Жывуць у гармонii з прыродай

Культура

Іх сядзіба нібы сама свядома запрашала завітаць сюды! Што мы з радасцю і зрабілі, будучы ў камандзіроўцы ў Брыльках у апошнія дні залатой восені.

Зайшлі  ў двор свабодна, бо вароты былі шырока распасцёрты. Аднак, на жаль, гаспадароў дома мы не засталі. У пошуках іх абышлі ўвесь прасторны падворак, зазірнулі за падсобныя будынкі. Але нідзе і нікога не аказалася.  Мімалётнае знаёмства з сядзібай не пакінула нас раўнадушнымі: рука міжволі пацягнулася да фотаапарата, каб зняць шматлікія прыгожыя куточкі. Строгую ўрачыстасць падворку надавалі прыгожыя пірамідальныя туі,  а таксама шматлікія дэкаратыўныя насаджэнні. За намі, як белы пушысты клубок, увязаўся сімпатычны сабачка пароды пекінес. Ён парадаваў нас сваім забаўным выглядам, як толькі мы ўвайшлі ў двор. Чатырохногі вартаўнік дома сонна адпачываў на зялёным газоне. Любуючыся і гэтым дэкаратыўным сабачкам і забаўляючыся з ім, мы тады нават і не падазравалі, што ў вальеры ля хлява жыве яшчэ адзін яго, вельмі грозны на выгляд, сабрат.

І вось нарэшце гаспадары завіталі дадому. Муж працуе ў вартавой ахове мясцовай воінскай часці, а жонка – у  КСУП «Пяршаі-2014». І першае, што зрабіў Сяргей Сульвестравіч, калі вярнуўся вечарам дадому, дык гэта выпусціў пагуляць з вальеры аўчарку – бернскага зененхунда. Калі мы яго ўбачылі, то дух заняло ад страху. Заўважыўшы наш спалох, здзіўлены гаспадар мякка супакоіў: «Яму яшчэ толькі годзік. Не бойцеся! Ён не ўкусіць!».

09-12-2016-9

Як пазней аказалася, сабакі – гэта страсць Косікаў. І муж і жонка аднолькава моцна гэтым захоплены. Таму, напэўна, у іх і не бывае рознагалосся: калі і каму выконваць розныя абавязкі па хатняй гаспадарцы. Найчасцей усё робяць дружна разам.

Гэты жылы дом Косікі набылі ў выніку абмену жылля. Сюды перабраліся з  Сакаўшчыны гадоў пятнаццаць таму. З таго часу штогод не стамляюцца рабіць сваю прастору прыгожай, эстэтычнай.

У васямнаццацігадовым узросце Сяргей і Анжэла стварылі сям’ю. Услед за любімым мужам-салдатам закаханая Анжэла паехала тады «служыць» у далёкі Казахстан. Там нарадзілася дачка Насця. А затым шчаслівыя бацькі радаваліся з’яўленню на свет Наташы. Час хуткацечны. Сёння ў Косікаў-старэйшых ужо падрастаюць унукі Ілья і Ульяна. Рады, цесць і цешча, што займелі і добрых зяцёў Дзмітрыя Сярэдзіча і  Дзмітрыя Грыцкевіча.  Хоць жывуць маладыя нашчадкі асобна, але пры магчымасці любяць бываць у вёсцы ў бацькоў. Тут пануе асаблівая аўра, тут адпачываеш душой. Ды і для ўнукаў уцехай з’яўляецца магчымасць пазабаўляцца з сабачкамі.

Элітныя чатырохногія гадаванцы каштуюць нятанна. У капеечку абыходзіцца і іх ветэрынарнае абслугоўванне. Не прамінаюць гаспадары, калі ёсць такая магчымасць, каб прадставіць сваіх гадаванцаў на спецыялізаваных выставах у Мінску, Літве.

09-12-2016-10

Безумоўна, калі чалавек жыве ў вёсцы, то ён цэніць багацце прыроды, адчувае прыцяжэнне роднай зямлі, якая адорвае людзей шматлікімі дарамі. Ды і жывёльны свет, у тым ліку любімыя сабакі, – важнае звяно ў гэтай гармоніі.

У горадзе Валожыне жыве маці Сяргея Сульвестравіча, вядома, ён з сям’ёй  таксама мог бы перабрацца ў райцэнтр. Але пакуль такога жадання не ўзнікала. Цяпло дому, дзе выраслі любімыя дочкі, дзе ўтульнасць створана ўласнымі рукамі, так многа значыць для гэтых людзей.

Летась Косікі адзначылі 30-годдзе сумеснага жыцця. На свой лёс не наракаюць. Наадварот, яму ўдзячны за ўсё. На жыццёвым календары кожнага – амаль паўвека. Таму мудрасці карані ўжо таксама досыць моцныя: горад свядома прамянялі на вёску і задаволены гэтым выбарам.

 Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара

 

 



Добавить комментарий