Наша зямлячка Яна Кароль пакарае NASA

Молодежный курьер

У апошнія дні лістапада на сайце TUT.BY  з’явілася навіна: мінчанка Яна Кароль атрымала запрашэнне на працу ў NASA і адправілася ў сонечную Каліфорнію. Бурліў і Валожын, таму што Яна, якой зараз 31 год, нарадзілася і вырасла ў нашым горадзе, дзе па сённяшні дзень жыве яе бацька А. Ф. Кароль.

Працаваць у Нацыянальным упраўленні па паветраплаванні і даследаванні касмічнай прасторы ЗША – само па сабе крута. І цяпер пра NASA ведаюць нават тыя, хто  ніколі пра такую арганізацыю не чуў ці не звяртаў увагу на гэту абрэвіятуру. 

Пасля заканчэння дзявятага класа гімназіі № 1 Валожына дзяўчына паступіла ў ліцэй БДУ ў матэматычны клас. Затым скончыла фізфак Белдзяржуніверсітэта і аспірантуры Лільскага ўніверсітэта навук і тэхналогій у Францыі і Інстытута фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Мае ступень кандыдата фізіка-матэматычных навук. Пачынала Яна з пасады малодшага навуковага супрацоўніка ў Акадэміі навук, апошняе месца працы – навуковы сакратар Інстытута фізікі НАН Беларусі.

Не ведаю, наколькі прэстыжная апошняя пасада і ці адпавядала яна амбіцыям, жаданням маладога вучонага. Чамусьці мяркую, што непасрэдна навуковай дзейнасці там не ставала. І ў пачатку бягучага года, як напісана на сайце, Я. Кароль паставіла сабе мэту – паступіць на працу ў NASA. У канцы лютага яна звязалася з NASA і стала рыхтаваць дакументы на конкурс. Была амаль упэўнена, што паспяхова пройдзе адбор, бо рэальна падыходзіла амерыканцам. Пачынаючы ад тэматыкі сваёй дысертацыі і заканчваючы кіраўніцкім вопытам. Наўрад ці дзяўчына забудзе калі-небудзь гэту дату: 22 верасня, калі атрымала ліст з ЗША. Менавіта з гэтага моманту пачынаецца новы адлік яе жыцця. Новая старонка ў біяграфіі. І няхай нехта сцвярджае, што высакосны год – нешчаслівы, Яна не пагодзіцца з гэтым меркаваннем.

У NASA наша зямлячка будзе займацца даследаваннем атмасферы з дапамогай бартавога спектрометра. Гэта значна адрозніваецца ад таго, чым займалася ў Мінску, але падобна на тое, чым займалася падчас вучобы ва ўніверсітэце Ліля. Тады Яна праходзіла практыку на Канарах, у горнай лабараторыі, дзе займалася дыстанцыйным зандзіраваннем атмасферы Зямлі.

Ці дастаткова аднаго толькі жадання, каб рэалізаваць сваю мару?! Наўрад ці, хаця доля шанцавання ў гэтым ёсць. Я ведаю Яну са школьных гадоў, сустракалася ў часы студэнцтва. Магу сказаць, што ў ёй заўсёды прысутнічаў здаровы авантурызм, яна заўсёды мела сваё меркаванне і свой погляд на многія праблемы. Напэўна, дзяўчына, якая выбірае фізічны факультэт, ужо сама па сабе адрозніваецца ад сябровак-гуманітарыяў складам характару, я б сказала, валявымі якасцямі. Зразумела, не абышлося без амбіцый. Але сёння амбіцыі ўласцівы многім маладым людзям, толькі не ўсе прыкладаюць сілы, каб нечага дасягнуць. Сустрэлася ў сацыяльных сетках з выказваннем пра “таранную сілу” дзяўчыны. Думаю, што выдатна, калі яна ёсць, але без работы  мозгу не дапаможа ніякая сіла.

Яна Кароль – адкрыты чалавек, яна ёсць ва ўсіх сацыяльных сетках, дзе шчыра дзеліцца ўжо сваімі першымі ўражаннямі ад Амерыкі, хаця не ўтойвае, што краіна яе мары – Іспанія. Набыўшы за гады вучобы новых сяброў у розных краінах свету, Яна захавала дружбу са школьнымі сяброўкамі Насцяй Косік і  Дашай Давідоўскай. У Мінску ў дзяўчыны засталіся маці і бабуля, яшчэ адна яе бабуля, якая сочыць за дасягненнямі ўнучкі, настаўніца пачатковых класаў некалішняй Узбалацкай базавай школы Галіна Сцяпанаўна Кароль, зараз жыве ў Гародзьках. Так што ў нашай краіне ў Яны засталіся людзі, якія яе любяць і чакаюць. Ёй ёсць куды вяртацца.

Кантракт з NASА заключаны пакуль што на год, і можа кожны год працягвацца. Давайце шчыра парадуемся за маладога вучонага і пажадаем ёй рэалізацыі планаў і пакарэння новых вяршынь.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий