакупнікоў.

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ

 

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars