Альтэрнатыва для траiх…

Общество

З 1 ліпеня грамадзяне Беларусі атрымалі магчымасць практычнай рэалізацыі права на замену вайсковай службы альтэрнатыўнай па рэлігійных перакананнях.

А вось месца, дзе будзе праходзіць гэта служба, вызначае Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. На канферэнцыі абмяркоўвалася, дзе і як будуць служыць альтэрнатыўшчыкі. Вызначыліся і з арганізацыямі, якія прадаставяць магчымасць гэта зрабіць. У цэлым па рэспубліцы 42 такія ўстановы, з іх 3 – у нашым раёне: гэта цэнтральная раённая бальніца, Ракаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат і лясгас. У кожнай з названых ствараецца па адным працоўным месцы менавіта пад патрэбы праходжання альтэрнатыўнай службы.

Пералік відаў дзейнасці для грамадзян, якія праходзяць альтэрнатыўную службу, даволі шырокі: ахова здароўя, сацыяльная сфера, жыллёва-камунальная, сельская і лясная гаспадаркі, а таксама арганізацыі, што займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторый, будаўніцтвам і рамонтам дарог і чыгуначных пуцей. Усяго 84 пункты. Альтэрнатыўная служба фінансуецца са сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў. Маюцца на ўвазе выдаткі на выплату штомесячнага грашовага ўтрымання, аплату праезду да месца службы і назад, расходы, звязаныя з аплатай за карыстанне памяшканнямі, аплату жыллёва-камунальных паслуг, выраб бланкаў дакументаў аб праходжанні альтэрнатыўнай службы. Час выканання абавязкаў альтэрнатыўнай службы не павінен перавышаць 48 гадзін у тыдзень.

Альтэрнатыўшчыкі вызваляюцца ад платы за карыстанне прадастаўленым ім на перыяд праходжання альтэрнатыўнай службы памяшканнем і за жыллёва-камунальныя паслугі. Альтэрнатыўная служба залічваецца ў стаж працы – аналагічны падыход прымяняецца і да салдат тэрміновай службы.

Звольненым з альтэрнатыўнай службы гарантуецца прадастаўленне першага працоўнага месца. А за тымі, хто працаваў да накіравання на альтэрнатыўную службу ў дзяржаўных арганізацыях, захоўваецца права паступлення на працу да таго ж наймальніка на раўнацэнную пасаду. Тым, хто прыняты на ранейшае месца працы, выплацяць аднаразовую матэрыяльную дапамогу ў памеры не менш за адну мінімальную заработную плату. Ёсць і іншыя прэферэнцыі.

Даведка:

Альтэрнатыўшчык па сваім прававым статусе набліжаны (наколькі гэта магчыма) да салдата тэрміновай службы. Праўда, грамадзянін павінен не толькі заявіць пра сваё жаданне праходзіць альтэрнатыўную службу, але і абгрунтаваць яго. Альтэрнатыўная служба – гэта грамадска-карысная дзейнасць. Яе тэрмін для тых, хто не мае вышэйшай адукацыі, складзе 36 месяцаў, для людзей з вышэйшай адукацыяй – 24 месяцы.

Леанід САДОЎСКІ,

начальнік упраўлення

па працы, занятасці

і сацыяльнай абароне райвыканкама

 



Добавить комментарий